VI Біг-Міні-Фестываль вулічных мастацтваў стаў міжнародным і прыцягнуў удзельнікаў з Украіны, Расіі, Літвы і Польшчы. Яны пераадолелі да 2000 кіламетраў, каб патрапіць у Гродна. Сярод іх — жывыя статуі, вулічныя тэатры і фаершчыкі. З Hrodna.life яны падзяліліся ўражаннямі пра фэст і горад.
[irp posts="29 124″ name="Жывыя статуі, танцы і фудкорт. У Гродне праходзіць VI міжнародны Біг-Міні-Фестываль вулічных мастацтваў"]
Paranorma Street Theater (Краснадар, Расія)
— Цудоўна быць у новым месцы, новым горадзе, новай краіне. І адчуваць і ўзаемадзейнічаць з людзьмі, якіх бы не ўбачыў, калі б не такія мерапрыемствы. Гэта заўсёды развіццё і новы вопыт. Пасля кожнага вялікага праекта ў Paranorma з’яўляецца новы ўзровень і новае дыханне.
Нам ёсць з чым параўнаць, але параўнанне не мае сэнсу. Няма крытэрыяў, па якім можна параўноўваць. Я тут адчуваю сябе вельмі шчаслівай, і мне тут вельмі добра. Мы выступалі ў Маскве, Пярмі, Сочы, аб’ехалі палову Краснадарскага і Стаўрапольскага краю і паўсюль пакінулі свой след.
Маленькія, двух-трохпавярховыя старыя дамы, брукаваныя вуліцы, пастаяннае свята ў кожнай цаглінцы. Я бачыла раней такое толькі ў фільмах, і раптам ты — частка гэтага. І ты бачыш шчаслівыя вочы людзей, чуеш, як табе апладзіруюць, да цябе пазней падходзяць і кажуць «як здорава». Ты не верыш свайму шчасцю. Гэта такое чараўніцтва, якое запамінаецца на ўсё жыццё. Дзеля гэтага і варта ездзіць на падобныя мерапрыемствы. Заўсёды цікава паглядзець на людзей, якія займаюцца падобным. Толькі на такіх сустрэчах можна ацаніць адзін аднаго і абмяняцца вопытам.
Глыбінны сэнс нашага дзеяння — мы ўсё людзі, мы адзіныя. Нягледзячы на тое, чым мы займаемся і чым жывем, мы аб’яднаныя ніткамі флюідаў. Напрыканцы спектаклю мы абразаем ніткі і дарым іх чалавеку, паказваючы, што сувязь паміж намі застаецца, нягледзячы на тое, бачымся мы ці не, далёка мы ці блізка. Аб чым мы не думалі, сувязь паміж намі была, ёсць і будзе.
Тэатр СоЛу (Санкт-Пецярбург, Расія)
Тэатр «СоЛу» прывез карнавал, сонца і месяц, ды пазітыўныя эмоцыі. Ён прыехаў маленькім фарматам і паказаў інтэрактыўную праграму. Пра Гродна адзін з удзельнікаў, Артур, кажа, што тут вельмі прыгожа і «Еўропа-Еўропа».
— Зараз наш калектыў разбіты на дзве часткі і знаходзіцца на двух розных фестывалях. Калі мы даведаліся, што тут праходзіць, вырашылі прыехаць і адарвалі частку калектыву, каб прыехаць да вас. Ёсць адна рыса, якой я не бачыў больш нідзе: вялікая насычаная музычная праграма, якая ідзе паралельна іншым дзеянням. Гэта добра для візуальнага мастацтва.
— У вас сонечна і 15 кіламетраў да Польшчы, — усміхаецца Артур. — Мы яшчэ заедзем у Мінск, а таксама паглядзім вашы палацы і замкі.
Вулічны тэатр «Барселона» (Тальяці, Расія)
Надзея кажа, што ў выступах жывых статуй усё сканцэнтравана на энергіі артыста. Трэба не проста стаяць, як мэбля, а радаваць гледачоў і захоўваць унутранае святло.
— Мы сябруем з арганізатамі фестываля вельмі даўно. Нарэшце ў нас атрымалася адразу пасля іншага фестывалю прыехаць да вас. Трэба адзначыць вельмі добры ўзровень арганізацыі. Тое, што арганізатары зрабілі за шэсць гадоў, — цудоўна. Адчуваецца ўзровень фестывалю і ён не ніжэйшы за іншыя гарады.
Горад спадабаўся. Бачна, што ён старажытны і адначасова адрэстаўраваны, чысценькі - супер. Мы прыехалі і здзівіліся, наколькі ўсё сучасна і прыгожа зроблена.
Міхаіл Карпацкі (Ужгарад, Украіна)
Пра фестываль мне расказаў мой сябар — Уладзімір Была. Ён і прапанаваў паехаць у Беларусь. Да гэтага я з Украіны не выязджаў за мяжу. Фестываль вельмі круты. Мне спадабалася, што тут не толькі фаершоў, а і другія вулічныя артысты: хадулісты, аніматары, акторы. Вогненная сцэна вельмі крутая была, і артысты крутыя.
Гродна вельмі класны і чымсьці падобны да Ужгарада: архітэктурай і нават атмасферай. Ён такі ж спакойны, у ім маленькія невялікія вулачкі. Круты горад. Я адчуў сябе амаль як дома.
Уладзімір Была (Львоў, Украіна)
Фаершчыкі - гэта вельмі цесная супольнасць. Я быў на фестывалі ў Брэсце, Гомелі. І агульныя сябры, якія ў мінулым годзе ездзілі да вас на фестываль, парэкамендавалі падаць заяўку.
Узровень фестывалю добры. Адзіны мінус — на траве было слізка выступаць. А ўсё астатняе на вельмі высокім узроўні: адносіны да артыстаў, якасць паліва, якасць гуку. Усё, што патрэбна, падалі.
Гродна — цудоўны горад. У тут упершыню. Я быў шмат разоў у Брэсце, Мінску, Гомелі. І мне заўсёды казалі, што Гродна — самы прыгожы горад Беларусі. Цяпер я з гэтым згодны. Я сам з Львова, і знайшоў у нас шмат агульнай архітэктуры. Горад спадабаўся. Думаю, у наступным годзе я таксама прыеду.
Тэатр «Teatr 6 i Pół» (Грыфіна, Польшча)
«Teatr 6 i Pól» паказаў спектакль «Легенды», які раскрывае пяць міфаў польскага мястэчка. У кожным спектаклі прысутнічала тэма кахання і забойства. Спектакль «Легенды» зроблены ў форме site specific theatre. Гэта така форма тэатру, пры якой гісторыя «перакладаецца» на мову тэатру.
Кшыштаф Гмітэр, рэжысёр тэатру:
Мы пазнаёміліся з арганізатаркай фестывалю Анастасіяй Роўбай у 2011 годзе на праекце, дзе я даваў майстар-клас. І сёлета нас запрасілі на фестываль. Я вельмі люблю і цаню падобныя фестывалі, калі горад проста жыве. Учора, пачынаючы ад сцэны і да парку цэлая вуліца была жывой. Там можна было спаткаць шмат артыстаў.
Лічу, што фестываль мог атрымаць больш падтрымкі - тэхнічнай, арганізацыйнай — ад гарадской улады. Многія людзі сёння не ходзяць у тэатр. Мне здаецца, важна, каб улады горада давалі грошы на такія фестывалі. Дзякуючы гэтаму людзі могуць убачыць трошкі культуры, трошкі таэтру на вуліцах. Гэта вельмі важна.
Гродна — вельмі прыгожы горад. Мы ўчора вечарам хадзілі на яго вуліцах. Прыгожыя будынкі - гэта ўражвае. Канешне, калі ўваходзіш у сам будынак, то там трошкі інакш. Цэнтр выглядае прыгожа: горад дагледжаны, паркі добра зробленыя, у горадзе вельмі чыста. Гэта робіць уражанне, быццам чалавек знаходзіцца ў еўрапейскім горадзе, у Рыме ці Барселоне.