Юзаф Місюкевіч — апошні, хто працаваў на млыне пад Тарусічамі. У 2001 годзе ён пайшоў на пенсію, трапіў у аварыю і страціў нагу. Млын неўзабаве зачыніўся. Яго спрабавалі выкупіць, але нікому, акрамя Юзафа, прадаць не былі гатовыя. А яму гэта было ўжо нецікава.
Зараз яму 74 гады. Ён памятае ўсе тонкасці працы, здзіўляецца дылетанцкім пытанням і, здаецца, не ўсведамляе, што ён апошні млынар у Гродне.
Млын на рацэ Татарка, дзе працаваў Юзаф, вядомы з 17 стагоддзя. Тады ў Гродне было шмат млыноў. Гэтаму пашанцавала захавацца. У 2009 годзе яго выкупіў у калгаса праграміст Яўген Дарагуш. Ён плануе аднавіць млын, вазіць сюды турыстаў і пекчы булкі са змеленага тут збожжа. А яшчэ зрабіць музей, разводзіць фарэль і вырошчваць ягады годжы.
Разам з Яўгенам прыязджаем без запрашэння ў госці да Місюкевічаў у адзін з зімовых выхадных. Яўген ужо некалькі разоў сустракаўся з Юзафам, каб задаць пытанні па гісторыі млыны і пра млынарскую справу.
Сям’я жыве ў вялікім дагледжаным доме. Гэта былы Дом быту, у якім працавала жонка Юзафа — Аліцыя Баляславаўна. У 1998 годзе Місюкевічы яго выкупілі. На парозе сустракаюць два каты.
Гаспадыня праводзіць нас у пакой да Юзафа. Цяпер яна адна даглядае мужа. Ён хварэе, але яснасць розуму захаваў, хоць у гаворку даводзіцца ўслухоўвацца. Гаворыць на трасянцы з польскім акцэнтам і жыва рэагуе на пытанні пра млынарскую справу.
Як дзякуючы млыну здымаўся ў фільме
— Вы разумееце, што вы апошні млынар у горадзе?
— І гэты здохне ўжо скора, — смяецца Юзаф.
Першае, што ўспамінае Юзаф пра млын, — гэта здымкі фільма. Сем рублёў ён атрымаў за здымку ў масоўцы. Па тры плацілі ў дзень за «арэнду». Працоўны аўтэнтычны млын у 1970-х ужо быў рэдкасцю.
— Я быў там партызанам. Карабін далі і вусы прыляпілі, — усміхаецца Юзаф. — Здымаліся на мосце. Адзін бег на мост, а мы ўтрох яго білі. Пару кадраў зрабілі. Доўга здымалі. Конніца ішла і кулямёт. Артыст прыгожы — немец — выступаў. Балявалі - на стол гусака паставілі. Пілі самагон. Ну як самагон — падфарбаваную малаком ваду.
Працоўная назва фільма — «Развітанне майго дзяцінства». Потым яго памянялі. Яўген Дарагуш спрабаваў знайсці гэты фільм, пытаўся мясцовых. Яны памятаюць, што фільм здымалі, але назвы не ведаюць. Па розных звестках, фільм здымалі з 74-га па 76-ы год.
«Я ўсю фільматэку „Беларусьфільма“ бегла прагледзеў. Калі момант кароткі, то я яго, напэўна, прагартаў. Калі б быў хоць бы пяціхвілінны фрагмент, я б яго знайшоў», — кажа Яўген.
Для яшчэ аднаго фільма тут запісвалі гук млына.
Што было да калгаса
Юзаф нарадзіўся пасля вайны — у ліпені 1945 года. Тады, успамінае ён, млыноў было «да ліха». Дзіцём ён яшчэ заспеў сям’ю Пралейка, якія валодалі млыном да калгаса. А да гэтага, успамінае Юзаф, тут «жыды рабілі». Але «хітрыя былі» і перад вайной прадалі млын палякам і з’ехалі ў Амерыку.
З дачкой уладальніка млына ён хадзіў у адзін клас. У 1949 савецкая ўлада забрала млын у калгас, а ўладальніка арыштавалі. Пасля амністыі ў 1953 годзе, калі памёр Сталін, Пралейка з сям’ёй з’ехаў у Польшчу. У гродзенскім архіве Яўген Дарагуш знайшоў справу Пралейка, але паглядзець яго не змог: яшчэ не скончыўся тэрмін сакрэтнасьці дакумента.
Пасля развалу СССР сваякі ўладальніка з Польшчы прыязджалі і хацелі вярнуць млын, але нічога не выйшла. Яўген плануе іх адшукаць, каб увекавечыць памяць аб апошнім прыватным уладальніку млына. Да таго ж, гэта можа быць цікава польскім турыстам.
— Прыязджаў, хацеў млын забраць назад, — кажа Юзаф пра сына апошняга прыватнага ўладальніка млына. — Я кажу: купляй млын, забірай, бо мне ўжо надакучыла, я буду сыходзіць. У Маскву ён ездзіў па дазвол. Не дазволілі.
«А потым Сакалоўскі працаваў, Хамічэўскі», — успамінае Юзаф млынароў. Хамічэўскаму не пашанцавала. З вала сышоў камень і яму адарвала нагу. Юзаф кажа, што на яго млыне выпадкаў траўмаў было вельмі мала. «А на Чэхаўшчызне: пайшоў млынар рэмень апранаць. А яшчэ можа і які выпіўшы быў. Яго на штыфт наматала і забіла. Там жа такія абароты ў млына!»
Як вучылі млынарскай справе?
Адзін млынар не справіўся б з працай — яму патрэбныя былі памочнікі. Быў млынар, памочнікі, загадчык і «парцяны», які займаўся фінансамі. Нешта накшталт бухгалтара.
Пасля 7 класаў Юзаф пайшоў працаваць — дапамагаць бацьку. Яго бацька быў кавалём і будаўніком. Кузня да гэтага часу стаіць на яго малой радзіме ў Караліно, цяпер у гэтым доме жыве яго зяць. З 17 гадоў і да арміі ў калгасе «Сталінскі шлях» працаваў «на конях». «Бульбачку садзілі, гной вазілі, акучвалі», — успамінае мужчына. Пасля войска і да смерці бацькі ў 1979 працаваў на Абутковай фабрыцы слесарам і механікам. За пару гадоў здаў на 6-ы разрад. У 1972 году ажаніўся. Тады яму было 27 гадоў. Як кажа, «жаніўся стары — мужчына ўжо быў». Нарадзіліся дзве дачкі.
Пасля смерці бацькі пачаў працаваць у калгасе — на сушылцы і на млыне. Кажа, старшыня Апонік угаварыў.
— А як вы вучыліся на млынара?
— Хто там вучыў?! — адказвае Юзаф. — Бацька рабіў, потым брат Генка рабіў, я памагаў ім. Он там праработаў дачорта — паўжызні - на мельніцы! Ніхто не ўчыў. Я сам інцерэсаваўся ўсім. Ніхто мяне ні слесарам не вучыў, ні за акамулятары ніхто не вучыў. Я сам, у мяне жылка такая была. Самаучка. Пара лет — і наблатыкаешся, научышся.
Яўген кажа, што таксама хацеў бы навучыцца, але няма каму растлумачыць нюансы. Юзаф адказвае, што ў гэтым няма нічога складанага. З адукацыяй у 7 класаў ён сам ва ўсім разабраўся. Нават на слых мог зразумець, што з абсталяваннем нешта не так. Вось пытляваць, кажа ён, складаней, — калі мука сартуецца па гатунках (пытляваць — дробна малоць зерне на муку і прасейваць яе, адлучаючы дробна прамеленую муку ад буйных фракцый нязмеленага збожжа).
Тут Юзаф ажывае і пачынае тлумачыць нюансы з кучай тэрміналогіі, зразумелай толькі млынарам. Жыва рэагуе і пярэчыць, калі Яўген памыляецца. Нейкі час яны абмяркоўваюць абсталяванне млына. Яўген распавядае, што з механізмаў засталося, а што вандалы разабралі і здалі на метал.
«Пакуда людзі есць — должэн паследнему змалоць»
Юзаф успамінае, як малоў муку, рабіў пярлоўку, макароны трэцяга гатунку. Аплата была 50 на 50. Калі ён намалоў на 100 рублёў, то палова даставалася яму, палова — калгасу. Кажа, красці не было сэнсу.
Працаваў шэсць дзён на тыдзень, а часам і па нядзелях. Працоўны дзень доўжыўся «з 9 ранку аж пакуль не сцямнее ўжэ. Пакуда людзі ёсць — должэн паследнему змалоць». Пры тым гэтая праца не была сезоннай, як можна падумаць. Працы хапала круглы год. І людзей было, як кажа Юзаф, навалам — чэргі стаялі. За дзень мог абслужыць 50−100 чалавек — у залежнасці ад таго, якой якасці муку выпускаеш.
— Ён папрацаваў за сваё жыццё, — уздыхне потым жонка.
Юзаф кажа, што зарабляў нармальна, таму што працаваў яшчэ ў калгасе. Мог зарабіць больш, мог — менш. Але, кажа, на жыццё хапала. Скардзіцца на грашовыя рэформы, якія абясцэнілі зберажэнні.
Тады калгасы з людзьмі разлічваліся прадукцыяй — збожжам. Таму, каб сабраць грошы, «гарадскім» прадавалі яйкі, мяса, малако, воўну. Пшаніца, жыта ішлі на корм скаціне, на хлеб.
— А самагонку рабілі?
— О-о-о, самагонку гэта само сабой, — смяецца Юзаф.
А хлеб, кажа Юзаф, цяпер не атрымліваецца, як раней — неба і зямля. «Калісьці маці хлеб пячэ — ён месяц не чарствее. Астатак выносілі ў халоднае месца. Пяклі бляшку — пяць-сем штук вылажвалі. Раз у месяц пяклі зімою. А летам часцей пяклі, патаму што гарачэй. Пякуць — ё-маё — булкі такой таўшчыны», — паказвае рукамі. І дзеліцца сакрэтамі прыгатавання. А зараз, кажа, ужо не той смак — хіміі шмат.
Настальгуе Юзаф і па тагачаснай рыбалцы. Кажа, водаахоўнага заканадаўства не было, а сажалка была чыстай і рыбы было — «ё-маё». Пакуль рэчку не асушылі.«Удачка стаяла ля мельніцы. А фарэль! Як німа людзей, удачку бярэш, чарвякоў, і пайшоў! Кажды дзень пад турбінай така-а-а-я фарэль была. Піскары! Як ідуць на нераст, ё-маё, ручай аж кішэў. Нічога не трэба — абыкнавенны кошык, каторым картошку капалі, цэлы кошык набіраў! Всё тэраз памянялася. Тэраз не нада эта. Гасударству даходу няма».
«Біблію можна было напісаць з гэтага ўсяго»
«Раньшэ многае помніў, цяпер запамінаю», — уздыхае Юзаф. Паміж справай млынар распавядае, як выводзілі пацукоў. «Крысаў на мельніцы было — ё-маё. Мяшалі гіпс с мукой. Крыса наесца мукі с гіпсам, вады хоча піць, нап’ецца — і гатова. Вот так і жылі, і работалі. Усяго хватало».
У сярэднявеччы лічылася, што млын — загадкавы аб’ект, звязаны з нячыстай сілай. Цікавімся, ці былі падобныя думкі ў часы Юзафа. Ён смяецца. «Гэта анекдоты», — кажа ён. Але прызнае, што млынаром быць — заўсёды было ганарова. «І выпіць прывязуць, і паесці. Водкі там было мора, як у рэстаране».
— Тэлефанавалі і тэлефанавалі дадому заўсёды, ехалі-ехалі, божа, ой. Прыязджалі і ў госці, і муку малоць. Аграномы, усе начальнікі былі. Сябраваць-то сябравалі, усе дапамагалі. А як захварэў - ніхто не адчыніў дзверы ні разу, — кажа жонка млынара. Хоць прызнае, што калгас дапамагае: выпісвае збожжа танней, на дзень сельскай гаспадаркі далі 20 рублёў.
Часам дрэнныя людзі маглі паехаць і не заплаціць. Але калі млыноў стала мала, так ужо не атрымлівалася. Аднойчы адзін кліент з’ехаў, не заплаціўшы. Потым вярнуўся. Юзаф заявіў, што малоць яму больш не будзе. І чалавеку прыйшлося аддаць грошы.
Млынар апыняўся ў цэнтры падзей і гісторый. «Казки, байкі… Прыходзілі ўсякія, расказвалі пра вайну, як ваявалі… Дзе хто быў… Ё-маё, там усё, што хочаш. Біблію можна было напісаць з гэтага ўсяго! — кажа Юзаф. — Можна расказаць, як млынар з жанчынамі дело меў. Кажды мельнік там меў бабу».
Калі мужы паміралі, а справа была пасля вайны, жанчыны самі прывозілі на млын зерне. Некаторыя прыязджалі здалёк. Калі была вялікая чарга, а малоць і пытляваць доўга, прама ў млыне на саломе начавалі. Там жа маглі на печы рыхтаваць есці. Мяркуючы па намёках Юзафа, не заўсёды справа абмяжоўвалася адным толькі сном. «Чапляліся», — кажа ён.
— Ён там помніць! — скептычна кажа жонка.
— Мельнікі расказвалі, — быццам апраўдваецца Юзаф.
«Хай робяць, што хочуць»
Бліжэй да канца 90-х у калгасе стала працаваць менш людзей. На млыне стала менш працы. Спачатку млынар працаваў два дні, потым і гэтага стала шмат.
Юзаф сышоў з млына ў 58 гадоў - у 2003 годзе. Тлумачыць проста: «Надаела!» Пасля яго на млыне папрацаваў адзін ваенны месяц ці два. У яго не было вопыту і спраўляцца з абсталяваннем было цяжка. Яшчэ адзін чалавек потым хацеў выкупіць млын у калгаса, але яму не прадалі. Ён прасіў Юзафа, каб той выкупіў млын і прадаў потым яму, але млынар не пагадзіўся. Тады млын працаваў ужо на электрычнасці, не на вадзе.
Неўзабаве пасля сыходу з млына Юзаф трапіў у аварыю. З-за медычнай памылкі яму ампутавалі нагу. Ён пачаў перасоўвацца на інвалідным вазку. А зараз наогул рэдка выходзіць з хаты.
Калі Юзаф сыходзіў, млыны ўжо зачынялі. Хоць кліенты яшчэ былі. Калгас, як і раней, даваў зерне людзям, якое трэба было малоць. Юзафу было ўжо цяжка працаваць. Надакучыла яму і шпана, якая залазілі ўнутр: адрывалі дошкі ад турбіны, дзверы выбівалі.
Часта ў млын на цокальны паверх кідалі катоў, сабак, шчанюкоў. Яны маглі там нашкодзіць і проста разарваць пакінутую ватоўку або шапку. Больш за ўсё Юзафа злавала, калі выпускалі ваду з карыта пад турбінай. Тады нельга было пачаць працу — даводзілася чакаць, пакуль яно напоўніцца. Ну і, вядома, кралі правады на метал. Аднойчы прымудрыліся абрэзаць кабель пад напругай.
— Перш інцярэсна было. А потым… хай робяць, што хочуць, — адмахваецца Юзаф.
Ён прыкметна стамляецца ад размовы і апускае галаву, нібы дрэмле. Аліцыя Баляславаўна паказвае вырабы ад унукаў. Калі мы робім фота, прыхарошвае мужа, папраўляючы яму валасы. Кажа, становіцца цяжка яго даглядаць. Толькі за камізэльку яна можа яго падняць.
Ад прапановы Яўгена паехаць паглядзець якім стаў млын, Юзаф адмаўляецца, як і ўсе папярэднія разы.
— Слухай, я ўжо еле хаджу. Сяду і ўсё. Мне ужо цяжка. Не выходжу на вуліцу. Знаеш, ужо чалавек дажывае. Тут яшчэ год пражывеш — гэта ўжо шчасце.
Яўген кажа, што зносіны з Юзафам для яго вельмі каштоўныя. Адно — падручнікі, іншае — калі чалавек ведае ўсе тонкасці працы.
— Адна справа, калі гэта проста млын з блокаў і бетону зроблены, а наш млын — каменны, з гісторыяй. З яго можна зрабіць нешта цікавае. Я б вельмі хацеў.