Сёлетнія аўтабаі, што прайшлі пад Гродна 19 жніўня, трымалі гледачоў у напружанні да апошняй хвіліны. Вынік апошняга двубою ў катэгорыі «База» цяжка было прадказаць яшчэ за хвіліну да сканчэння. Белая «Волга» Аляксандра Салейкі са Слоніма ўпэўнена атакавала і ціснула суперніка да сцяны. Валерый Шайтанаў на чорнай «Волзе» ўпарта трымаўся, хаця доўга не мог зрушыць аўтамабіль з месца. Але «белы сцяг» над машынай так і не з’явіўся.
Белыя пачынаюць і… не перамагаюць
«Ён не бачыць, што колы прабітыя і ўсё яшчэ на нешта спадзяецца», — каментаваў вядучы. «Саша, ты яго зрабіў!» — крычалі з трыбун. А тым часам абодва монстры нерухома застылі ля саламянай сцяны. Адзін захрас коламі, у другога замоўк рухавік. Сітуацыя склалася патавая, амаль як у шахматах. Вырашыць нерухомы фінал магло толькі судзейскае ўмяшальніцтва. Пагрузчык выцягнуў машыны на цэнтр поля, гледачы чакалі працягу.
За хвіліну да перамогі
«Завесці рухавік так і не ўдалося, — распавёў Аляксандр Салейка. — Ізноў атрымаў другое месца, як летась на „Генры“. Трохі крыўдна, што машына здалася за хвіліну да перамогі. Але нічога, гэта не апошні бой».
«База ПРО» — першы прыз застанецца ў Гродне
У гэтай катэгорыі першынства ўпэўнена атрымаў Мікалай Журовіч з Гродна. Першы раз каманда з яго «разборкі» удзельнічала ў аўтабаях летась. «Прынялі прапанову з рэкламных мэтаў, — прызнаецца Мікалай. — А потым уцягнуліся і захапіла».
Сёлета захапленне дало свой плён. Падрыхтаваць Рэно-25 да спаборніцтваў дапамагаў камандзе дасведчаны пілот Аляксандр Ульянаў. Ён параіў канструкцыю ўзмацнення кузава і кансультаваў падчас зборкі.
Тое, што сёлета ён сам не выйшаў у пераможцы, Аляксандра не расчаравала: «У такіх баях практычна немагчыма ўсё заранёў пралічыць. Кожны раз узнікаюць новыя нюансы — ніхто не ведае што, як і калі можа зламацца».
З чаго складаецца перамога
На думку Мікалая, асноўным складнікам перамогі стала зладжаная праца ўсёй каманды. «Паломка, якую машына атрымала ў першым баі, магла б стаць апошняй для многіх. Кола вырвала разам з цапфай. Але нашы механікі справіліся з праблемай літаральна хвілін за сем».
Не дайшлі да фініша
Увагу гледачоў сёлетняга шоў прыцягвала машына пілота Дзяніса Рудзені. Сярод брутальных монстраў упрыгожаная карункамі белая «НеVesta» глядзелася незвычайна. «Гэта быў наш дэбют — атрымалі мора адрэналіну. Машына таксама добра сябе паказала — вытрымала вельмі сур’ёзныя ўдары, механікі пастараліся».
У аздабленні «нявесты» паўдзельнічалі і жанчыны. Ляльку-талісман, што ўпрыгожвала дах аўтамабіля, прынеслі Аня і Маргарыта Кутоўскія. «Я ўжо не гуляю з лялькамі, але трохі шкада было аддаваць. Мама ўгаварыла», — прызналася Маргарыта. Аргументам Ані, што ўпэўніў дачку, стала магчымасць прынесці славу камандзе і самой ляльцы.
