Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных могілак, руін замкаў і млыноў. Мы ўжо раілі 7 месцаў для Хэлоўіна ў Гродне, а зараз прапануем містычныя лакацыі ў вобласці. Яны не толькі пагрузяць вас у жудасную атмасферу свята, але і пазнаёмяць з багатай гісторыяй рэгіёна.
1. Вадзяны млын у Росі
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Старыя вадзяныя млыны на Гродзеншчыне паціху руйнуюцца – за апошнія гады быў страчаны амаль дзясятак такіх будынкаў. А тыя, што захаваліся, сваю прамую функцыю даўно не выконваюць, каменныя жорны паціху расцягваюць аматары даўніны для ўпрыгожвання хат і ўчасткаў. Але таямнічую атмасферу тут усё яшчэ можна адчуць – нездарма ж нашы продкі верылі, што побач з млынамі водзяцца чэрці і вадзяныя. Можа менавіта таму зараз побач з млыном у Росі стаіць валун з грозным надпісам “Купанне забаронена”?

Дзе шукаць:
Пасёлак Рось, Ваўкавыскі раён. Каардынаты млына: 53.283033, 24.416819
Бліжэйшыя да Гродна вадзяныя млыны ёсць у Ласосне, Тарусічах, Чэхаўшчызне. А калі ёсць магчымасць праехацца далей – рэкамендуем гіганцкі чатырохпавярховы млын Патоцкіх у Росі ці падобны, але паменш, у Зэльве. Цікавы і драўляны млын у Гальшанах. А ўвогуле закінутых млыноў мноства. Ёсць і адрэстаўраваныя – але яны ў вечар Хэлоўіна не вельмі цікавыя.
2. Руіны Гальшанскага замка
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Руіны старажытнага замка ў Гальшанах – адно з самых вядомых “містычных” месцаў у Беларусі. Шмат у чым гэта заслуга Уладзіміра Караткевіча і яго рамана “Чорны замак Альшанскі”. Але свой уклад унеслі і мясцовыя «фірмовыя» прывіды: Белая панна (або Белая дама) і Чорны манах.



Звычайна легенду пра іх расказваюць так: маладая княгіня Ганна-Гардзіслава Альшанская пакахала прасталюдзіна Грэмыслава Валюжыніча. На спатканні ён прыходзіў у адзенні манаха. Калі муж княгіні даведаўся пра гэта, ён загадаў замураваць палюбоўнікаў у падзямеллі замка. Сёння “прывідаў” можна ўбачыць і ўнутры замка, і звонку – у выглядзе фігур, устаноўленых музейшчыкамі.
Праўда, апошнія гады руіны Гальшанскага замка ўжо не такія змрочныя як раней: пасля рэстаўрацыі іх расчысцілі і акультурылі.
Дзе шукаць:
Вёска Гальшаны, Ашмянскі раён. Каардынаты замка: 54.251432, 26.020316
3. Крэўскі замак
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Руіны Крэўскага замка XIV стагоддзя, як і руіны ў Гальшанах, закранула рэканструкцыя. Цяпер яны не выглядаюць такімі закінутымі, але гэта не мяняе іх крывавай гісторыі. У 1382 годзе тут у зняволенні па загадзе князя Ягайлы задушылі яго дзядзьку – князя Кейстута. Падчас Першай сусветнай вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш за тры гады менавіта тут праходзілі пазіцыйныя баі. Немцы выкарыстоўвалі замак як умацаванне, тут былі склады і наглядальныя пункты. Так што не дзівуйцеся, калі сустрэнеце тут у Хэлоўін здані не ў рыцарскіх даспехах, а ў ваеннай форме пачатку XX стагоддзі.
Варта таксама наведаць Юр’еву гару з выдатным відам на ўсе Крэва і старыя яўрэйскія могілкі – усё гэта недалёка ад замка.

Дзе шукаць:
Вёска Крэва, Смаргонскі раён. Каардынаты замка: 54.309219, 26.282460
4. Палац у Жалудку
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Велізарны закінуты палац з запусцелымі пакоямі і зарослым паркам – гэта месца, поўнае таямніц і загадак, якое стварае ідэальную атмасферу для начных прагулак на Хэлоўін. Праўда, складана сказаць, ці можна туды патрапіць уначы. Цяпер палац зноў на балансе дзяржавы, бо ранейшыя ўладальнікі не справіліся з рэстаўрацыяй.

Палац пабудавалі ў пачатку XX стагоддзя як рэзідэнцыю княжацкай сям’і Святаполк-Чацвярцінскіх. А знакамітым ён стаў у сярэдзіне 2000-х, калі тут знялі “першы беларускі хорар” – фільм “Масакра”. Так што аматары пярэваратняў і ваўкалакаў абавязкова павінны тут пабываць.
Дзе шукаць:
Пасёлак Жалудок, Шчучынскі раён. Каардынаты: 53.600949, 24.957634
5. Манаскі скіт у Пераломе
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Па ўсёй Гродзеншчыне захавалася мноства капліц, у тым ліку дастаткова змрочных, пахавальных. Але мы прапануем з’ездзіць у вёску Пералом, 20 км ад Гродна, пад самай літоўскай мяжой. Там пасярод лесу захаваліся рэшткі манастыра капуцынаў: просценькі драўляны касцёльчык і невялікая хатка-халупа, дзе перыядычна заязджае пажыць пустэльнікам які-небудзь манах.


Службы праходзяць там усяго двойчы за год, вёска фактычна вымерла і ператварылася ў дачны пасёлак для гродзенцаў. Але атмасфера таямнічага лесу, старажытнай Гродзенскай пушчы, цалкам адпавядае духу Хэлоўіна. Праўда, калі вы застанеце на месцы манаха-капуцына, ён можа паспрабаваць пераканаць вас, што лепш адзначаць каталіцкі Дзень усіх святых.
Дзе шукаць:
Вёска Пералом, Гродзенскі раён. Каардынаты: 53.893595, 23.784992
Бонус: Каложская царква
Чаму пасуе для Хэлоўіна:
Можна ўвогуле нікуды з Гродна не выязджаць, а ўзлезці на высокі бераг Нёмана ў цэнтры горада. Найстарэйшая царква Беларусі размешчана на схіле ўзгорка і выглядае асабліва таямніча на фоне ранішніх туманаў, якія ахутваюць Нёман. Увечары адсюль выдатныя віды на заход сонца. Ну і некалі царкву атачалі могілкі і дзесьці там можа блукаць прывід жорсткага воіна Давыда Гарадзенскага…
Дзе шукаць:
Каложская царква – адна з галоўных славутасцяў Гродна. Калі вы раптам не ведаеце, як туды патрапіць – вось вам каардынаты для навігатара: 53.6784, 23.818551.



