Школа побытавых танцаў можа стаць своеасаблівым фітнэсам для гродзенцаў. А студэнтам і моладзі дапаможа прывіць любоў да беларускай традыцыйнай культуры. Так лічаць стваральнікі школы — Антось Янкоўскі і Таццяна Мікелевіч з Суполкі традыцыйнай культуры.
Школа паўстала як развіццё этнавечарын, якія ладзіла Суполка традыцыйнай культуры. Два гады таму праходзілі «Этнавечарыны ў яблыневым садзе», сёлета — «Этнавечарыны ў Шэкспіра». Калі ж надыйшла восень і на вуліцы танцаваць стала холадна, Антось і Таццяна задумаліся пра стварэнне школы. Тут больш грунтоўна вучаць асаблівасцям танцаў, каб потым танцаваць з асалодай, а не ўспрымаць гэта як практыкаванне.
— Танцы — добры від фітнэса і адпачынку. Адзін танец доўжыцца шэсць-сем хвілін, а запар танцуецца іх некалькі. Да таго ж, нарошчваецца тэмп. Калі добра патанцаваць, то дома на вагах убачыш прыемную лічбу, — кажа Антось.
— Жанчыны, якія займаюцца любымі танцамі, падчас цяжарнасці не пакутуюць ад болеў у нагах, спіне, бо ўсе натрэнірована, — дадае Таццяна.
Адзін танец у школе развучваюць 30−40 хвілін. За занятак праходзяць адзін-два танцы. У Школу ходзіць як моладзь, так і людзі ва ўзросце. Пакуль на занятках было шэсць параў - каля 12 чалавек. Стваральнікі кажуць, што гэта аптымальная колькасць, бо так прасцей працаваць і ўсім прыдзяліць увагу.
Побытавыя танцы гэта тыя, якія танцавала сялянства ў 19−20 ст. На вечарыны ў хаце збіралася ўся моладзь, каб «на другіх паглядзець і сябе паказаць». Часам туды прыходзілі бацькі маладога ці маладой, каб выбраць для іх пару. Старэйшыя людзі сачылі, каб не было заляцанняў.
— Танцы раней былі важным момантам зносінаў паміж дзяўчынай і хлопцам, — наперабой расказваюць Антось і Таццяна. — Гэта быў ці не адзіны момант, калі жанчыну можна было абняць і камунікаваць на блізкай алегласці. Гэта адзін з сімвалічных этапаў збліжэння двух асоб.
У побытавых танцах была свая культура зносін. Дзяўчына мела права адмовіць хлопцу ў запрашэнні танцаваць у двух выпадках: калі ён быў жанаты і калі ён быў п’яны. Калі яна адмаўляла раз, другі, трэці, музыкі спынялі танцы. Яны гралі марш, а дзяўчына атрымоўвала публічную знявагу і пад марш выходзіла з хаты.
Падчас танцаў хлопцу нельга было дакранацца да спадніцы, да калена — спадніца лічылася сакральным месцам. Калі ў дзяўчыны задзерся падол спадніцы, гэта была апошняя дзеўка на вёсцы. У той час гэта было тым жа самым, што стаяць «на Ленинградке».
У побытавых танцах няма вялікага крока, скока. Танцуюць усёй стапой, не цягнуць насок. Танец адбываецца на невялікай адлегласці. Гэта вынікае з некалькіх момантаў. Па-першае, эканомія сваіх сілаў пасля дзённай працы. Па-другое, пар было шмат, а хата невялікая. Па-трэцяе, калі цягнулі наскі, маглі парваць абутак. А гэта было сорамна. Да таго ж, маглі быць розныя ўмовы, якія трансфармавалі танец у той ці іншай вёсцы. У вялікай вёсцы адзін танец маглі па-рознаму танцаваць у розных яе канцах.
Беларускія танцы стрыманыя, лёгкія і накіраваныя на парнае ўзаемадзеянне. Ад рускіх танцаў яны адрозніваюцца адсутнасцю красавання, сольных танцаў, ад польскіх і літоўскіх — больш багатай харэаграфіяй.
Чаму зніклі побытавыя танцы?
— Народ пераўтвараецца ў спажыўца, — расказвае Антось. — З Савецкім Саюзам, Дамамі культуры з’явілася сцэна, дзе выступаюць артысты, і зал, дзе сядзіш ты. А ў танцы ты павінен быць удзельнікам. Зараз тэндэнцыя ідзе ў іншы бок: людзі ходзяць на флэшмобы, танцы, фітнэс, бо хочуць чымсьці займацца. Людзі шукаюць, дзе сябе рэалізаваць. Некаторым падабаюцца ірландскія танцы, капаэйра, сальса. А ёсць беларусы, якія шукаюць штосьці адметнае, традыцыйнае. Каму цікавы мова, культура, традыцыі продкаў - запрашаем!
Антось і Таццяна кажуць, што найбольш чакаюць студэнтаў.
— Для студэнтаў гэта можа быць момантам змены свядомасці і адпраўной кропкай любові да традыцыйнай культуры, Беларусі і мовы. І дарослае жыццё яны пабудуюць адносна традыцый. Нам усім прывілі любоў да традыцый на этапе студэнцтва.
Заняткі праводзяць па-беларуску, таму гэта можа быць дадатковай моўнай практыкай. Школа побытавых танцаў захоўвае важную традыцыю: аматары вучаць іншых таму, што вывучылі самі.
Заняткі праходзяць кожную пятніцу з 19.00 да 21.00 у памяшканні № 1 ў корпусе ГрДУ на Леніна, 32. У планах — майстар-клас па любаньскім танцам з Сяргеем Выскваркам, кіраўніком узорнага фальклорнага танцавальнага калектыву «Верабейкі», і адкрытая этнавечарына.
“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…
З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…
Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…
Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…
«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…
У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…