3 сакавіка прафесар кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (ГрДУ) і доктар педагагічных навук Аляксандр Мурашоў даведаўся, што яму не працягнуць кантракт — ён не прайшоў агульнаўніверсітэцкі конкурс. Мурашоў мяркуе, што непрацягненне звязана з адкрытым лістом прэзідэнту, які прафесар напісаў у жніўні.
У сакавіку 2021 году ў Аляксандра Мурашова мінаў пяцігадовы працоўны кантракт. Для аднаўлення кантракту выкладчыкі праходзяць агульнаўніверсітэцкі конкурс на замяшчэнне вакантных пасад на кафедры. Прафесара выбірае Савет універсітэта. Туды ўваходзяць кіраўнікі структурных падраздзяленняў, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама органаў улады, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.
Аляксандр Мурашоў - прафесар кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктар педагагічных навук, кандыдат філалагічных навук. Выкладае дысцыпліны «Рыторыка», «Культура маўлення», «Літаратурнае рэдагаванне», «Культура маўлення радыёвядучага», «Эстэтыка слоўнаф творчасці», «Літаратурная крытыка».
У пачатку 2000-х ён быў прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага абласнога ўніверсітэта і прыязджаў у Гродна чытаць лекцыі ў якасці запрошанага прафесара. У 2008 годзе атрымаў запрашэнне ў штат ГрДУ і пераехаў у Гродна. У 2017 годзе выкладаў у цэнтры камунікатыўных тэхналогій «Паспяховая камунікацыя». Да 2018 года працаваў таксама ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Прафесар падаў заяву на конкурс, а 8 лютага прадстаўнік кіраўніцтва ўніверсітэта прапанаваў Аляксандру яго забраць. Матывавалі гэта тым, што «такі ліст не забудзе ніхто». Хто менавіта папрасіў, прафесар не раскрывае Hrodna.life.
8 жніўня 2020 года Аляксандр выклаў у Facebook і «Жывы часопіс» адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. Сярод іншага ён згадаў у лісце сістэматычныя парушэнні правоў і свабод грамадзян, ліквідацыю нацыянальнай апазіцыі і адсутнасць нацыянальнай эканомікі.
Па вопыце Аляксандра, звычайна ў такім конкурсе ўдзельнічае адзін выкладчык. Гэтым разам з’явілася другая заява — ад Тадэвуша Кручкоўскага, прафесара кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі ГрДУ, доктара гістарычных навук.
Гісторык Тадэвуш Кручкоўскі вучыўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы, аспірантуру скончыў у Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі Расійскай Акадэміі Навук, у 2000−2005 гадах быў старшынёй Саюза палякаў Беларусі (СПБ). Яго абвінавачвалі ў злоўжыванні службовым становішчам і сэксуальных дамаганнях.
Менавіта Тадэвуша Кручкоўскага 3 сакавіка на Савеце ўніверсітэта абралі на пасаду прафесара кафедры журналістыкі. «Дэкан (гэтую пасаду займае Віктар Белазаровіч — Hrodna.life) сказаў, што кафедра журналістыкі залішне шмат займаецца рыторыкай, філалогіяй, а займацца павінна грамадска-палітычнымі навукамі», — перадаў размову Аляксандр Мурашоў. «Думаю, у кафедры журналістыкі цудоўныя перспектывы», — з'іранізаваў прафесар.
Аляксандр успамінае, што 12 гадоў таму прыехаў у Гродна як прыхільнік Лукашэнкі і быў яму ўдзячны за захаванне нацыі, рускай мовы, прамысловага патэнцыялу і «дабрабыт» беларусаў. За гэтыя гады меркаванне прафесара змянілася. «Я проста бачыў, што Беларусь здольная на большае, здольная жыць невымерна лепш, чым яна жыве сёння. І, нарэшце, беларусы проста заслугоўваюць лепшай долі - долі еўрапейскага народа. Вось таму я адважыўся гэта пісаць», — тлумачыць выкладчык свой адкрыты ліст.
Пасля публікацыі ліста, паводле слоў Аляксандра, ён паўгода не адчуваў ціску на працы. У яго не было дысцыплінарных спагнанняў. У рэйтынгу выкладчыкаў, які ўключае ў тым ліку цытаванасць навуковых прац і меркаванне студэнтаў, у яго ацэнка «В», дзе вышэйшая — «А». Напярэдадні Савета ўніверсітэта Аляксандр наведаў камісію па кадрах. «На гэтай кадравай камісіі мне былі выказаны цалкам канкрэтныя абвінавачванні, а менавіта — што ў мяне няма абараніўшыхся аспірантаў, што я не стварыў навуковай школы, а самае галоўнае — не планую выхоўваць у студэнтах патрыятызм», — перадаў Аляксандр.
Падчас размовы кожныя некалькі хвілін у выкладчыка званіў тэлефон — яму тэлефанавалі пакуль яшчэ дзеючыя калегі і блізкія са словамі падтрымкі. «Калегі - гэта выдатныя людзі, і ўсё ж, у першую чаргу тое, пра што я шкадую (пасля звальнення — Hrodna.life) — гэта студэнты», — кажа выкладчык. Аляксандр адзначае, што ніколі не гаварыў са студэнтамі пра палітыку.
— Студэнтам я казаў адно: вы павінны атрымаць дыплом. Мы павінны зрабіць усё, каб вы іх атрымалі. Пра палітыку я з імі не размаўляў, размаўляў выключна па навучальных праграмах і даваў тую інфармацыю, якая гэтымі праграмамі прадугледжваецца. <…> Што тычыцца размоў пра патрыятызм, на мой погляд, нашы хлопцы досыць дарослыя людзі, каб мы не вялі ўсе гэтыя размовы.
Некаторыя былыя студэнты Аляксандра Мурашова сышлі працаваць у прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама. «Кожны выбірае сваю дарогу сам. Я больш чым упэўнены, што сумленны чалавек на любой службе застанецца сумленным чалавекам», — сказаў прафесар.
Кантракт у выкладчыка заканчваецца 25 сакавіка. Ён не выключае, што прыйдзецца сысці з працы раней. «Апошні месяц, калі я ведаў пра конкурс і меркаваў аб яго правальных выніках, я працаваў на такім нервовым узводзе, што, думаю, з гэтага стану давядзецца мне доўга выходзіць». Складана працаваць і таму, што студэнты не будуць глядзець на яго «ранейшымі вачыма», ведаючы пра вынікі конкурсу, лічыць прафесар. У Гродне Аляксандр жыве адзін, былая жонка засталася ў Маскве. Прафесар прызнаецца, што за апошнія месяцы «здаў» і схуднеў з-за стрэсу.
У бліжэйшы час Аляксандр плануе скончыць навуковыя працы, прывесці ў парадак паперы і заняцца мастацкай кнігай. Прафесар хацеў бы займацца выкладчыцкай дзейнасцю, але не плануе ісці ў дзяржаўныя навучальныя ўстановы, каб не «наводзіць на іх цень сваёй фігурай».
У пачатку чэрвеня 2021 года ў Аляксандра сканчаецца від на жыхарства. Ён мяркуе, што без працы яго не працягнуць (грамадзяне Расіі могуць атрымаць від на жыхарства згодна з міжнароднымі дагаворамі Беларусі, паведамляе праваабарончая арганізацыя Human Constanta).
— Я нават не ўяўляю сабе, як я пачну ўсё нанова. А калі гляджу на студэнтаў… Мы ўжо зрадніліся з імі - гэта мае дзеці. Як кідаць дзяцей? Напэўна, неяк можна. Я не ўяўляю.
Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка ў жніўні 2020 года паабяцала не звальняць выкладчыкаў і не адлічваць студэнтаў за палітычныя погляды. З тых часоў універсітэт пакінулі некалькі выкладчыкаў, некаторыя працаўнікі атрымалі дысцыплінарныя спагнанні, а студэнтаў адлічылі.
Аляксандр прызнаецца, што за 12 гадоў у Гродне адчуў сябе беларусам, лічыць Беларусь духоўнай радзімай і хоча, каб беларусы жылі добра. «Між тым, любоў да Беларусі сёння не застаецца без пакарання. Гэтага я не ўлічыў».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…