Свой бровар павінен быць у кожным горадзе, таму і Гродна не павінен застацца ў баку, перакананыя стваральнікі рэстарана “Госці” ў Гродне. Тут напой будуць варыць на месцы. Адкрыццё плануецца ўжо ў чэрвені. Інтэр’ер будзе выкананы ў стылі, напоўненым духам старой Еўропы, а занаванне дапаможа стварыць камфортныя ўмовы для ўсіх наведвальнікаў.
Для стваральнікаў гэта першы праект бровара, але ў іх ужо ёсць вопыт у рэстаранным бізнэсе, распавёў Hrodna.life арт-дырэктар будучай установы.
– Вельмі хацелася зрабіць нешта адначасова і ўнікальнае, і аўтэнтычнае для нашага горада. Такі фармат установы ў нейкай ступені прадыктаваны самой аўдыторыяй – Гродна чакаў працягу гісторыі бровара. І мы яе рэалізавалі: першыя і пакуль адзіныя, – распавялі Hrodna.life рэстаратары. Выношвалі ідэю каля года. Столькі ж часу сышло на рэалізацыю з усімі тэхнічнымі нюансамі.

Першапачаткова абсталяванне для бровара планавалася пастаўляць з Чэхіі, але ў выніку стваральнікі сталі супрацоўнічаць з Расіяй. Усё абсталяванне і сыравіна ўжо прайшлі ўзгадненне з МНС і санэпідстанцыяй. Аб’ёмы будуць дазваляць варыць да 12 тон напою ў месяц. Асартымент будзе абнаўляцца: пасля таго, як скончыцца адзін аб’ём, звараць новы. Рэцэптуру і тэхналогію адточваюць запрошаныя расійскія півавары. Працэс стваральнікі паказалі ў Instagram.
Чытайце таксама: На гродненском пивзаводе к 2024 году откроют мини-пивоварню, паб и музей
– На працягу апошніх гадоў у нашай краіне ўслед за еўрапейскімі праходзіць сапраўдная крафт-рэвалюцыя. У буйных і невялікіх гарадах актыўна з’яўляюцца піўныя пабы і рэстараны. Тлумачэнне – мяняецца светапогляд, – кажуць стваральнікі.
Занаванне і інтэр’ер
Рэстаран вырашылі назваць “Госці”. “Простая і зборная назва кажа, што ў нашай установе знойдзецца месца для кожнага: і для кампаніі сяброў, і для адпачынку з блізкімі”, – тлумачаць стваральнікі.

Рэстаран размесціцца на вул. Замкавай, 3. Сам будынак таксама з гісторыяй – у XIX стагоддзі яго ўзводзілі для праваслаўнага братэрства. Памяшканне дзеліцца на некалькі зон, дзе можна арганізаваць і сяброўскія вячоркі, і шумнае свята з жывой музыкай – сцэну ў памяшканні таксама прадугледзелі.
“У інтэр’еры спалучаем матэрыялы, якія не будуць адцягваць ад “тэмы” піваварства, але стыль і канцэпцыя не будзе спрашчаць ўспрыманне ўстановы да піўнога бара, – патлумачылі стваральнікі Hrodna.life. – Інтэр’ер будзе выкананы ў стылі, напоўненым духам старой Еўропы. Некаторыя элементы дызайну будуць падкрэсліваць аўтэнтычнасьць Гродна: тут знойдзецца месца як грубаму металу, так і цёпламу дрэву”.
Некаторыя элементы, якія захаваліся ў інтэр’еры, адаптавалі пад сучасны дызайн. Таксама стваральнікі абяцаюць асвятленне з плаўнай рэгулёўкай інтэнсіўнасці ў цёплай гаме, каб гасцям было камфортна з раніцы і да позняга вечара.

“Зразумелае і смачнае” мяса
У рэстаране абяцаюць стравы “выключна знаёмыя беларусам і найбліжэйшым суседзям”: “зразумелае і смачнае” мяса, шырокі выбар закусак, добры выбар гарачых страў. Дакладны асартымент пакуль не раскрываюць. Пастаўшчыкамі будуць фермеры і фермерскія гаспадаркі, каб натуральнасць і якасць былі найвышэйшымі. “Увесь персанал будзе складацца выключна з дасведчаных супрацоўнікаў, якія дадаткова пройдуць навучанне па спецыфіцы піваварства”, – абяцаюць стваральнікі.

Інфармацыю аб ўкладзеных сродках стваральнікі вырашылі не афішаваць. Адкрывацца ў пандэмію і не самы просты для Беларусі час яны не баяцца:
– Наш праект доўгатэрміновы. Не ацэньваем цікавасць аўдыторыі ў кароткатэрміновай перспектыве, таму звязаныя з вірусам меры засцярогі дадуць свае вынікі і гродзенцы і госці горада змогуць стаць нашымі гасцямі, – перакананыя ў бровары.
Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю











