Сэрвіс «Яндекс. Карты» абнавіў спадарожнікавыя карты Гродна і панарамы вуліц горада. Hrodna.life паглядзеў, што змянілася і як выглядалі аб’екты тады і зараз.
Папярэдні раз панарамы «Яндекс. Карты» абнаўлялі ў 2016 годзе. Упершыню панарамы Гродна з’явіліся там у 2011 годзе. За гэты час у Гродне пабудавалі новыя мікрараёны, новы мост, з’явіліся новыя дарогі. Новыя панарамныя здымкі рабілі летам 2023 года.
Рухайце палзунок на фота, каб параўнаць панарамы Гродна 2023 і мінулых гадоў.
Злева вуліца Савецкіх пагранічнікаў у 2016 годзе, справа тая ж вуліца толькі ў 2023 годзе. Бачна, што адбываецца будаўніцтва жыллёвага комплекса "Купальскі".
Вуліца Вялікая Траецкая. Справа — вуліца ў 2016 годзе, злева — у 2023. Раней у глыбыні вуліцы стаяў невялікі мураваны дамок з чырвонай цэглы. Яго знеслі і на яго месцы з’явіўся будынак № 37. У ім размяшчаюцца розныя кафэ, рэстараны і бары. Гэта цяпер адно з самых тусовачных месцаў Гродна. Адно з дрэваў - вялікі дуб у двары дома — удалося захаваць.
Вось так у 2016 (справа) і 2023 (злева) выглядала вуліца Ажэшкі. Сем гадоў таму там можна было наведаць "Чабурэчную". Зараз на яе месцы кафэ "Хотей".
Будынак былога чыгуначнага дэпо ў 2011 годзе (злева) і ў 2023 годзе (справа). Чыгуначнага пераезда ўжо няма, цяпер там зусім іншая развязка. Будынак рэканструявалі і дадалі да яго яшчэ адзін паверх. Цяпер там офісны цэнтр.
Будынак літоўскага консульства на вуліцы Міхася Васілька ў 2023 годзе (справа). У 2016 годзе на яго месцы быў пустыр, абнесены агароджай. Раней, яшчэ ў 2007 годзе, там знеслі цікавы прамысловы будынак пачатку XX ст. — былы паравы млын.
Глядзіце таксама: