З пачатку прэзідэнцкай кампаніі беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі 121 чалавек (па стане на 6 лістапада). Сярод іх — чатыры прадстаўнікі Гродзенскай вобласці.
Якія крытэрыі вырашальныя ў прызнанні чалавека палітычным зняволеным? Што для самога зняволенага значыць гэты статус? Hrodna.life разабраўся.
Палітычныя вязні - людзі, якія пераследуюцца ўладай за іх палітычныя погляды і дзеянні, рэпрэсаваныя ў ходзе канкрэтных кампаній. У нашым выпадку — у ходзе прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.
Большасць з 121 беларускага палітвязня былі затрыманыя ў жніўні пасля выбараў прэзідэнта.
У беларускім заканадаўстве няма паняцця «палітычны зняволены». Вызначэнне «палітычны» альбо «вязень сумлення» даюць праваабарончыя арганізацыі. У Беларусі рашэнне прымаюць калегіяльна праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Цэнтр прававой трансфармацыі, Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і іншыя. Усяго 9 арганізацый.
Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што асноўны крытэр — недаказанасць віны ў правапарушэнні і пакаранне за погляды. Таксама палітычнымі могуць прызнаць людзей, якія маюць дачыненне да рэальнага правапарушэння, але падвергнутых несправядліваму суду або якія атрымалі неадэкватна вялікае пакаранне па палітычных прычынах.
Чалавека не могуць прызнаць палітвязнем, калі здзейсніў гвалтоўнае правапарушэнне супраць асобы (акрамя выпадкаў самаабароны і крайняй неабходнасці) або распальваў нацыянальную, расавую ці рэлігійную нянавісць.
Дзмітрый Фурманаў (Гродна) — фігурант так званай «справы Ціханоўскага». Член ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Затрыманы падчас збору подпісаў у Гродне 29 траўня. Прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіна.
Ілля Паланянкін (Гродна) — быў затрыманы ў Гродні за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 6 верасня. Знаходзіцца ў статусе падазраванага па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Утрымліваецца ў турме ў Гродне.
Владимир Горох (Новогрудок) — был задержан по так называемому «кореличскому делу». Было предъявлено обвинение по ст. 293 УК (массовые беспорядки). Содержится в тюрьме в Гродно.
Уладзімір Гарох (Навагрудак) — быў затрыманы па так званай «карэліцкай справе». Было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Утрымліваецца ў турме ў Горадні.
Дзяніс Кірэшчанка (Навагрудак) — быў затрыманы 8 жніўня ў рамках справы аб масавых беспарадках. Спачатку ўтрымліваўся ў ізалятары ў Карэлічах, пасля быў пераведзены ў Гродна. Было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Утрымліваецца ў турме ў Гродне.
Спіс усіх палітвязняў у Беларусі можна паглядзець на сайце «Вясны».
«Па меры разгляду крымінальных спраў колькасць палітвязняў будзе расці, — лічыць праваабаронца цэнтра „Вясна“ Уладзімір Хільмановіч. — Іх і сёння нямала, але я баюся, што іх будзе вельмі шмат. Не сумняваюся, што калі пасля суда гродзенцы Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга застануцца за кратамі, то іх прызнаюць палітвязнямі. Для мяне асабіста яны ўжо палітвязні. Але ёсць пэўныя крытэрыі, якімі кіруюцца праваабаронцы. Кніга, Разнічэнка і іншыя пакуль не прызнаныя, таму што фармальна застаюцца верагоднымі ўдзельнікамі гвалтоўных дзеянняў. На судзе гэта ўсё павінна высветліцца».
Палітвязням могуць прызнаць і гродзенца Мікіту Самарына, які 25 жніўня адбіваў чалавека ў людзей у цывільным каля будынку Кастрычніцкага РАУС Гродна. Блізкія Мікіты кажуць, што ў міліцыі з яго выбівалі прызнальныя паказанні.
Палітычныя зняволеныя ў Беларусі часта былі «разменнай манетай» Аляксандра Лукашэнкі для зняцця еўрапейскіх і амерыканскіх санкцый. У мінулым кожнае вызваленне палітвязняў паляпшала адносіны з Захадам.
Сёння вядомымі палітычнымі зняволенымі з’яўляюцца палітыкі Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка і Павел Севярынец, блогеры Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік і іншыя.
З пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі заведзена больш за 900 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў і ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле дадзеных праваабаронцаў у Гродзенскай вобласці заведзена каля 55 крымінальных спраў. Многія падазраваныя знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае звесткі пра людзей, чый крымінальны пераслед звязаны з выбарчай кампаніяй і падзеямі пасля яе. Па стане на 5 лістапада сабрана больш за 450 імёнаў і прозвішчаў людзей з розных гарадоў краіны. 121 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант лічацца палітычнымі вязнямі. Спіс будзе абнаўляцца і дапаўняцца.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…