Чыноўніца з Іўя назвала выкарыстанне польскай мовы ў каталіцкім касцёле ў Беларусі незаконным. Насамрэч, яе словы — лухта. Hrodna.life разам з юрыстам і каталіцкім актывістам разабраўся ў моўнай праблеме. Ці сапраўды забаронена маліцца на недзяржаўных мовах? Якое месца займаюць беларуская, польская і іншыя мовы ў касцёле? Якія яшчэ мовы выкарыстоўваюць канфесіі ў Беларусі? Адказ у нашым матэрыяле.
Што здарылася?
28 лютага ў Іўеўскім райвыканкаме прайшла сустрэча са святарамі раёна. Загадчыца сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Барко сказала на ёй: «Праблемным застаецца выкарыстанне польскай мовы падчас службаў у каталіцкіх храмах раёна, што недапушчальна паводле Закона Рэспублікі Беларусь „Аб мовах“». Яе словы ўжо выдалілі з публікацыі ў мясцовай раёнцы, але цытата захавалася ў інтэрнэт-архіве.
- Юрыст: «Што не забаронена — тое дазволена»
- Афіцыйныя мовы каталіцкага касцёла ў Беларусі - беларуская і польская
- Пытанне мовы для касцёла — не актуальнае
- Як касцёл стаў самай вялікай беларускамоўнай арганізацыяй у Беларусі
- Якая моўная будучыня ў беларускіх католікаў?
- А як з мовамі ў іншых цэрквах і краінах?
Юрыст: «Што не забаронена — тое дазволена»
«Калі чыноўнікі лічаць што служба па-польску незаконная, то ім трэба закрыць больш за 99% праваслаўных цэркваў і храмаў, бо там таксама не беларуская і не руская мова [набажэнства]», — патлумачыў Hrodna.life юрыст, імя якога мы не называем у мэтах бяспекі.
Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», да якога апелявала Вольга Барко, вызначае парадак карыстання дзяржаўнымі мовамі. Ён не забараняе карыстацца іншымі мовамі, падкрэсліў юрыст. У беларускім праве што не забаронена — тое дазволена.
Артыкул 21 Закона вызначае права на выхаванне i атрыманне адукацыi на нацыянальнай мове, але адпаведнага артыкула пра рэлігію няма. Закон пакідае права на выхаванне i атрыманне адукацыi на роднай мове асобам iншых нацыянальнасцей, якiя жывуць у рэспублiцы. Адпаведнае права мусіла б быць і наконт рэлігіі.
У выпадку неабходнай для чалавека інфармацыі - звестак аб заканадаўстве, шыльдаў і бланкаў у дзяржаўных органах, інфармацыі, датычнай здароўя, дзяржаўнай адукацыі, іншая абавязковая камунікацыя — чалавек, які карыстаецца беларускай мовай, можа не разумець рускую, і наадварот. Таму такая інфармацыя ў адпаведнасці з законам мусіць дублявацца. Рэлігіяй чалавек можа карыстацца або не. У канфесій ёсць свае ўнутраныя статуты, якія вызначаюць іх функцыянаванне.
Калі нямецкі музычны гурт робіць канцэрт у Беларусі, ён спявае па-нямецку, але афішу робіць на зразумелай мове, бо гэта важныя рэчы, камунікацыя, прыводзіць прыклад юрыст. Тое ж самае з набажэнствамі. Паводле закона аб мовах, святары павінны валодаць абедзьвума дзяржаўнымі мовамі - гэта абавязак любых арганізацый Беларусі, іх кіраўнікоў і супрацоўнікаў. «А сваю „музыку“, свой „прадукт“, яны могуць „граць“ на той мове, на якой ім зручна», — патлумачыў суразмоўца.
Афіцыйныя мовы каталіцкага касцёла ў Беларусі - беларуская і польская
Выкарыстанне дзвюх моваў у беларускім касцёле склалася гістарычна. Гэтаму было некалькі прычын:
- у Савецкім саюзе вывучыцца на ксяндза можна было толькі ў Рызе — беларусам было няпроста туды патрапіць;
- ксяндзы, якія прыязджалі працаваць у Беларусь у пачатку 1990-х былі ў асноўным палякамі;
- рэлігійная літаратура, якую прывозілі з сабой святары, таксама была на польскай мове;
- сваіх, беларускамоўных кадраў, доўгі час у касцёле на хапала;
- у часткі католікаў у Заходняй Беларусі польская мова ў касцёле стала своеасаблівай сакральнай мовай, якая замяніла лацінскую. Яны не размаўляюць на ёй нідзе, але маліцца прывыклі і хочуць на гэтай мове. Пра гэта былі нават навуковыя даследаванні;
- многія каталіцкія традыцыі ў Беларусь прыйшлі з Польшчы — яны не агульнакаталіцкія, а менавіта лакальныя польскія;
- у рэшце рэшт, частка вернікаў сапраўды лічыць сябе палякамі і хоча маліцца на сваёй мове.
Цяпер дзвюхмоўе замацаванае касцёльнымі дакументамі — такое рашэнне прыняў Сінод касцёла ў канцы 1990-х. У Заходняй Беларусь ўсё яшчэ шмат польскай мовы ў касцёле, у цэнтральнай і усходняй частках краіны — пераважае беларуская. Пры гэтым, пра тое, што менавіта беларуская, а не польская мова, ёсць мовай будучыні беларускага касцёла, яшчэ 20 гадоў таму ўпэўнена пісалі нават польскія аўтары.
Адначасова касцёл не меў праблем, каб пры жаданні праводзіць службы і на іншых мовах. Як мінімум у Гродне і Магілёве нейкі час былі і зараз ёсць службы на рускай мове. Афіцыйна, бо на гэта быў запыт вернікаў. Дзе-нідзе ёсць імшы на англійскай мове для замежнікаў, імшы па-літоўску і нават па-лацінску. Але гэта ўсё адзінкавыя з’явы для дастаткова вузкіх катэгорый вернікаў.
Пытанне мовы для касцёла — не актуальнае
Пытанне мовы для каталіцкага касцёла ў Беларусі зараз неактуальнае і не ў прыярытэтах, упэўнены адзін з актыўных вернікаў з Гродзеншчыны, з якім паразмаўляў Hrodna.life.
«Існуе кансэнсус у беларускім касцёле, што ён -беларускамоўны. На Гродзеншчыне ёсць свае рэгіянальныя адрозненні - іх усе ўспрымаюць», — кажа актывіст касцёла. Ён звяртае ўвагу, што беларуская мова ў касцёле на Гродзеншчыне зрабіла за апошнія 30 гадоў вялікі прагрэс. Яна пачала з’яўляцца ў многіх храмах: хай не заўсёды ў самім богаслужэнні, але ў аб’явах, пропаведзях, зваротах — яны часта цяпер гучаць па-беларуску або на трасянцы.
«Агулам ідзе вельмі арганічны і спакойны працэс беларусізацыі касцёла — перш за ўсё Гродзеншчыны і заходніх частак Брэсцкай вобласці, дзе ёсць службы па-польску. Гэта далікатна і спакойна адбываецца, людзі да гэтага даходзяць», — тлумачыць працэс вернік.
Чытайце таксама: У касцёле на Смаргоншчыне зафарбавалі 100-гадовую фрэску, якая не спадабалася прапагандыстцы
Як касцёл стаў самай вялікай беларускамоўнай арганізацыяй у Беларусі
У самым пачатку 90-х касцёл у Беларусі быў цалкам польскамоўным. Першы кардынал Казімір Свёнтак не ўяўляў сабе беларускага касцёла, бо быў цалкам польскім чалавекам. Але 1990-я шмат змянілі. У тым ліку дзейнасць Задзіночання католікаў Беларусі, актыўным дзеячам якога быў Алесь Бяляцкі - сённяшні палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Задзіночанне шмат зрабіла для беларусізацыі касцёла ў цэнтральнай і ўсходняй частцы краіны. Бяляцкі ж быў тады вядомы сваёй выдавецкай дзейнасцю, удзелам у навучанні беларускай мове святароў, якія прыязджалі з Польшчы.
«У 90-я было закладзена шмат асноваў, якімі мы карыстаемся да сёння», — кажа каталіцкі актывіст. Змены адбываюцца і ў наш час. Прыклад — лідскі Фарны касцёл. «Там ужо некалькі гадоў на самыя вялікія святы імшы адбываюцца па-беларуску. Хаця цягам тыдня ў буднія імшы па-польску. Гэта ўпершыню ў гісторыі Ліды такое адбываецца», — прыводзіць прыклад суразмоўца Hrodna.life.
Іншы прыклад руху ў кірунку беларускасці - змены ў духоўнай семінарыі ў Гродне. З 2018 года яна стала міждыяцэзіяльнай і пачала рыхтаваць святароў для ўсёй Беларусі. Раней яна лічылася аплотам польскасці, але цяпер там толькі адзін так званы «польскі дзень» і адзін «лацінскі дзень» (калі моляцца на адпаведнай мове) у тыдзень. Рэшта — па-беларуску. «То бок, змена пакаленняў святароў таксама ўносіць карэктывы» — тлумачыць актывіст.
Чытайце таксама: «Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму». Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
«Касцёл працягвае інвеставаць сілы і рэсурсы ў пераклады. У мінулым годзе выдалі кодэкс кананічнага права на беларускай мове. Рыхтуецца да выдання Пяцікніжжа Маісея на беларускай мове. Касцёл фактычна застаецца найбольшая беларускамоўнай арганізацыяй у Беларусі», — перакананы наш суразмоўца.
Якая моўная будучыня ў беларускіх католікаў?
Каталіцкі актывіст, з якім паразмаўляў Hrodna.life, кажа, што змены ў касцёле будуць і ў будучыні. Яны могуць быць звязаныя са зменай іерархаў. Гродзенскаму біскупу Аляксандру Кашкевічу ўжо восенню 2024 года споўніцца 75 гадоў і ён будзе падаваць прашэнне аб пенсіі.
«Не сказаць, каб Кашкевіч быў антыбеларускі, але ён меў відавочны большы ўхіл у польскую мову. Новы біскуп можа паскорыць, а можа і спавольніць працэс беларусізацыі касцёла на Гродзеншчыне», — кажа вернік.
Сам ён лічыць, што існуючы сёння кірунак — правільны. Маўляў, нікога не трэба змушаць сілай да чагосьці ці прымаць нейкія дадатковыя законы.
«Гэта не так, што святары змушаюць вернікаў маліцца па-польску на Гродзеншчыне. Часта самі людзі не гатовыя маліцца па-беларуску, бо прывыклі ад дзеда-прадзеда маліцца па-польску. І людзям камфортней маліцца на той мове, на якой яны ведаюць малітвы. Гэта пытанне традыцый», — кажа вернік. Пры гэтым ён ўпэўнены, што беларускі касцёл абсалютна не гатовы маліцца па-руску: «Ёсць святары, якія ў сваім прапаведаванні выкарыстоўваюць рускую мову. Але гэта тычыцца, напрыклад, працы ў Instagram, а не мовы пропаведзяў ці службаў у касцёле».
Чытайце таксама: «Мы з Пярэселкі». Як вясковыя хлопцы баранілі Фарны касцёл у Гродне
А як з мовамі ў іншых цэрквах і краінах?
Праваслаўны святар айцец А* пакінуў Беларусь пасля падзеяў 2020 года. Ад таго часу яму давялося весці службы ў розных краінах. «Ва Украіне выкарыстоўваюць украінскую і царкоўна-славянскую, — расказаў ён Hrodna.life. — У Партугаліі - партугальскую, румынскую, звычайную рускую мову. Таксама спрабуюць выкарыстоўваць англійскую».
На думку святара, выбар мовы залежыць толькі ад прыхаджан. А яны жадаюць маліцца на розных мовах.
У лютэранскай царкве звычайна багаслужэнне праводзяць на той мове, якой карыстаюцца вернікі. Бо сам Марцін Лютэр звяртаў увагу, што малітва павінна быць зразумелай для людзей. Ён казаў пра неабходнасць перакладу лацінскіх гімнаў на мову народа. У Беларусь лютэранства прыйшло разам з нямецкімі майстрамі. Таму па традыцыі ў кірсе выкарыстоўваюць і гэту мову. Зборнікі гімнаў у беларускіх лютэран маюць два варыянты тэкстаў - па-нямецку і па-руску.
Іўдзеі лічаць агульнаю моваю ўсіх яўрэяў свету іўрыт. Праз тое іўдзейскія малітвы напісаны на іўрыце. Але маліцца на гэтай мове, калі не разумееш тэксту, няма сэнсу. Таму ў сінагогах равіны і тыя прыхажане, што ведаць мову, моляцца на іўрыце. Астатнім можна маліцца на мове, якой яны валодаюць.