Валанцёрства Ірэны Лабачэўскай пачалася ад таго часу, як яна стала мамай. Тады ўпершыню блізка сутыкнулася і з праблемай сіроцтва. “Пры мне аднаго з малых пакінулі ў радзільні”, – узгадвае яна. Так абставіны падштурхнулі дапамаць пакінутым немаўлятам і прывялі ў дабрачынную арганізацыю “Хто, калі не я?”.
Усведамленне, што старэйшым дзецям дапамога патрэбна не менш чым немаўлятам, прыйшло з выхаваннем уласнага дзіцяці. Тады Ірэна арганізавала для падлеткаў з дзіцячага дома курс па знаёмству з прафесіямі. Пачала са сваёй – распавяла і паказала, як працаваць цырульнікам.
Дапамагала як магла
Пакуль была ў дэкрэце са сваім малым, дапамагала як магла – перадавала ў дзіцячы дом памперсы і гігіенічныя прыналежнасці, дзялілася дзіцячымі адзёжкамі. У нашай арганізацыі шмат сяброў, якія гатовы ахвяраваць час і душэўнае цяпло дзецям, што засталіся без бацькоў. Шмат дзяўчат-валанцёрак ходзяць у дзіцячую бальніцу ці ў радзільню, каб дапамагчы медыкам даглядаць малых. Што да мяне, то з тым, як расло ўласнае дзіця, прыходзіла і разуменне – не толькі немаўлятам патрэбна падтрымка. Памперсы гэта, канечне, класна, толькі чалавечых зносін імі не заменіш.
Тады і вырашыла паспрабаваць сябе ў працы з падлеткамі і ўзялася весці прафарыентацыйны накірунак работы арганізацыі. Першым выкладчыкам стала сама – каб пазнаёміць дзяўчат з дзіцячага дома з асаблівасцямі ўласнай прафесіі – парыкмахера.
Першая спроба
“Я ж выдатна разумею, што не магу для іх аплаціць навучанне ва ўніверсітэце ці, скажам, купіць мэблю ў кватэру. Але я магу навучыць іх карысным навыкам, скіраваць у жыцці, распавесці аб прафесіях і магчымасцях сацыялізацыі. Гэта таксама дапамога, у 15 гадоў не кожны можа самастойна вызначыцца з выбарам спецыяльнасці”.
У сваім нефармальным навучальным курсе Ірэна збіралася распавядаць аб простых рэчах, што мімаходзь засвойвае любая дзяўчынка, якая жыве ў добрай ў сям’і. Яна бачыць, як мама раніцай робіць прычоску, ці змывае макіяж увечары і пераймае досвед жаночай штодзённасці.
“Я ж сама памятаю, як была падлеткам – як вучылася бровы “шчыпаць”, як хацелася мамінай памадай вусны фарбаваць ці ўпотайкі пазногці красіць”. Падлеткі, што жывуць у інтэрнаце, такой магчымасці і прыкладу не маюць.

Для першага знаёмства Ірэна запрасіла групу дзяўчат з дзіцячага дому разам з выхавацелькай наведаць цырульню, дзе працуе.
“Гэта самая звычайная цырульня, у якую ходзяць звычайныя людзі. Чаму я хацела яе паказаць? Магчыма, каб разбурыць стэрэатыпы і папярэдзіць завышаныя чаканні “крутога” салона. Як правіла, дзяцей з дзіцячага дома стыгуць на месцы. Мы дамаўляемся з адміністрацыяй, запрашаем валанцёраў-цырульнікаў, ставім у спартыўнай зале крэслы і стрыжом усіх ахвотных. Гэта добра, але ў самастойным жыцці да цырульніка трэба будзе хадзіць самім, не чакаючы запрашэння. Ды і майстар пачынае кар’еру са звычайнай цырульні. Да крутога салона трэба дарасці”.
Толькі для ахвотных
“З адміністрацыяй дзіцячага дома мы дамовіліся, што не будзем нікога прымушаць наведваць гэтыя сустрэчы. І для сябе я вырашыла, што колькі б дзяцей ні прышло, буду праводзіць заняткі”. На першую сутрэчу прыйшла толькі адна дзяўчынка. Выхавацелькі пабачылі, што Ірэна растроілася, пайшлі клікаць астатніх. Дзяўчаты прыйшлі, сталі моўчкі – позы закрытыя, не падыйсці. Але і прымушаць Ірэне нікога не хацелася – разумела, што ад навучання праз сілу карысці будзе не шмат. Сказала яшчэ раз, што могуць застацца толькі ахвотныя. Гэтым разам засталося чацвёра дзяўчат.

З імі і распачалі першы навучальны курс. Распавядаць, кажа Ірэна, прышлося “без вады”, толькі па справе. І не лезці ў душу, бо яны вось так адразу не пускаюць чужога. “Ужо пасля дзяўчаты раскрыліся і мы пасябравалі. Дзве з іх, Яна і Маша, пасля дзявятага класа пайшлі вучыцца на парыкмахераў”.
Веды ад лекара і візажыста таксама патрэбны
Каб падчас навучання прадставіць не толькі ўласную прафесію, Ірэна запрашала на некаторыя тэмы адмыслоўцаў з той ці іншай галіны. “Пра санітарыю і гігіену працы распавяла лекар Оля Нікіціна. Ад медыка парады пра здароўе пазваночніка ці папярэджанне прафзахворванняў гучалі больш пераканаўча. Ды і пра інфекцыі, якія можна “падхапіць” у цырульніка, які няправільна апрацоўвае інструмент, яна расказвала з усёй сур’ёзнасцю.

Занятак па макіяжы правяла візажыстка Яна Алістратава. Мадэлямі сталі самі дзяўчаты. Колькі радасці было, калі пад прафесійнымі пэндзлямі змяняліся іх тварыкі – не перадаць.
Грыўкі, косы, каласкі
На сваіх занятках Ірэна старалася падзяліцца ўменнямі, што прыгадзяцца ў жыцці кожнай дзяўчынцы. Распавядала і паказвала, як правільна падраўняць грыўку, як падабраць стрыжку пад свой тып твару і знешнасці. Таксама разам вучыліся заплятаць рознага кшталту каласкі і косы і нават фарбаваць валасы – кожнай па пару пасмачак. На гэтыя заняткі дзяўчаты прыводзілі ў якасці мадэляў сваіх сясцёр ці сябровак. А некаторыя прафесныя прыёмчыкі адпрацоўвалі нават на прычосках выхавацельніц.

“Дзяўчаты, што займаліся са мной увесь гэты час – проста класныя. Хоць курс даўно скончыўся, адносіны падтрымліваем дагэтуль. Яны заўжды прысылаюць віншаванні і вітанні праз сацыяльныя сеткі, дзеляцца здымкамі сваіх прац”.
Сямейная гісторыя ў падтрымку валанцёрства
Жаданне Ірэны дапамагаць дзецям-сіротам падтрымлівае муж. Ён юрыст і таксама па-валанцёрску дапамагае арганізацыі “Хто, калі не я?”. Зараз распрацоўвае памятку для выпускнікоў дзіцячых дамоў. Са словаў Ірэны, у складаных сітуацыях былыя дзетдомаўцы могуць разгубіцца і часам не ведаюць сваіх правоў. Дапаможнік мае быць ім карыснай падказкай.
Што да сваёй бацькоўскай сям’і, то напачатку да валанцёрства Ірэны тут ставіліся насцярожана. Дапамагла прымірыць усіх з яе рашэннем даўняя сямейная гісторыя. “Мне ўдалося высветліць, што мой прадзядуля быў усынаўлённым дзіцем. Яго ўзялі ў сям’ю зусім чужыя людзі, выхавалі і вырасцілі – ён стаў добрым сем’янінам. То, калі мама заводзіла размовы на тэму майго валанцёрства, я проста казала – некалі з нашай сям’і дзіця не пакінулі, то зараз мы мусім іншым дапамагчы”.
Паступова і родныя, і сябры таксама падключыліся да дабрачыннасці – нехта грошы ахвяруе, нешта перадае неабходныя рэчы ці інакш дапамагае. “Праз гэта свет вакол выглядае дабрэйшым. Прынамсі – вакол мяне”, – робіць выснову Ірэна.
Працяг – ёсць
Сёлета Ірэна Лабачэўская таксама праводзіла профарыентацыйны курс для выхаванцаў дзічячага дома. “Гэтым разам прыйшло больш цікаўных, зацікавіліся і малодшыя, каторым па 12-14 гадоў. Некалькі разоў заглядвалі нават хлопчыкі”, – распавядае яна. У выніку гэтага курса адзінаццацікласніца Аня зацікавілася візажам, а Ангеліна, што зараз заканчвае дзявяты клас, вырашыла, услед за Машай і Янай, паступаць у коледж бытавога абслугоўвання, каб вучыцца на цырульніка. Астатніх удзельніц і ўдзельнікаў навучання Ірэна запрасіла на заняткі і ў наступным годзе.

У далейшых прафарыентацыйных планах арганіацыі “Хто, калі не я?” – пашырэнне шэрагу прафесій, з каторымі можна пазнаёміць дзяцей. Таму Ірэна запрашае ахвотных прафесіяналаў далучацца да валанцёрскай каманды.
“Кожная прафесія па-свойму цікавая і мае свае магчымасці для самарэалізацыі. Падзяліўшыся досведам, кожны можна дапамагчы падлеткам зрабіць жыццёвы выбар”.



