Аж да канца рэгістрацыі ініцыятыўных груп спіс вылучэнцаў па Гродзенскай вобласці быў практычна безальтэрнатыўным. Ён складаўся з дырэктараў, начальнікаў і членаў “Белай Русі”. Пасля нашай публікацыі пра гэта ў спіс накідалі пенсіянераў, ІПшнікаў і педагогаў. Выклікалі імітаваць палітычную барацьбу і супрацоўнікаў “Гроднааблкінавідэапракату”. Услед за калегамі з “Нашай Нівы” Hrodna.life склаў спіс будучых дэпутатаў – пасля выбараў праверым. Сэнс гэтага – паказаць, што спіс так і застаўся безальтэрнатыўным, а выбары прадвызначаныя.

UPD 26 лютага. Уначы 26 лютага ЦВК падвёў вынікі выбараў. Спіс кандыдатаў па Гродзенскай вобласці супаў з нашым адзін у адзін.

На 10 студзеня акруговыя выбарчыя камісіі ў Гродзенскай вобласці зарэгістравалі толькі 14 ініцыятыўных груп на 13 акругаў. Пазней туды дадалі кандыдатаў. Тыя, каго дадалі пазней, як правіла, вылучаны працоўным калектывам або партыяй. Тады як раней безальтэрнатыўныя кандыдаты – у тым ліку зборам подпісаў выбаршчыкаў.

Хто стане дэпутатам ад Гродзенскай вобласці

Ваўкавыская выбарчая акруга №48

Плескач Віктар Станіслававіч, дырэктар Ваўкавыскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, член “Белай Русі”.

Гродзенская Занёманская выбарчая акруга № 49

Аксянюк Міхаіл Пятровіч, беспартыйны, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Дзяржпагранкамітэта. Цікава, што яго канкурэнт – цырульнік Таццяна Мікалута, вылучэнец ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Гайдукевіча.

Гродзенская Кастрычніцкая выбарчая акруга № 50

Патапава Алена Станіславаўна, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, член Камуністычнай партыі Беларусі.

Гродзенская Ленінская № 51

Анісімаў Андрэй Віктаравіч, дырэктар Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”, член Беларускай партыі “Белая Русь”.

Гродзенская Паўночная № 52

Раманаў Алег Аляксандравіч, старшыня “Белай Русі”.

Гродзенская Пагранічная выбарчая акруга № 53

Унікальны ўчастак, на якім першапачаткова была канкурэнцыя. Цяпер, у адрозненне ад іншых участкаў, тут не тры, а чатыры кандыдаты! Дакінулі двух пенсіянераў – ад партыі Гайдукевіча і ад камуністаў. Але асноўная “заруба” павінна прайсці паміж Аляксандрам Баярчуком, беспартыйным начальнікам “Бераставіцкай раённай ветэрынарнай станцыі”, і Антонам Кулісевічам, старшынёй Бераставіцкага райвыканкама і чальца “Белай Русі”. Улічваючы, што апошні абіраўся і метадам збору подпісаў выбаршчыкаў, ставім на яго.

Іўеўская № 54

Ракавец Віталь Мікалаевіч, дырэктар ДЛГУ “Іўеўскі лясгас”, сябра Беларускай партыі “Белая Русь”.

Лідская № 55

Серафіновіч Кацярына Адамаўна, намеснік дырэктара па друкаваных сродках масавай інфармацыі ДУ “Рэдакцыя “Ліда”, член Беларускай партыі «Белая Русь». Тут і ніжэй дадалі па адным кандыдату.

Нёманская № 56

Орда Міхаіл Сяргеевіч, беспартыйны старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Замкавая № 57

Сонгін Аляксандр Генрыхавіч, беспартыйны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Тут таксама чатыры кандыдаты – у тым ліку пенсіянер МУС Міхаіл Цімошчанка.

Слонімская № 58

Семяняка Валянцін Міхайлавіч, беспартыйны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Смаргонская № 59

Шалудзін Ігар Яраслававіч, старшыня Астравецкага райвыканкама, член “Белай Русі”.

Шчучынская № 60

Хальцова Надзея Анатольеўна, дырэктар ДУА “Гімназія №1 Імя Данілы Іванавіча Валковіча г.Масты”, член “Белай Русі”.

Калі пройдуць парламенцкія выбары ў Беларусі

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдзе Адзіны дзень галасавання — аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Ён прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля выбараў пройдзе першае пасяджэнне абноўленага Усебеларускага народнага сходу.

З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя АБСЕ, ЕС і ЗША дэмакратычнымі