Аблвыканкам, гасцініца «Нёман», кінатэатр «Гродна», крамы і дамы ў цэнтры — усё гэта і многае іншае будаваў у пасляваенныя гады Аляксандр Ціханоўскі. Сёння дасведчанаму будаўніку 88 гадоў і жыве ён, як і раней, на адной з цэнтральных вуліц горада. Ён расказаў Hrodna.life пра тое, як будаваў Гродна ды па якім прынцыпе вяліся работы.
Нарадзіўся Аляксандр Мацвеевіч у 1931 годзе ў Мсціслаўлі, але лёс яго звязаў з Гродна: у старым горадзе на Захадзе Беларусі малады Саша апынуўся з-за сваёй каханай, якая трапіла сюда па размеркаванні.
«Спачатку дзяўчына прыехала сюды, а пасля і я папрасіўся, каб размеркавалі мяне менавіта ў Гродна, — распавядае Аляксандр Мацвеевіч. — Вучыўся я ў Магілёўскім будаўнічым тэхнікуме на прараба. Практыка на будоўлях у Гродне пачалася ў мяне ў 1953 годзе ў будаўнічым трэсце № 10. Нягледзячы на тое, што не так даўно прайшла вайна, пасля прыезду я ўбачыў горад у нармальным стане. Але будоўля вялася паўсюль, горад меў патрэбу ў сучасных аб’ектах. Так будаваў я Гродна аж да 1986 года».
Хаця СССР даўно няма, Аляксандр Мацвеевіч дагэтуль пабойваецца распавядаць нейкія незвычайныя моманты звязаныя з будаўніцтвам у Гродне. А такіх у пасляваенныя гады было дастаткова.
«Мой першы будынак знаходзіцца на вуглу вуліц Чапаева [сёння Васілька — рэд.] і Кірава. Там мы будавалі 16-кватэрны дом. У гэты будынак меў засяліцца генерал Янузакаў, які ўвесь час частаваў будаўнікоў, каб хутчэй здалі яго кватэру. Аб’ект удалося хутка здаць і генерал нам за гэта добра аддзячыў.
Памятаю, дапамагалі яму пераязджаць у кватэру. А ў яго столькі цікавых і багатых рэчаў, розныя футры і многае іншае. Можа і трафейнае. Праз гады Янузакаў з’ехаў з Гродна, а яго кватэру я да гэтага часу памятаю. Калі шпацырую па Кірава — часцяком гляджу на знаёмыя вокны".
Пасля дома на Чапаева Аляксандра Мацвеевіча перакінулі на будаўніцтва шматкватэрнага дома ад велазавода на вуліцы 17 Верасня. Гэты дом пенсіянер успамінае часта, бо з яго будаўніцтвам звязана незвычайная гісторыя. Дом стаіць на яўрэйскіх намагільных помніках.
«Падвала няма, там адразу падмурак, а потым паверхі. Падмуркам паслужылі яўрэйскія надмагільныя пліты — помнікі, якія знаходзіліся на могілках, дзе цяпер стадыён. На падмурак нам прывезлі дзесьці 20 машын з камянямі, на якіх былі літары. Іншым разам нават літарамі на вонкавы бок ставілі. Калі цяпер у некаторых месцах тынкоўку прыбраць, то можна нават нешта і прачытаць — страшна, але выбіраць нам не прыходзілася тады, хоць і былі прыгожыя помнікі.
Памятаю, прыехаў да нас на аб’ект кіраўнік трэста — яўрэй Кiцiс Барыс Маркавiч. Як пабачыў помнікі дык за галаву схапіўся, а потым сказаў: «Бог даруй — гаркам партыі прымусіў».
Будавалі дом мы дзесьці ў 1954 годзе, а стадыён на месцы могілак іншыя будаўнікі скончылі будаваць недзе ў 1964″.
Аляксандр Мацвеевіч удзельнічаў у зносе многіх драўляных дамоў на Ажэшкі, будаўніцтве дома з крамай «Маскоўскі» ў 1955 годзе, дома з крамай «Спутнік» на прывакзальнай плошчы. Апошні лічыўся ў канцы 1950-х гадоў самым вялікім домам у Гродне, у ім было 128 кватэр.
«Аднойчы напярэдадні Дня будаўніка, а менавіта пасля здачы важных аб’ектаў, да мяне прыйшлі журналісты і спыталі, якую песню па радыё я хачу пачуць. Я быў замовіў песню „Вясна на Зарэчнай вуліцы“. І ўжо на свята па радыё аб’явілі, што такая песня грае спецыяльна для прараба Аляксандра Ціханоўскага з Гродна. Мне было вельмі прыемна».
Затым спецыяліст Ціханоўскі прыступіў да больш складаных аб’ектаў у цэнтры Гродна. Пачалася забудова ўсходняга боку Савецкай плошчы. Першым у 1956 годзе пачалі будаўніцтва дома на вуглу Парыжскай Камуны і тагачаснай Крупскай (сёння — Баторыя). Яго здалі ў 1958 годзе.
Насупраць Палаца культуры тэкстыльшчыкаў у 1961 годзе пабудавалі жылы пяціпавярховік, на першым паверсе якога адкрыўся адзіны ў горадзе спецыялізаваны магазін мужчынскага і жаночага адзення, які так тады і называўся — «Адзенне». Цяпер гэта ўсім вядомая крама «Баторыя».
Побач з гэтым домам у 1959 годдзе разгарнулася будаўніцтва гасцініцы на 250 месцаў, якую здалі ў эксплуатацыю ў канцы снежня 1961 года. Гасцініца «Нёман» была самай камфартабельнай у горадзе па тых часах.Сур’ёзныя непрыемнасці ў Аляксандра Мацвеевіча паўсталі пры будаўніцтве дома, у якім цяпер крама «Баторыя». У час капання катлавана на суседнім старым будынку пайшла вялікая расколіна, якая магла прывесці да разбурэння камянiцы.
«Усё з-за арганізацыі, якая пачала капаць. Яны вельмі блізка падышлі да старога будынка, у якога пасля пачала адыходзіць сцяна. Да мяне бягуць лекары і выкладчыкі з медыцынскага і крычаць „Прараб, зараз сцяна ўпадзе“. Парушылі грунт і стары будынак пахіснуўся. У выніку яму завалілі бетонам і спынілі руху сцян. А пасля паміж старым і новым будынкамі зрабілі яшчэ адну адмысловую сцяну, якая стаіць дагэтуль. Даводзілася часта працаваць са старымі будынкамі, бачылі нават падземныя хады, але нічога каштоўнага не знаходзілі».
Адной з самых важных сваіх будоўляў у Гродне пенсіянер лічыць аблвыканкам (1966 год), за які шчодра падзякаваў сам мясцовы старшыня.
«Я быў галоўным прарабам на будаўніцтве аблвыканкама. Да будаўніцтва там былі старыя цагляныя дамы, але дзеля будоўлi іх прыйшлося знесці. На пачатковым этапе да мяне ў бытоўку прыходзіў сам старшыня аблвыканкама Малочка, які паверыў у мае здольнасці, хоць былі спецыялісты, якія раілі яму памяняць мяне. Але ў мяне за плячыма ўжо тады былі вялікія аб’екты, вопыт быў.
Малочка прыходзіў да мяне пяць месяцаў запар і за кожныя два паверхі выпісваў прэмiю ў 100 рублёў. У выніку аб’ект здалі ў тэрмін, усе засталіся задаволеныя. Праз гады да аблвыканкаму дабудавалі яшчэ адну частку і актавую залу, але гэта ўжо рабіў не я".
Да 1986 гады Ціханоўскі пабудаваў у Гродне больш за 20 буйных аб’ектаў: дзіцячыя садкі, ПТВ, адміністрацыйныя будынкi і многае іншае.
«Будаваў я шмат, два апошнія гады да пенсіі працаваў транспарціроўшчыкам на «Хімвалакно». А пасля сышоў на пенсію. Што будаваць ці зносіць у старым горадзе, я не выбіраў, мне давалі праекты, па якіх трэба было працаваць. Усё вырашалі зверху.
Я лiчу, што сёння горад добра захаваўся для нашчадкаў, цяпер будуюць добрыя аб’екты, бо развіліся тэхналогіі. Я шмат гадоў пражыў у Гродне, але нешта на старасць гадоў цягне мяне на радзіму, у Мсціслаўль, там у мяне застаўся бабулін дом. Але пакуль я ў Гродне, які паспеў вельмі палюбіць".
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…