Людзі і справы

Прыціснула: беларускамоўны бізнесовец «Юрась» зачыняе краму, што працавала 20 год

Паспяховы бізнес беларускамоўнага гродзенца згортваецца праз 20 год існавання. Яго крама будаўнічых матэрыялаў «Юрась» на Паўднёвым рынку зачыняецца. Прадпрымальнік Юрась Галянеўскі назваў тры галоўныя прычыны закрыцця, узгадаў «лепшыя часы» і распавёў, як яму ў бізнесе дапамагае беларуская мова і вера.

Найбольш прыціснула ў апошнія паўгода

Юрыю 55 год. Ён родам з-пад Шчучына, жыве ў Гродне. Фірма «Юрась» дзейнічае з 1997 года. Адна яго крама на вуліцы Каліноўскага зачынілася яшчэ ў 2015. Другую, на Паўднёвым рынку, зачыняюць толькі цяпер. Яна за гады працы заслужыла добрае імя. Аднак цяпер справу чакае перазагрузка.

Гаспадар — абаяльны жылісты мужчына — сустракае на ганку павільёна. Унутры амаль пустыя паліцы. Засталіся фарбы, плінтусы, трубы. Паўсюль налепкі пра памер зніжкі.

Спадар Юрась прапануе каву і час ад часу выходзіць пасярод размовы да пакупнікоў. Абслугоўвае сам. Двух працаўнікоў давялося звольніць — няма чым плаціць заробкі. Нягледзячы на няпросты перыяд, ён увесь час жартуе: пра забабоны не вітацца праз парог або платны ўваход у краму.

— Сумна зачыняцца. Але ёсць аптымізм, што чакаюць перамены. Калегі падказваюць, як лепей зрабіць далей. Будзем трымацца, — усміхаецца ўласнік.

Думкі зачыняцца з’явіліся яшчэ ў 2014 годзе. Найбольш моцна прыціснула ў апошнія паўгода. Спадзяваліся закрыць краму праз месяц, аднак не паспелі і за два.

Закрыць краму — таксама каштуе грошай

Цяпер распрадаюць тавар са зніжкай 50%. Большую частку матэрыялаў пагадзіліся прыняць назад пастаўшчыкі з Мінска. Выставілі на продаж павільён.

— Я год прадаваў павільён і не прадаў. Цяпер здаю яго ў арэнду. Прыбытку з гэтага не маю, выходжу ў нуль, — далучаецца да размовы прадпрымальнік Аляксандр.

— Разабраць павільён каштуе грошай. А пасля яго няма куды падзець, бо займае шмат месца. Гэта проста як зарыць грошы ў зямлю, — кажа бухгалтарка фірмы Наталля.

Падлічыць, колькі трэба грошаў, каб закрыць краму, цяжка. Вялізныя сумы.

— Грошы, накопленыя непасільнай працай, вылятаюць са скарбонкі, як вецер. Адчыніць справу вельмі проста. А пасля ты бярэш крэдыты, інфляцыя ўсё з’дае. Усяго не падлічыш. Калі б я абыйшоўся цяпер у 5000 долараў, скакаў бы ад шчасця вышэй за гэтыя дрэвы. Кожны месяц заставацца на рынку — вельмі стратна, — кажа Юрась.

Выціскаюць буйныя гульцы, віртуальныя крамы і пустыя кішэні

Бізнесовец бачыць тры галоўныя прычыны заняпаду.

Першая — прыход на рынак буйных будаўнічых рытэйлараў, а таксама развіццё інтэрнэт-рэсурсаў.

— Пакуль тоўсты пахудзее, худы памрэ. Ніхто цяпер не мае шмат кліентаў. Проста буйныя крамы болей пратрымаюцца на плаву. А пасля, магчыма, будуць здаваць плошчы ў арэнду, — кажа Юрый.

На думку прадпрымальніка, інтэрнэт-крамы ў больш выйгрышнай сітуацыі. Розніца губляе прывабнасць. Чалавек паглядзіць тавар і кошт у інтэрнэце, яму прывязуць усё дадому. Ён ужо лянуецца ехаць у краму.

— Змяняецца фармацыя адносін да бізнесу. У 90-х было: прадаў-купіў, прадаў-купіў. Цяпер некаторыя, каб застацца на рынку, прапануюць паслугі дадаткова да тавару: паклеіць шпалеры, патынкаваць, усталяваць вокны.

Другая прычына — насельніцтва пабяднела.

— Адчувальна ўпалі выручкі. У разы. У беларускіх рублях яны ніжэйшыя, чым у 2013 годзе. Напрыклад, дзённая выручка тады магла быць недзе 7 млн рублёў, а сёння 100 рублёў, — тлумачыць бухгалтарка.

З другой прычыны выцякае трэцяя — сталі непад’ёмнымі ўсе плацяжы. Асабліва арэнда зямлі, якая цяпер складае 70% ад усіх заробленых грошаў.

— Я прыйшла сюды ў 2013 годзе, — кажа Наталля. — Быў добры прыбытак. Давалі рады, каб плаціць за ўсе выдаткі: заробкі працаўнікам, арэнду. Маглі сабе дазволіць рэкламу ў некалькіх выданнях. Пасля перасталі радзіць з плацяжамі. Пачалі адмаўляцца ад рэкламы.

На пачатку года прадпрымальнікі збіралі подпісы і звярталіся ў гарвыканкам, каб панізілі кошт за арэнду на 50%. Іх пачулі і ўлетку знізілі, праўда, толькі на 14%.

Цяпер, да прыкладу, «Юрась» плаціць за арэнду 700 рублёў на месяц. Нават, калі крама зачыніцца, на арэнду трэба будзе выдаткаваць грошы, пакуль павільён займае ўчастак.

На думку Юрыя, гэтую суму варта панізіць мінімум ў два разы, каб яна стала прымальнай.

«На якой мове ты размаўляеш, не так прынцыпова»

Крама была вядомая ў тым ліку і дзякуючы беларускамоўнай назве і беларускамоўнаму гаспадару. Заходзілі «свае» кліенты адмыслова, каб пагутарыць або паслухаць родную мову. Пакупнікі, пачуўшы беларускую гаворку, часта самі пераходзілі на мову суразмоўцы. Праўда, да прадаўцоў такога патрабавання не было.

— Неяк прыехала беларуска, эміграваўшая ў Расію. Яна мне: «Здравствуйте». Я ёй: «Прывітанне». Яна раззлавалася, хацела сысці. Я яе завёў у кабінет, пачаставаў кавай, пагаварылі. Дык пагадзіліся. Пасля зноў да нас прыходзіла. На якой мове ты размаўляеш, не так прынцыпова. Галоўнае, каб агрэсіі не было ад нас, беларусаў, — упэўнены Юрый.

Ён свядома перайшоў на беларускую мову ў 1995 годзе. Хаця ўжо з маленства ад маці рэдка чуў слова па-руску.

— Я і цяпер не зусім добра размаўляю. А тады нашмат горш было. Газету якую возьмеш, пачытаеш, вывучыш два-тры новых словы. Калі мяне пачуюць па-руску, то ўжо заўвагі робяць: «А чаго ты так?». Адна дзяўчына ў мяне запыталася: «А вы заўсёды па-беларуску размаўляеце?». А я, доўга не думаючы, адказаў: «Нават у ложку». Усе давай рагатаць.

«У 90-х мы марылі пра заробкі па 500 долараў і спакойна спаць»

Самы прыбытковы перыяд, па ўспамінах суразмоўцы, доўжыўся з 2002 па 2008 год. Але ён заўсёды ставіўся да сітуацыі на рынку з насцярогай. Усе 20 год, на яго думку, рынак перажываў крызіс.

— Наш былы шэф казаў: «Хлопцы, не імкніцеся зарабіць грошаў. Працаваць трэба так, каб і дзяржава за грудзі не моцна трэсла, і каб сям’ёй мог займацца, і спаць спакойна. Памятаю, як у 90-х мы марылі пра заробкі па 500 долараў і спакойна спаць, — усміхаецца гаспадар. — Тады дзяржава цябе трэсла, бандыты трэслі. Калі ранкам ты не памяняў грошы на валюту, то згубіў 30% заробку.

«Іспыты даюцца — супер! Дзякуй Пану Богу»

На пытанне пра лепшыя часы, спадар Юрась адказвае нечакана:

— Калі быў малады, тады былі і лепшыя часы. Лёгкіх перыядаў не было. Але кожны час — лепшы падарунак Пана Бога. Цяпер таксама добры час. Нас чакаюць перамены, перазагрузка, новая фармацыя. Усё ў нас будзе добра, — прадпрымальнік прымружвае вочы і абяцае расказаць пра планы пазней, як іх зрэалізуе.

Мужчына прызнаецца, што вера дапагае яму прымаць сітуацыю:

— Не ведаю, ці шчыры, але католік. Чалавек без веры нішто. Гэта стрыжань, апірышча. Тое, што даецца, трэба з удзячнасцю прымаць. Іспыты даюцца — супер. Дзякуй Пану Богу.

Мовай лічбаў

Як паведаміў старшыня савета прадпрымальнікаў Паўднёвага рынка Андрэй Шасцерыкоў, па дадзеных на 2016 год на рынку працавала каля 1830 прадпрымальнікаў. За год з рынка сышлі і разарвалі дамову з ЗАТ «Гродноторгсервис» 136 ІП, вывезлі 122 гандлёвыя боксы. Дадзеных за 2017 год пакуль няма.

Падзяліцца
Меткі: бізнесмова

Апошнія запісы

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024