Людзі і справы

Амаль 10 гадоў, а пляжаў няма. На Гродзенскім моры людзі чакаюць інфраструктуру, а ўлады спадзяюцца на прыватнікаў

У Шчарбавічах людзі пераапранаюцца ў кустах, жыхары Загорцаў ходзяць плаваць за два кіламетры ад дома, а ў Свіслачы рыбакі самі косяць траву і прыбіраюць смецце. Генплан развіцця Гродзенскага мора зацвердзілі ў аблвыканкаме ў 2018 годзе. Рыбацкая вёска, яхт-клуб, дэндрапарк, пракат катамаранаў і добраўпарадкаваныя пляжы — пакуль гэтыя ідэі застаюцца прыгожай карцінкай. Грошаў на іх рэалізацыю з бюджэту не вылучалі, мясцовыя ўлады тры гады чакаюць інвестараў.

Гродзенскае мора — гэта неафіцыйная назва вадасховішча, якое ўтварылася на Нёмане пасля ўводу ў эксплуатацыю Гродзенскай ГЭС у 2012 годзе. Яго плошча — каля 2000 гектараў, працягласць — прыкладна 40 кіламетраў ад плаціны ГЭС уверх па плыні. У прыбярэжнай зоне вадасховішча знаходзяцца 20 населеных пунктаў Гродзенскага раёна і 14 — Мастоўскага.

Нёман побач, а пляж — за два кіламетры

Вёска Шчэчынова стаіць каля самай ГЭС. Пасля будаўніцтва тут памяняўся ландшафт. «У нас быў яр, цішыня, прыгажосць такая. І дарогі гэтай не было. А зараз шум, усё чуваць», — успамінае Ядвіга Аляксандраўна.

Каля ГЭС, па словах дачнікаў, няма пляжаў, а купацца забаронена. Каб плаваць ці лавіць рыбу, трэба ісці каля кіламетра. Пра такую ж праблему кажа жыхар вёскі Загорцы Аляксандр: «Турыстычнай зоны тут няма. Бліжэйшае месца, дзе можна паплаваць, — за два кіламетры ў вёсцы Навасёлкі».

Гродзенская ГЭС пачала працаваць у 2012 годзе. Фота: Вольга Сяліцкая

Пераапранаюцца ў кустах

У Навасёлкі людзі прыязджаюць купацца, займацца воднымі лыжамі, катацца на маторных лодках. На беразе няма туалетаў і раздзявалак. Людзі пераапранаюцца ў кустах. Па словах мясцовых жыхароў, шыльды з забаронай няма, таму ўсе купаюцца.

Каля Нёмана людзі будуюць дамы. Пірсы насупраць сваіх участкаў зрабілі самастойна.

Новыя дамы ў Навасёлках будуюць на «першай лініі». Фота: Вольга Сяліцкая

«Раней ніхто не ведаў пра гэтае месца, вымірала вёска, а зараз усе прыязджаюць», — распавядае Лідзія Уладзіміраўна. Але на інфраструктуру, па яе словах, гэта ніяк не паўплывала: калісьці ў Навасёлках хадзіў аўтобус два разы на тыдзень і працаваў магазін, зараз толькі аўталаўка.

«Нам турысты не перашкаджаюць, таму што далёка да паляны [дзе яны спыняюцца]. Але калі да нас заязджаюць на пірс, то я, такая паганая, усіх выганяю. Не люблю, калі пад самым домам», — смяецца Лідзія Уладзіміраўна.

Пірсы ў вёсцы Навасёлкі мясцовыя жыхары пабудавалі самі. Фота: Вольга Брэйда

«Былі б бакі, туды б і выкідалі»

Яхт-клуб, прыстань для воднага транспарту і пляж планавалі зрабіць у вёсцы Шчарбавічы.

«Трэба дэпутатаў сюды прывезці і паказаць, што ўсё стаіць на месцы. Тут жа для прадпрымальнікаў залатое дно», — кажа мясцовы жыхар Юрый Рыгоравіч. Мужчына лічыць, што на вадасховішчы патрэбна ўладкаваць месца адпачынку, таму што гарадскія пляжы штогод закрывае санстанцыя.

На Гродзенскім моры няма афіцыйных пляжаў, таму купацца забаронена. Фота: Вольга Сяліцкая

За апошнія пяць гадоў уздоўж берага раскупілі ўсе дамы, распавяла адна з дачніц. Калі цёпла, прыязджае шмат людзей, пакідаюць смецце. Моладзь размяшчаецца на траве ўздоўж вады.

«Былі б бакі, туды б і выкідалі. Мы, мясцовыя, ніколі смецце не пакінулі б. А тут і пакеты, і бутэлькі», — скардзіцца жыхар Шчарбавічаў.

Жыхарам Шчарбавічаў не хапае магазіна: аўталаўка, па іх словах, прыязджае раз на тыдзень. Фота: Вольга Сяліцкая

На рыбалку — з касой і пакетам для смецця

Антон Антонавіч і Антаніна Яўгенаўна рыбачаць каля вёскі Свіслач. Муж і жонка расказалі, што рыбы тут шмат, але лавіць можна толькі на адну вуду. «Вось ёршыка злавілі і адпусцілі. Мы дробязь выпускаем. Адпачылі на прыродзе, пасядзелі - і дадому», — падзяліўся Антон Антонавіч.

Антон Антонавіч і Антаніна Яўгенаўна самі косяць і прыбіраюць на беразе. Фота: Вольга Сяліцкая

Падчас нерасту мясцовыя заўважалі тут браканьераў, распавяла Антаніна Яўгенаўна. «Ляшча вёдрамі выбіралі, прыйшлося выклікаць інспекцыю».

Рыбак Сяргей з Гродна прыязджае ў Свіслач трэці год: «Ловім падлешчыка, шчупака, жэраха, плотку — усю рыба, якая ёсць у Нёмане. Толькі судак не пападаўся. Казалі, што і сома лавілі літаральна на днях».

Нёман у раёне Свіслачы — папулярнае месца ў рыбакоў. Фота: Вольга Сяліцкая

Рыбакі летам косяць траву сваёй газонакасілкай і прыбіраюць бутэлькі, якія пакідаюць людзі. «Смецце збіраем у пакет і вывозім», — распавяла Антаніна Яўгенаўна. Жанчына нават здымае на камеру тых, хто смеціць, і выклікае міліцыю. Піша запіскі іншым, каб захоўвалі чысціню.

«Рыбакам тут усяго хапае, а вось для адпачынку няма умоў. У берага мелка, дзеці маглі б купацца. Але ўваход брудны — трава», — падсумаваў Сяргей.

У Свіслачы на беразе ёсць кантэйнеры, але не ўсе адносяць у іх смецце. Фота: Вольга Брейда

«Спадзяемся на прыватнікаў»: улады чакаюць інвестараў тры гады

Турыстычны патэнцыял вадасховішча абмяркоўвалі яшчэ да пачатку будаўніцтва ГЭС. У 2018 годзе ў Гродзенскім аблвыканкаме зацвердзілі генеральны план развіцця прыбярэжнай тэрыторыі. Прапанавалі стварыць тут паўнавартасную зону адпачынку з афіцыйнымі пляжамі, турбазамі і спартыўнымі цэнтрамі, пісала «Гродзенская праўда».

У будучай зоне адпачынку ўлады хочуць адкрыць 50 інвестыцыйных пляцовак, стварыць больш за тысячу працоўных месцаў. «Мы зацікаўленыя ў прыватным бізнэсе на вадасховішчы», — казаў у каментары для Hrodna.life начальнік Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Турыстычны патэнцыял Гродзенскага мора абмяркоўвалі яшчэ да пачатку будаўніцтва ГЭС. Фота: Вольга Сяліцкая

За тры гады сітуацыя з інвестарамі далёка не прасунулася. Прадпрымальнікі цікавяцца магчымасцю адкрыць турыстычны бізнес, але часта адмаўляюцца ад ідэі, калі даведваюцца аб патрабаваннях заканадаўства да будаўніцтва ў водаахоўнай зоне, распавёў Hrodna.life старшыня Квасоўскага сельсавета Віктар Гідравец. Паводле яго слоў, пасля затаплення вадасховішча ў раёне вёскі Свіслач утварыўся пляж, які мог прыняць каля 500 чалавек. «Але паколькі за гэтым месцам ніхто не глядзеў, то вада „злізала“ бераг — паглынула каля трох гектараў зямлі».

«Нядаўна паставілі інфармацыйныя шыльды на месцы, дзе пры будаўніцтве ГЭС знайшлі стаянкі першабытных людзей. Вось і ўся рэкрэацыя», — распавядае Віктар Гідравец аб новым турыстычным аб’екце. Каб зняць забарону на купанне, трэба добраўпарадкаваць бераг, арганізаваць выратавальную станцыю, кантраляваць якасць вады.

Улады плануюць стварыць 50 інвестпляцовак на вадасховішчы. Фота: Вольга Сяліцкая

У 2021 годзе фінансаванне аб’ектаў інфраструктуры на Гродзенскім моры з бюджэту не прадугледжвалі, растлумачыў Hrodna.life загадчык сектара спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Віктар Салома. «Спадзяемся на прыватнікаў. Можа, цяпер будзе нейкі штуршок, таму што людзі сталі больш адпачываць у Беларусі, а не ў іншых краінах «.

Якія аб’екты павінны з’явіцца на Гродзенскім моры паводле генплану

  • яхт-клуб, прыстань для воднага транспарту, пляж — у раёне Шчарбавічаў
  • дэндрапарк, рыбацкая вёска, канатная дарога, фестывальныя пляцоўкі - на паўвостраве ў раёне Свіслачы
  • база адпачынку і прыстань для судоў - каля Коматава, у месцы ўпадзення Котры ў Нёман
  • паромная пераправа — каля вёскі Віцькі
  • водна-спартыўная база — каля Загорцаў
  • турыстычны комплекс з хаткамі, пракатам лодак і катамаранаў, прыстань для рачнога транспарту, абсталяваны пляж і аўтастаяка — у Берагавым
  • прычал для лодак і пракат спартыўнага інвентара — у Александрава і Мігава

Каўнаскае мора: турыстаў пускаюць нават на ГЭС

Як можна ўладкаваць вадасховішча на ГЭС, паказвае прыклад Каўнаскага мора. Яго стварылі ў 1959 годзе на Нёмане таксама ў сувязі з будаўніцтвам электрастанцыі. Цяпер гэта самы вялікі вадаём у Літве, адзін з важных турыстычных аб’ектаў краіны.

Водасховішча Каунасскай ГЭС. Фота: aplinkmarias.lt

На берагах Каўнаскага мора добраўпарадкавалі пляжы, дзе можна купацца. Ёсць дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Па моры ходзяць прагулачныя катэры, можна ўзяць напракат яхту.

Уздоўж вадасховішча размясціўся вялікі парк. Летам у ім праводзяць фестывалі, канцэрты і экскурсіі. З Каўнаса сюды можна дабрацца на гарадскім транспарце, каля вадаёма ёсць аўтастаянкі.

У зоне адпачынку працуюць рэстараны і кафэ. Смецце прыбіраюць не толькі на беразе, але і ў вадзе — падчас рэканструкцыі электрастанцыі для гэтага пабудавалі спецыяльны бар’ер.

У мястэчку Румшышкес стварылі Музей народнага побыту — этнаграфічны комплекс пад адкрытым небам. Пажайслісскі манастыр XVII стагоддзя стаіць на паўвостраве, ён таксама адчынены для турыстаў.

Наведвальнікаў пускаюць і на саму Каўнаскую ГЭС. На экскурсіі можна пазнаёміцца з работай станцыі і прагуляцца па тунэлі на 25 метраў ніжэй дна вадасховішча.

Аўтары: Вольга Сяліцкая, Вольга Брэйда, Алена Міронава, Аляксандра Хільмановіч, Яраслаў Дудко

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024