Паспяховы бізнес беларускамоўнага гродзенца згортваецца праз 20 год існавання. Яго крама будаўнічых матэрыялаў «Юрась» на Паўднёвым рынку зачыняецца. Прадпрымальнік Юрась Галянеўскі назваў тры галоўныя прычыны закрыцця, узгадаў «лепшыя часы» і распавёў, як яму ў бізнесе дапамагае беларуская мова і вера.
Найбольш прыціснула ў апошнія паўгода
Юрыю 55 год. Ён родам з-пад Шчучына, жыве ў Гродне. Фірма «Юрась» дзейнічае з 1997 года. Адна яго крама на вуліцы Каліноўскага зачынілася яшчэ ў 2015. Другую, на Паўднёвым рынку, зачыняюць толькі цяпер. Яна за гады працы заслужыла добрае імя. Аднак цяпер справу чакае перазагрузка.
Гаспадар — абаяльны жылісты мужчына — сустракае на ганку павільёна. Унутры амаль пустыя паліцы. Засталіся фарбы, плінтусы, трубы. Паўсюль налепкі пра памер зніжкі.
Спадар Юрась прапануе каву і час ад часу выходзіць пасярод размовы да пакупнікоў. Абслугоўвае сам. Двух працаўнікоў давялося звольніць — няма чым плаціць заробкі. Нягледзячы на няпросты перыяд, ён увесь час жартуе: пра забабоны не вітацца праз парог або платны ўваход у краму.
— Сумна зачыняцца. Але ёсць аптымізм, што чакаюць перамены. Калегі падказваюць, як лепей зрабіць далей. Будзем трымацца, — усміхаецца ўласнік.
Думкі зачыняцца з’явіліся яшчэ ў 2014 годзе. Найбольш моцна прыціснула ў апошнія паўгода. Спадзяваліся закрыць краму праз месяц, аднак не паспелі і за два.
Закрыць краму — таксама каштуе грошай
Цяпер распрадаюць тавар са зніжкай 50%. Большую частку матэрыялаў пагадзіліся прыняць назад пастаўшчыкі з Мінска. Выставілі на продаж павільён.
— Я год прадаваў павільён і не прадаў. Цяпер здаю яго ў арэнду. Прыбытку з гэтага не маю, выходжу ў нуль, — далучаецца да размовы прадпрымальнік Аляксандр.
— Разабраць павільён каштуе грошай. А пасля яго няма куды падзець, бо займае шмат месца. Гэта проста як зарыць грошы ў зямлю, — кажа бухгалтарка фірмы Наталля.
Падлічыць, колькі трэба грошаў, каб закрыць краму, цяжка. Вялізныя сумы.
— Грошы, накопленыя непасільнай працай, вылятаюць са скарбонкі, як вецер. Адчыніць справу вельмі проста. А пасля ты бярэш крэдыты, інфляцыя ўсё з’дае. Усяго не падлічыш. Калі б я абыйшоўся цяпер у 5000 долараў, скакаў бы ад шчасця вышэй за гэтыя дрэвы. Кожны месяц заставацца на рынку — вельмі стратна, — кажа Юрась.
Выціскаюць буйныя гульцы, віртуальныя крамы і пустыя кішэні
Бізнесовец бачыць тры галоўныя прычыны заняпаду.
Першая — прыход на рынак буйных будаўнічых рытэйлараў, а таксама развіццё інтэрнэт-рэсурсаў.
— Пакуль тоўсты пахудзее, худы памрэ. Ніхто цяпер не мае шмат кліентаў. Проста буйныя крамы болей пратрымаюцца на плаву. А пасля, магчыма, будуць здаваць плошчы ў арэнду, — кажа Юрый.
На думку прадпрымальніка, інтэрнэт-крамы ў больш выйгрышнай сітуацыі. Розніца губляе прывабнасць. Чалавек паглядзіць тавар і кошт у інтэрнэце, яму прывязуць усё дадому. Ён ужо лянуецца ехаць у краму.
— Змяняецца фармацыя адносін да бізнесу. У 90-х было: прадаў-купіў, прадаў-купіў. Цяпер некаторыя, каб застацца на рынку, прапануюць паслугі дадаткова да тавару: паклеіць шпалеры, патынкаваць, усталяваць вокны.
Другая прычына — насельніцтва пабяднела.
— Адчувальна ўпалі выручкі. У разы. У беларускіх рублях яны ніжэйшыя, чым у 2013 годзе. Напрыклад, дзённая выручка тады магла быць недзе 7 млн рублёў, а сёння 100 рублёў, — тлумачыць бухгалтарка.
З другой прычыны выцякае трэцяя — сталі непад’ёмнымі ўсе плацяжы. Асабліва арэнда зямлі, якая цяпер складае 70% ад усіх заробленых грошаў.
— Я прыйшла сюды ў 2013 годзе, — кажа Наталля. — Быў добры прыбытак. Давалі рады, каб плаціць за ўсе выдаткі: заробкі працаўнікам, арэнду. Маглі сабе дазволіць рэкламу ў некалькіх выданнях. Пасля перасталі радзіць з плацяжамі. Пачалі адмаўляцца ад рэкламы.
На пачатку года прадпрымальнікі збіралі подпісы і звярталіся ў гарвыканкам, каб панізілі кошт за арэнду на 50%. Іх пачулі і ўлетку знізілі, праўда, толькі на 14%.
Цяпер, да прыкладу, «Юрась» плаціць за арэнду 700 рублёў на месяц. Нават, калі крама зачыніцца, на арэнду трэба будзе выдаткаваць грошы, пакуль павільён займае ўчастак.
На думку Юрыя, гэтую суму варта панізіць мінімум ў два разы, каб яна стала прымальнай.
«На якой мове ты размаўляеш, не так прынцыпова»
Крама была вядомая ў тым ліку і дзякуючы беларускамоўнай назве і беларускамоўнаму гаспадару. Заходзілі «свае» кліенты адмыслова, каб пагутарыць або паслухаць родную мову. Пакупнікі, пачуўшы беларускую гаворку, часта самі пераходзілі на мову суразмоўцы. Праўда, да прадаўцоў такога патрабавання не было.
— Неяк прыехала беларуска, эміграваўшая ў Расію. Яна мне: «Здравствуйте». Я ёй: «Прывітанне». Яна раззлавалася, хацела сысці. Я яе завёў у кабінет, пачаставаў кавай, пагаварылі. Дык пагадзіліся. Пасля зноў да нас прыходзіла. На якой мове ты размаўляеш, не так прынцыпова. Галоўнае, каб агрэсіі не было ад нас, беларусаў, — упэўнены Юрый.
Ён свядома перайшоў на беларускую мову ў 1995 годзе. Хаця ўжо з маленства ад маці рэдка чуў слова па-руску.
— Я і цяпер не зусім добра размаўляю. А тады нашмат горш было. Газету якую возьмеш, пачытаеш, вывучыш два-тры новых словы. Калі мяне пачуюць па-руску, то ўжо заўвагі робяць: «А чаго ты так?». Адна дзяўчына ў мяне запыталася: «А вы заўсёды па-беларуску размаўляеце?». А я, доўга не думаючы, адказаў: «Нават у ложку». Усе давай рагатаць.
«У 90-х мы марылі пра заробкі па 500 долараў і спакойна спаць»
Самы прыбытковы перыяд, па ўспамінах суразмоўцы, доўжыўся з 2002 па 2008 год. Але ён заўсёды ставіўся да сітуацыі на рынку з насцярогай. Усе 20 год, на яго думку, рынак перажываў крызіс.
— Наш былы шэф казаў: «Хлопцы, не імкніцеся зарабіць грошаў. Працаваць трэба так, каб і дзяржава за грудзі не моцна трэсла, і каб сям’ёй мог займацца, і спаць спакойна. Памятаю, як у 90-х мы марылі пра заробкі па 500 долараў і спакойна спаць, — усміхаецца гаспадар. — Тады дзяржава цябе трэсла, бандыты трэслі. Калі ранкам ты не памяняў грошы на валюту, то згубіў 30% заробку.
«Іспыты даюцца — супер! Дзякуй Пану Богу»
На пытанне пра лепшыя часы, спадар Юрась адказвае нечакана:
— Калі быў малады, тады былі і лепшыя часы. Лёгкіх перыядаў не было. Але кожны час — лепшы падарунак Пана Бога. Цяпер таксама добры час. Нас чакаюць перамены, перазагрузка, новая фармацыя. Усё ў нас будзе добра, — прадпрымальнік прымружвае вочы і абяцае расказаць пра планы пазней, як іх зрэалізуе.
Мужчына прызнаецца, што вера дапагае яму прымаць сітуацыю:
— Не ведаю, ці шчыры, але католік. Чалавек без веры нішто. Гэта стрыжань, апірышча. Тое, што даецца, трэба з удзячнасцю прымаць. Іспыты даюцца — супер. Дзякуй Пану Богу.
Мовай лічбаў
Як паведаміў старшыня савета прадпрымальнікаў Паўднёвага рынка Андрэй Шасцерыкоў, па дадзеных на 2016 год на рынку працавала каля 1830 прадпрымальнікаў. За год з рынка сышлі і разарвалі дамову з ЗАТ «Гродноторгсервис» 136 ІП, вывезлі 122 гандлёвыя боксы. Дадзеных за 2017 год пакуль няма.