Іван Петушок – сучасны бізнесмэн. Ён заснаваў і кіруе цэнтрам адпачынку і развіцця “Партал”. Гэта адзін з удалых прыкладаў гродзенскага сацыяльнага прадпрымальніцтва. Праект дазваляе зарабляць, займаючыся любімай справай, пры гэтым прыносіць карысць грамадству. У студзені “Партал” адзначыў год існавання.
“Партал” гэта цэнтр альтэрнатыўнага адпачынку. Галоўны напрамак дзейнасці – рознабаковыя імпрэзы культурнага і адукацыйнага напрамку: семінары, майстар-класы, кінапаказы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, выставы, навучальныя гурткі і гэтак далей. У асноўным іх наведвае моладзь, але сярод удзельнікаў можна сустрэць і падлеткаў, і сталых людзей.

Паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве ў сярэднім каштуе 5 рублёў, але часта адбываюцца і добрачынныя сустрэчы, і імпрэзы з вольным уваходам. Аплата, часцей, пагадзінавая, а кава, гарбата і пачастункі ў яе ўваходзяць.
Той выпадак, калі дыплом спатрэбіўся
Тры гады Іван вучыўся на будаўнічым факультэце, а потым перайшоў на сацыяльную псіхалогію. Абедзве гэтыя прафесіі спатрэбіліся для здзяснення мары аб уласнай справе – веды будаўніка дапамаглі выбраць памяшканне, ацаніць аб’ём працы і якасна яе выканаць, а веды з сацыяльнай псіхалогіі дапамагаюць у штодзённай працы з калегамі, валанцёрамі і наведвальнікамі.
Выпадковасці невыпадковыя
“Мяне заўседы займалі настольныя гульні, але раней у Гродне не было шмат месцаў, дзе можна ў іх гуляць, ці нават набыць. Таму я прыйшоў у Палац піянераў, дзе ў той час збіраўся падобны гурток. Там выпадкова сустрэў Паўла Вараб’я, які ў гэты ж дзень у гэты ж час прыйшоў туды з гэтай жа мэтай – няўжо не цуд?” – успамінае Іван.
Хлопцы пазнаёміліся і вырашылі гуляць разам. Спачатку збіраліся ў кватэры, потым распачалі адмысловы гурток у дзіцячым цэнтры, але дарослыя не маглі яго наведваць. Тады прыйшла ідэя распачаць “Начную гульнятэку”. Іван дамовіўся са знаёмым наконт памяшкання на базе спартыўнай залы, дзе сябры пачалі збірацца і гулялі ад вечара пятніцы да самага ранку суботы.

“У гэты час з’явілася першая традыцыя – “Начная каўбаса” – кожны ўдзельнік гульняў у поўнач атрымлівае бутэрброд з каўбасой”, – з усмешкай распавядае Іван.
Спачатку на гульнятэку прыходзілі толькі сябры і знаёмыя. Першым староннім наведвальнікам быў Павел Шышкін, які невядома як даведаўся пра гульні і проста далучыўся. Большая частка гэтых людзей і зараз удзельнічае ў “Начной гульнятэцы” – яна існуе ў нязменным выглядзе дагэтуль.
Ад аматараў гульняў да прадпрымальніка – 9 месяцаў
Ідэя аб уласнай справе з настольнымі гульнямі з’явілася пасля двух гадоў ад старту “Начных гульнятэк” – у 2015 годзе. Здейсніць яе заняло не так шмат часу, як чакалася. Некалькі тыдняў праз інтэрнэт, часопісы і знаёмых Іван шукаў адпаведнае месца. Звяртаў увагу, каб арэнда і камуналка паслугі каштавалі не вельмі многа, а дабірацца было б зручна з розных куткоў Гродна. Яшчэ каля двух тыдняў спатрэбілася на афармленне дакументаў, астатні час заняла падрыхтоўка памяшкання.
Грошы пазычыў сябар, будаўнічую працу выконваў Іван з валанцёрамі. Праз некатор час другі паверх закінутага будынка, вядомага гродзенцам па шыльдзе “Выраб ключоў”, ператварыўся ў цэнтр адпачынку і развіцця. Назва – “Партал” – з’явілася неяк сама па сабе і спадабалася арганізатарам сваім чароўным сэнсам.

“Мне пашчасціла ўдзельнічаць у рэаліці-шоў “Горад”, – успамінае Іван, – дзе пераможца мог атрымаць грошы на рэалізацію асабістага праекта па паляпшэнні свайго горада. Я не перамог, але вельмі задаволены ўдзелам. Праект даў мне штуршок да развіцця сацыяльна-карыснай дзейнасці. За 10 дзён я атрымаў шмат ведаў і вопыт як прадпрымальнік. Гэта ўсе вельмі дапамагло зрабіць “Партал” такім, які ён ёсць зараз”.
Чытайце таксама: Замест страшнага двара – пляцоўка для адпачынку. Як Іван трапіў у праект “Горад”, каб зрабіць Гродна лепшым
Шафа з “Ікеі”
У “Партале” стаіць толькі адна шафа набытая ў краме. Усе астатняе – рамонт, дэкор, мэбля – зроблена рукамі Івана і яго сяброў-валанцёраў, альбо ахвяравана цэнтру. І зараз тут час ад часу “з’яўляюцца” новыя рэчы – хтосьці падарыць карціну, хтосьці пакіне кубак ці статуэтку, хтосьці аддасць непатрэбную канапу.

Сямейная справа
“Мая жонка Таццяна з першага дня падтрымлівала мяне ва ўсіх маіх пачынаннях, – распавядае Іван. – І сёння, нягледзячы на тое, што яна займаецца выхаваннем двух нашых дзетак, паспявае зрабіць нешта і для “Партала”. Ва ўсіх пытаннях раюся з ёй. Існаванне гэтага месца – сямейная справа, якая немагчыма без яе падтрымкі”.
“Народны сход”
Усе пытанні “Партала”, яго планы і мэты вырашаюцца вельмі дэмакратычна – на сходзе, у якім удзельнічаюць Іван, трое адміністратараў і да пяці валанцёраў. Гэта Рада збіраецца прыкладна раз на тыдзень і вырашае бягучыя справы. Тут кожны мае права голасу і кожны будзе пачутым. У гэтым і ёсць сакрэт поспеху, лічыць адзін з супрацоўнікаў. У цэнтры існуе падзел абавязкаў, адпаведны магчымасцям і пажаданням кожнага з удзельнікаў працы. Гэта таксама важны складнік паспяховай дзейнасці.
“Сухі” закон
“Партал” задумваўся як пляцоўка альтэрнатыўнага адпачынку, таму нічога мацнейшага за каву і гарбату тут няма. Каманда цэнтру падтрымлівае ідэі здаровага ладу жыцця. Нават месца для палення тут няма. “Гэта не толькі частка нашага погляду на жыццё, але ж і пытанне бяспекі для цэнтра і яго наведвальнікаў”, – кажа Іван. У гэтым месцы таксама не прынята ўжываць “дрэнныя” словы, за невыкананне правіла можна атрымаць штраф – 10 прысядаў.
“Партал” уцягвае
Гэта месца існуе, як супольнасть тых, хто мае хоць якое дачыненне да грамадскага жыцця Гродна, культурнай дзейнасці, альтэрнатыўнага адпачынку ці нефармальнай адукацыі. Цэнтр – адкрытая пляцоўка для ініцыятываў – ён гатовы падтрымаць і парадай і справай карысныя для горада пачынанні.
“Партал” шмат працуе на цалкам добраахвотнай аснове ці з вялікімі зніжкамі для цікавых мерапрыемтсваў. Так адбываецца з “Скеч дэйям”, “Вархамерам”, “Усходнімі гульнямі”. Пад гэтым дахам збіраюцца і праводзяць частку свяёй дзейнасці і розныя некамерцыйныя суполкі – “АБФ”, “Трэці сектар”, “Будзьма беларусамі”, “Чайная школа”. Была сумесная імпрэза нават з гродзенскім гарвыканкамам.
Вялікая мэта
“У Гродне шмат цікавых суполак, якія, у тым ці іншым сэнсе, займаюцца культурнай дзейнасцю, – разважае Іван. – Але, на свае здзіўленне, я зразумеў, што большая частка з іх не знаёма паміж сабой. Тады да мяне прыйшла ідэя аб’яднаць пад дахам “Партала” актывістаў з розных напрамкаў дзейнасці”.
Ужо адбылася адна сустрэча “Культ-Удзелу” – так назвалі новую суполку – і ўжо ёсть першыя вынікі. У будучым, спадзяецца Іван, гэта “канфедэрацыя” стане ўстойлівай і будзе прыносіць карысць не толькі яе ўдзельнікам, але і агулам грамадству.
З міру па нітцы
У цэнтры зараз працуюць тры памяшканні, але існуе ячшэ адна вяліка зала, якая чакае рамонту. Для яе поўнага абсталявання спартэбіцца каля 3 000 беларускіх рублёў. Гэтыя грошы плануецца збіраць ужо з лютага праз краўдфандынгавую пляцоўку “Талака”. Для ахвярадаўцаў падрыхтавана шмат “плюшак” – імянныя кубкі, абанементы, сертыфікаты і нават “Набор партнёра”, у які ўвойдуць кубак, майка і сумка з лагатыпам “Партала”. Новая зала будзе трасфармацыйнай пляцоўкай, якая хутка зможа змяняцца пад любую патрэбу.

Кім ты бачыш сябе праз пяць год?
Мы плануем зрабіць так, каб увесь будынак належыў “Парталу” і ён стаў бы цэнтрам развіцця ініцыятыў. Мару стварыць месца, дзе кожны зможа атрымаць экспертную падтрымку ў самых розных пытаннях арганізацыі сваёй культурнай ці сацыяльна-значнай дзейнасці. Таксама ў планах – зрабіць пакой для маленькіх дзетак з бацькамі, акультурыць пляцоўку вакол будынку… Шмат чаго! Спадзяюся, што ўсё здзейсніцца.


