Спадчына

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных могілак, руін замкаў і млыноў. Мы ўжо раілі 7 месцаў для Хэлоўіна ў Гродне, а зараз прапануем містычныя лакацыі ў вобласці. Яны не толькі пагрузяць вас у жудасную атмасферу свята, але і пазнаёмяць з багатай гісторыяй рэгіёна.

1. Вадзяны млын у Росі

Чаму пасуе для Хэлоўіна:

Старыя вадзяныя млыны на Гродзеншчыне паціху руйнуюцца — за апошнія гады быў страчаны амаль дзясятак такіх будынкаў. А тыя, што захаваліся, сваю прамую функцыю даўно не выконваюць, каменныя жорны паціху расцягваюць аматары даўніны для ўпрыгожвання хат і ўчасткаў. Але таямнічую атмасферу тут усё яшчэ можна адчуць — нездарма ж нашы продкі верылі, што побач з млынамі водзяцца чэрці і вадзяныя. Можа менавіта таму зараз побач з млыном у Росі стаіць валун з грозным надпісам «Купанне забаронена»?

Дзе шукаць:

Пасёлак Рось, Ваўкавыскі раён. Каардынаты млына: 53.283 033, 24.416 819

Бліжэйшыя да Гродна вадзяныя млыны ёсць у Ласосне, Тарусічах, Чэхаўшчызне. А калі ёсць магчымасць праехацца далей — рэкамендуем гіганцкі чатырохпавярховы млын Патоцкіх у Росі ці падобны, але паменш, у Зэльве. Цікавы і драўляны млын у Гальшанах. А ўвогуле закінутых млыноў мноства. Ёсць і адрэстаўраваныя — але яны ў вечар Хэлоўіна не вельмі цікавыя.

2. Руіны Гальшанскага замка

Чаму пасуе для Хэлоўіна:

Руіны старажытнага замка ў Гальшанах — адно з самых вядомых «містычных» месцаў у Беларусі. Шмат у чым гэта заслуга Уладзіміра Караткевіча і яго рамана «Чорны замак Альшанскі». Але свой уклад унеслі і мясцовыя «фірмовыя» прывіды: Белая панна (або Белая дама) і Чорны манах.

Звычайна легенду пра іх расказваюць так: маладая княгіня Ганна-Гардзіслава Альшанская пакахала прасталюдзіна Грэмыслава Валюжыніча. На спатканні ён прыходзіў у адзенні манаха. Калі муж княгіні даведаўся пра гэта, ён загадаў замураваць палюбоўнікаў у падзямеллі замка. Сёння «прывідаў» можна ўбачыць і ўнутры замка, і звонку — у выглядзе фігур, устаноўленых музейшчыкамі.

Праўда, апошнія гады руіны Гальшанскага замка ўжо не такія змрочныя як раней: пасля рэстаўрацыі іх расчысцілі і акультурылі.

Дзе шукаць:

Вёска Гальшаны, Ашмянскі раён. Каардынаты замка: 54.251 432, 26.20 316

3. Крэўскі замак

Чаму пасуе для Хэлоўіна:

Руіны Крэўскага замка XIV стагоддзя, як і руіны ў Гальшанах, закранула рэканструкцыя. Цяпер яны не выглядаюць такімі закінутымі, але гэта не мяняе іх крывавай гісторыі. У 1382 годзе тут у зняволенні па загадзе князя Ягайлы задушылі яго дзядзьку — князя Кейстута. Падчас Першай сусветнай вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш за тры гады менавіта тут праходзілі пазіцыйныя баі. Немцы выкарыстоўвалі замак як умацаванне, тут былі склады і наглядальныя пункты. Так што не дзівуйцеся, калі сустрэнеце тут у Хэлоўін здані не ў рыцарскіх даспехах, а ў ваеннай форме пачатку XX стагоддзі.

Варта таксама наведаць Юр’еву гару з выдатным відам на ўсе Крэва і старыя яўрэйскія могілкі - усё гэта недалёка ад замка.

Дзе шукаць:

Вёска Крэва, Смаргонскі раён. Каардынаты замка: 54.309 219, 26.282 460

4. Палац у Жалудку

Чаму пасуе для Хэлоўіна:

Велізарны закінуты палац з запусцелымі пакоямі і зарослым паркам — гэта месца, поўнае таямніц і загадак, якое стварае ідэальную атмасферу для начных прагулак на Хэлоўін. Праўда, складана сказаць, ці можна туды патрапіць уначы. Цяпер палац зноў на балансе дзяржавы, бо ранейшыя ўладальнікі не справіліся з рэстаўрацыяй.

Палац пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя як рэзідэнцыю княжацкай сям'і Святаполк-Чацвярцінскіх. А знакамітым ён стаў у сярэдзіне 2000-х, калі тут знялі «першы беларускі хорар» — фільм «Масакра». Так што аматары пярэваратняў і ваўкалакаў абавязкова павінны тут пабываць.

Дзе шукаць:

Пасёлак Жалудок, Шчучынскі раён. Каардынаты: 53.600 949, 24.957 634

5. Манаскі скіт у Пераломе

Чаму пасуе для Хэлоўіна:

Па ўсёй Гродзеншчыне захавалася мноства капліц, у тым ліку дастаткова змрочных, пахавальных. Але мы прапануем з’ездзіць у вёску Пералом, 20 км ад Гродна, пад самай літоўскай мяжой. Там пасярод лесу захаваліся рэшткі манастыра капуцынаў: просценькі драўляны касцёльчык і невялікая хатка-халупа, дзе перыядычна заязджае пажыць пустэльнікам які-небудзь манах.

Службы праходзяць там усяго двойчы за год, вёска фактычна вымерла і ператварылася ў дачны пасёлак для гродзенцаў. Але атмасфера таямнічага лесу, старажытнай Гродзенскай пушчы, цалкам адпавядае духу Хэлоўіна. Праўда, калі вы застанеце на месцы манаха-капуцына, ён можа паспрабаваць пераканаць вас, што лепш адзначаць каталіцкі Дзень усіх святых.

Дзе шукаць:

Вёска Пералом, Гродзенскі раён. Каардынаты: 53.893 595, 23.784 992

Бонус: Каложская царква

Чаму пасуе для Хэлоўіна:

Можна ўвогуле нікуды з Гродна не выязджаць, а ўзлезці на высокі бераг Нёмана ў цэнтры горада. Найстарэйшая царква Беларусі размешчана на схіле ўзгорка і выглядае асабліва таямніча на фоне ранішніх туманаў, якія ахутваюць Нёман. Увечары адсюль выдатныя віды на заход сонца. Ну і некалі царкву атачалі могілкі і дзесьці там можа блукаць прывід жорсткага воіна Давыда Гарадзенскага…

Дзе шукаць:

Каложская царква — адна з галоўных славутасцяў Гродна. Калі вы раптам не ведаеце, як туды патрапіць — вось вам каардынаты для навігатара: 53.6784, 23.818 551.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025