Гродна і Магілёў - гарады на двух розных канцах Беларусі. Што ў іх можа быць агульнага? Аказваецца, нямала. Напрыклад, абодва гарады так ці інакш прэтэндавалі на званне… сталіцы! Краязнаўцы Аляксей Шота з Гродна і Аляксей Бацюкоў з Магілёва запусцілі падкаст «Усход — Захад», дзе даследуюць невідавочныя сувязі паміж двума рэгіянальнымі цэнтрамі Беларусі. Hrodna.life тэзісна пераказвае першы выпуск падкаста.

Якія прэтэнзіі на «сталічнасць» ёсць у Гродна і Магілёва?

Як Магілёў ледзь не стаў сталіцай БССР

У Магілёў планавалася перанесці сталіцу ў міжваенныя часы, калі мяжа з Польшчай праходзіла за 30 км ад Мінска. З таго часу захаваліся сляды, такія як, напрыклад, назва чыгуначнай станцыі «Беларусь» у Заслаўі - яна называлася так, бо была вельмі блізка да тагачаснай савецка-польскай мяжы.

Тады перад уладамі стаяла даволі вострае пытанне, што Мінск знаходзіцца занадта блізка да мяжы варожай дзяржавы. Для пераносу сталіцы абмяркоўваліся тры гарады далей на ўсход: Віцебск, Магілёў і Гомель. Было вырашана, што Магілёў найбольш падыходзіць па колькасці насельніцтва і па тым, наколькі ён насычаны прамысловымі прадпрыемствамі.

Аляксей Шота: Я чуў такую байку. Калі ў міжваенны час будавалі оперны тэатр у Мінску, ён меў быць насамрэч значна вышэйшы, а наверсе мела быць вялізная статуя Сталіна. Але яе пабаяліся ставіць, бо занадта блізка была мяжа варожай буржуазнай Польшчы. Маўляў, палякі маглі б у яе стрэліць. Гэта, канешне, толькі байка.

Прайшлі першасныя мерапрыемствы па пераносе сталіцы. Пачалі перабудоўваць горад. У Магілёве пабудавалі Дом Саветаў - копія мінскага Дома ўраду, створанага паводле праекту архітэктара Іосіфа Лангбарда. У Магілёў быў перанесены Беларускі гістарычны архіў, які аж да 80-х гадоў размяшчаўся ў касцёле Святога Станіслава. І гэта адзіная інстытуцыя, якая ажыццявіла рэальны перанос у Магілёў.

У 1939 годзе ў выніку далучэння Заходняй Беларусі да БССР мяжу перасунулі і гэты праект наглуха быў забыты. Але ўторгненні ў прастору гістарычнага Магілёва адбыліся і засталіся да гэтага часу. У горадзе ёсць цэлы праспект, які з’яўляецца сведкам той перабудовы і перапланіроўкі.

Магілёў - другі па значэнні горад у ВКЛ

Што да такой сталічнасці і выключнасці Магілёва, то падстава не толькі ў савецкім перыядзе. Але і ў тым, што Магілёў па сутнасці яшчэ з часоў сталага сярэднявечча, канца XVI стагоддзя, быў другім па эканамічным значэнні горадам у Вялікім княстве Літоўскім.

Гэта адзіны горад на тэрыторыі Беларусі, у якога не толькі замак быў моцны і абаронены, але былі цэлыя тры лініі абароны. Усе гэтыя лініі забяспечвалі самі магілёўцы. Гэта былі сучасныя на той момант еўрапейскія фартыфікацыі: адна лінія гэта ўласна сам замак, другая лінія ахоплівала старую частку горада, а трэцяя лінія ішла па палях, па ярах і ахоплівала практычна ўвесь горад, абараняючы яго з усіх бакоў. Нават за Дняпром, як лічыцца, ішла асобная лінія абароны.

Гродна — трэцяя сталіца Рэчы Паспалітай?

Фармальнай сталіцай Рэчы Паспалітай, так як Кракаў (а пазней Варшава) і Вільня, Гродна ніколі не быў. Але пачынаючы з 1673 года там адбываўся кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай. Таксама ў Гродне да сёння захаваліся ажно два каралеўскія замкі: замак Стэфана Баторыя і палац Аўгуста III.

Асоба Баторыя заўсёды была важнай для гродзенцаў. У міжваеннны час, калі горад турыстычна прасоўваў сябе, то выкарыстоўваліся ў асноўным два брэнды: «горад Ажэшкі» і «горад Баторыя». На тым, што Баторый вельмі любіў горад і зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй, і грунтуецца ўпэўненасць гродзенцаў, што іх горад — яшчэ адна сталіца Рэчы Паспалітай.

Аляксей Бацюкоў: Для мяне стала адкрыццём, што ў Гродне даўняя традыцыя вось гэтай «сталічнасці». Я ведаў, што там была каралеўская рэзідэнцыя, часам там былі сеймы. Але што гэта дае падставы Гродна зараз вымяраць нейкую сваю сталічнасць? Пра такую прэтэнзію я зразумеў толькі ў адным выпадку. Калі быў на музейным форуме ў Гродне, то заўважыў, што там кошты на арэнду жытла такія самы, як у Мінску.

Гродна — другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі? А Магілёў - адзіны буйны горад, які афіцыйна прызнаў БНР?

Калі ў 2008 годзе грамадства адзначала 90 год з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, з’явіўся слоган «Гродна — другая сталіца БНР». Якая была падстава такога сцвярджэння?

Справа ў тым, што калі Мінск заняла Чырвоная Армія, Рада БНР перабралася ў Гродна. Захаваліся будынкі і месцы, дзе жылі чальцы Рады, дзе яны сустракаліся і праводзілі пасяджэнні. Гэта дазволіла выдаць у 2008 годзе набор паштовак, звязаных з дзейнасцю БНР і агулам беларускім рухам пачатку XX ст. у Гродне. Месцы склаліся ў своеасаблівы турыстычны маршрут.

Аляксей Бацюкоў: Тое, што Гродна — другая сталіца БНР, мяне здзівіла. У нашым магілёўскім грамадстве сярод гісторыкаў панавала ўвесь час меркаванне, што Магілёў, канешне, не другая сталіца, але адзіны губернскі горад на тэрыторыі Беларусі, пасля Мінска, які прызнаў незалежнасць БНР. Прычым на прадстаўнічым, даволі шматлюдным дэпутацкім пасяджэнні, дзе былі прадстаўнікі практычна ўсіх грамадскіх арганізацый горада. Мінск тады ўжо быў пад арміяй кайзера. Немцы тады ўжо былі і ў Магілёве, толькі частка Магілёва засталася пад уладай бальшавікоў. І вось у гэтых умовах адзін магілёўскі актывіст Міхаіл Кахановіч стаў ініцыятарам сходу прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Там было штосьці каля 129 дэлегатаў, якія прадстаўлялі і яўрэйскія арганізацыі, і агульнарасійскія арганізацыі, і канкрэтна магілёўскія, дабрачынныя, культурніцкія, асветніцкія. І яны ўсе практычна без спрэчак Беларускую Народную Рэспубліку.

Рэгіёны супраць Мінска

Гродна і Магілёў не без іроніі ставяцца да сталіцы. У Гродне некалі жартавалі пра ўвядзенне віз для мінчукоў і казалі: «У Мінску ўсё па-свінску. У Гродна ўсё модна, а Астравец свету канец». У Магілёве было вельмі падобнае выказванне: «У Мінску жывуць па-свінску. У Слуцку жывуць па-людску. У Віцебску ўсё кепска. У Дрыбіне даюць па рыбіне, а мы з Магілёва, дзе ўсё правідлова».

Верагодна, розныя версіі показкі «ў Мінску ўсё па-свінску» распаўсюджаныя і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Але пачуццё асаблівасці ў гродзенцаў надзвычай моцнае. Не дзіўна, што калі ў 2017 годзе ў легендзе вайсковых вучэнняў «Захад» прыдумалі фіктыўную дзяржавы «Вейшнорыя», мем пра яе асабліва падтрымалі гродзенцы.

Вядоўцы падкаста згадзіліся таксама наконт таго, што, з пункту гледжання іх гарадоў, Мінск — «вампір, які высмоктвае кроў з рэгіёнаў».

Горадня ці Гародня? Магілёў ці Магілеў?

Аказваецца, не толькі ў Гродне ёсць варыятыўнасць у назве горада. Сучасная ўнармаваная версія — Гродна, але дагэтуль ідуць спрэчкі, якой павінна быць «гістарычная» назва: Горадня ці Гародня? Пры гэтым пра абедзве версіі можна пачуць, што яны прыдуманыя. Маўляў, «Гародню» прыдумаў Караткевіч, а «Горадню» — мінскія філолагі на чале з Вінцуком Вячоркам. А ёсць жа яшчэ літоўскі Гардзінас і нямецкі Гартэн!

У Магілёва, здавалася б, усё прасцей. Але і там ёсць альтэрнатыўны варыянт назвы.

Аляксей Бацюкоў: У нас такая хвароба вельмі хутка прайшла. Яна ў нас пачалася ў 90-х гадах, калі з’явіліся версіі, што трэба называць не Магілёў, а Магілеў. Нават ёсць такі верш: «Магілёў, а быў жа Магілеў». Гэта першы радок верша, апублікаванага ў, па-мойму, 1996-м годзе пад аўтарствам Ігара Аляксандравіча Марзалюка.

Спрэчка наконт назвы Магілёва хутка закончылася, Паднялі дакументы, паглядзелі, адкуль магла бы ўзяцца такая форма і ці адпавядае яна беларускай мове. Высветлілася, што гэтая форма сустракалася толькі ў нейкіх польскамоўных крыніцах. Таму магілёўцы палічылі, што гэта такі нягеглы паланізм, які не прыжыўся, і забылі пра яго.

Што яшчэ абмяркоўвалі ў падкасце?

  • Статусы «культурнай сталіцы Беларусі», якія мелі і Гродна, і Магілёў.
  • Значэнне гарадскога самакіравання, Магдэбургскага права і наяўнасць ратушы.
  • Архітэктурныя ансамблі, якія сведчаць пра «сталічнасць» Магілёва і Гродна.
  • Назвы гродзенскіх вуліц.
  • Турыстычную прывабнасць Гродна і Магілёва
  • Праблемы захавання спадчыны.

Слухайце іншыя падкасты на канале «Падкасты Гродна».