Я ўсё жыццё «худнела» і дажыла амаль да 100. Кілаграмаў. Ад трохзначнай лічбы на вагах мяне аддзяляе зусім няшмат. Жыць з такой вагай цяжка і нязручна. За 3 месяцы я хачу скінуць 10 кілаграмаў. Каб усё атрымалася, буду кансультавацца са спецыялістамі ад фітнесу і медыцыны. Не адкладаючы, пачынаю сёння — 15 ліпеня, з 98 кілаграмаў. Да 15 кастрычніка я буду важыць на 10 кг менш. (Але гэта не дакладна). Гэта першы тэкст спецпраекта Hrodna.Life # мінус10. Матэрыялы праекта будуць выходзіць раз на тыдзень.
Колькі сябе памятаю, колькі б я не важыла, я ўвесь час думала — трэба худнець. Я худнела пасля родаў, да лета і дзеля новай сукенкі. Я лічыла прыёмы ежы, калорыі і крокі. Я худнела на дыетах, прабежках і разгрузных днях.
Зараз мне 50. За апошнія 5 гадоў я набрала амаль 20 кілаграмаў. Ўжо апрабаваныя спосабы пахудання для мяне больш не працуюць. Гэта праблема. Я марную сілы проста на тое, каб насіць лішнія кілаграмы.
Я такая не адна. Паводле дадзеных Белстата за 2019 год залішняя вага ёсць у 25% беларусаў, старэйшых за 16 гадоў. Ва ўзроставай групе 50+ такіх людзей 37%. Большая частка з іх — жанчыны.
10 кг за 3 месяцы — так, гэта магчыма
Цяпер я буду худнець па навуцы — у суправаджэнні спецыялістаў. Першы з іх — інструктар трэнажорнага цэнтра «Максі» Антон Дзмітрычэнка. Маю мэту — мінус 10 кілаграмаў за 3 месяцы, ён ацаніў як рэальную.
Па словах Антона, з запытам схуднець ў трэнажорную залу прыходзяць «у асноўным усе». Тое, што я нашмат старэйшая і цяжэйшая чым большасць звычайных кліентак, яго не бянтэжыць. Узрост — не праблема, а проста фактар, які ўлічваецца пры распрацоўцы індывідуальнай праграмы пахудання. У маім выпадку не патрэбныя вялікія фізічныя нагрузкі. Асноўная ўвага — на размінкі, падтрымку рухомасці суставаў і агульнага тонусу цела.
— Ці атрымаецца схуднець з такім падыходам?
— Канечне. Асноўнае для пахудання — гэта харчаванне.
Схуднець лёгка. Я сама 100 разоў спрабавала
Па словах Антона, усё вельмі проста. Трэба:
Вось тут мне перастала быць смешна.
Своечасова класціся спаць? Я забылася, калі засынала раней паўночы. Мне не хапае дня на ўсё, што хочацца зрабіць. Вечныя дэдлайны не спрыяюць спакойнаму сну па 8 гадзін.
Дэфіцыт калорый? Бывае, вяртаюся позна дадому, стомленая і галодная. А муж прыйшоў крыху раней і ўжо падсмажыў бульбачкі. І хочацца адразу паесці бульбачкі, потым расплакацца ад крыўды і пасварыцца з мужам, а потым яшчэ заесці бульбачкаю стрэс. Вось табе і ўвесь дэфіцыт калорый.
З рухальнай актыўнасцю зусім бяда. Я было вырашыла шпацыраваць кожны дзень у Пышках. Ды мне то часу шкада, то стамілася за дзень, то надвор’е не тое.
І як тут схуднець?
«Першы тыдзень будзем назіраць»
Чароўных таблетак у Антона няма. Затое ў яго ёсць план. Каб скласці індывідуальную праграму для пахудання, трэба ацаніць мой лад жыцця. Для гэтага першы тыдзень мне трэба толькі сумленна лічыць калорыі і адпраўляць Антону ў мэсанджар справаздачы аб харчаванні. Заняткаў у залі будзе два.
Як дасведчаная похудальшчыца, я адразу паставіла новы мабільны дадатак для падліку калорый і вызначыла планку па калорыях ў 1500 штодня. Яшчэ — зрабіла серыю «фотачак да» і нават выходжу вечарам на шпацыр скандынаўскай хадой.
Добра, што ўчора з гасцямі я з’ела дзве булачкі з тварагом і чарніцамі і кавалак торта з арэхамі. Будзе што ўспамінаць доўгімі галоднымі вечарамі.
Чытайце працяг: Мінус 4 за тыдзень ці з чаго пачынаецца пахуданне