У Гродне актыўна прадаюць гатовы бізнес: ад павільёна на міні-рынку да сеткі кафэ. Большасць аб’яў з’явіліся ў жніўні 2021 года. Некаторыя не хаваюць: прычына продажу бізнесу — пераезд гаспадароў у іншую краіну. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала аб’явы на kufar.by і налічыла не менш за сем устаноў грамадскага харчавання, якія прадаюцца. Эксперт пракаментаваў: прадаваць бізнэс будуць актыўна, цяпер яго можна купіць са зніжкай.
Бар Cuba (61 000 рублёў ці $ 25 000)
Аб’ява аб продажы з’явілася 16 жніўня 2021 года. Бар гаспадары пазіцыянуюць як «установу з выдатнай васьмігадовай рэпутацыяй» і «любімае месца для сустрэч гродзенцаў і гасцей горада». З барам прадаецца ўся мэбля, барнае і кухоннае абсталяванне і нават напоі. Гаспадары прапануюць разгледзець пытанне аб пакупцы памяшкання ва ўласнасць.
У памяшканні — 100 м. кв. Арэндны кошт — самы нізкі для цэнтра горада. У зале ўстаноўлены кандыцыянер, выцяжка, TV 55 і 43″, музычнае і акустычнае абсталяванне. Абсталяванне і посуд падбіраліся згодна з санітарна-эпідэміялагічнымі правіламі. Магчымы гандаль.
Бар некалькі гадоў таму сутыкнуўся з праблемамі з-за непаразумення з суседзямі. Яны скардзіліся на шум і рэгулярна выклікалі міліцыю. Улетку пасля моцнага дажджу бар затапіла. Месца на Калючынскай, 12 можна назваць няўдалым для бізнэсу — там зачыніўся і бар «Moloko».
«Захацеў - прадаю», — коратка пракаментаваў ўладальнік бара і кінуў трубку.
Бар Corsar (36 500 рублёў ці $ 14 520)
Бар на Кірава, 3 прадаецца з 16 жніўня. Ён працуе з сакавіка 2018 года. «Свая кліенцкая база, свая светлавая і гукавая апаратура, утульны дворык для летняй пляцоўкі, адэкватная арэнда, сваё ТАА з усімі ліцэнзіямі», — так апісваюць уладальнікі бізнэс. Яны таксама згодныя пагандлявацца. Бар прадаецца ў сувязі са зменай месца жыхарства ўладальніка.
Па нумары, паказанаму ў аб’яве, Hrodna.life не адказалі. Паводле інфармацыі рэдакцыі, бар ужо прадалі. Звязацца з новым уладальнікам пакуль не ўдалося. Работнікі распавялі аб змене канцэпцыі ўстановы.
«Coffee pause» (кошт дагаворны)
Кароткая аб’ява аб продажы кавярні з’явілася 24 жніўня.
Установа адкрылася на вуліцы Вялікай Траецкай два гады таму. Фішкай кавярні былі венскія вафлі. Па аўторках 10% ад выручкі ўладальнікі абяцалі пералічваць на дабрачыннасць.
Бізнэс прадаюць у сувязі з пераездам у іншую краіну, верагодна — Польшчу, распавёў уладальнік кавярні Ігар. «Пакуль былі турысты, пакуль былі адкрытыя межы, было нядрэнна [у плане вядзення бізнэсу]», — распавёў бізнэсовец. Пакупкай кафэ актыўна цікавяцца — Ігар выбірае пакупнікоў. Цану магчымай здзелкі ён не раскрывае.
La Bar Storiz (41 000 рублёў ці $ 16 310)
Аб’ект грамадскага харчавання на вул. Вялікая Траецкая таксама прадаецца з 17 жніўня. «З абсталяваннем і мэбляй. Усе камунікацыі, вентыляцыя, гарачае і халоднае водазабеспячэнне. 28 кв. м. Пасадачных месцаў - 23, з улікам кантактнага бара. Гандаль дарэчны», — паведамляе гаспадыня. Ад каментароў Hrodna.life яна адмовілася.
Бар ''Lunatic'' (130 000 рублёў ці $ 52 000)
Аб продажы бара стала вядома яшчэ ў сярэдзіне ліпеня 2021 года, аб чым Hrodna.life расказваў. Тады гаспадар запэўніў нас, што ўстанова «пераедзе» ў Мінск, але бар па-ранейшаму знаходзіцца ў аб’явах аб продажы.
У продаж уваходзіла ліцэнзія, дамова арэнды на пяць гадоў (па самай нізкай стаўцы ў горадзе), сістэма кандыцыянавання і вентыляцыі, разлічаная пад кальяны, поўны камплект музычнага абсталявання (калонкі, пульт, сабвуфер, святламузыка).
З пакупкай уладальнік мог набыць прафесійнае барнае абсталяванне, посуд, вырабленую для бара дызайнерскую мэблю. Яна ўключае барную стойку і сталы з граніту, а таксама неонавую шыльду. У памяшканні знаходзяцца два санвузла, мыйны цэх, склад і гардэроб.
''Ниндзя Кебаб'' (85 000 рублёў ці $ 33 800)
Сетка кафэ, фішка якіх — шаурма, прадаецца з 16 жніўня. «Кафэ цалкам абсталяванае прафесійнай тэхнікай. Адно кафэ знаходзіцца на лепшым трафіку горада, на вул. Савецкай, другое — на праязной вуліцы Белушы. З моманту адкрыцця пункты адразу працавалі ў плюс. Бізнэс пад ключ, усе ў камплекце. Бонусам абсталяваны склад 70 квадратаў з таннай арэндай. Прычына продажу — эміграцыя», — значыцца ў аб’яве.
«У працэсе», — адказаў уладальнік на пытанне аб продажы. Ад іншых каментароў ён адмовіўся.
Більярдны клуб (28 000 рублёў ці $ 11 100)
Дзеючы більярдны клуб з чатырма сталамі, гандлёвай кропкай і кальянамі прадаецца з 6 ліпеня.
Бізнэс быў прыбытковым да 2014 года, а потым «усё забраў інтэрнэт», распавёў Hrodna.life уладальнік Сяргей. «Галоўнае — сябе разрэкламаваць, навешаць людзям лапшы на вушы, што вось так трэба рабіць і як адпачываць. Гэта робіцца пры дапамозе інтэрнэту — Instagram, TikTok. А гэта ўсё каштуе грошай і выдаткаў». Гэта ўжо пяты більярдны клуб Сяргея з 1996 года. Бізнэс не стратны, але прыбытку не прыносіць. Пакупнікоў пакуль няма. На думку Сяргея, няма каму купляць — усе спрабуюць прадаць. Закрывацца ён пакуль не плануе.
Што яшчэ прадаюць у Гродне?
Таксама ў Гродне прадаецца іншы гатовы бізнес: ад гандлёвых намётаў і фота-кропак да салонаў прыгажосці і кузні. Напрыклад, крама разліўных напояў, павільён з шаурмой, салон мабільных і камп’ютарных аксэсуараў.
Эканаміст: «Атакі на прыватны бізнес зараз набіраюць абарот»
— Пытанне продажу гатовага бізнесу цяпер хутчэй за ўсё знаходзіцца на лакальным піку папулярнасці, — пракаментаваў Hrodna.life Леў Львоўскі, эканаміст праекта BEROC. — Тут варта адрозніваць дзве важныя катэгорыі, абедзве з якіх звязаны з бягучай фазай палітычнага крызісу, — перапродаж бізнесу з мэтай фармальнай змены ўласніка, калі ў дзяржаўных органаў пачынае раптам з’яўляцца занадта шмат прэтэнзій менавіта да канкрэтнага ўласніка, і сапраўдны продаж гатовага бізнесу, звязаны з сыходам ад спраў або ад’ездам з краіны ўласніка.
Ці выгадна зараз купляць бізнэс? «Калі гаворка ідзе аб прадпрымальніках, якія вымушана з’язджаюць з краіны, то зразумела, што бізнес яны будуць прадаваць з тым ці іншым дысконтам (зніжкай — Hrodna.life). Таму хтосьці сапраўды можа ад гэтага выйграць. З іншага боку, атакі на прыватны бізнес зараз набіраюць абарот, і няма ніякай гарантыі, што ў новага, верагодна, перш лаяльнага да ўладаў ўласніка не з’явяцца дакладна такія ж праблемы, як у папярэдняга ўладальніка», — лічыць эканаміст.
Частку бізнесу можна весці і дыстанцыйна, але ў такім выпадку зніжаецца і першапачатковая матывацыя яго прадаваць. Некаторыя прадпрымальнікі прадаюць бізнэс з-за вымушанага пераезду, а некаторыя — з-за добраахвотнага. Ад гэтага таксама будзе залежаць тое, наколькі яны могуць захаваць бізнэс нават пасля пераезду, каментуе экспэрт.
Як шмат бізнэсоўцаў закрыюць праекты і што чакае Беларусь, калі гэта адбудзецца?
— Рабіць такія здагадкі цяпер немагчыма, — лічыць Леў Львоўскі. — Наогул, закрыццё рэнтабельных бізнэсаў - рэч вельмі рэдкая. У той жа час, мы бачым вяртанне старой рыторыкі з боку ўладаў аб антысацыяльнай ролі бізнэсу, нелаяльнасці з боку прадпрымальнікаў і, вядома ж, спадарожныя гэтым заявам канкрэтныя дзеянні - крымінальныя і адміністрацыйныя справы, праверкі і штрафы. Які будзе маштаб бедства, у дадзеным выпадку залежыць ад далейшых дзеянняў уладаў і, вядома, ад агульнай эканамічнай кан’юнктуры.