Суддзя Максім Філатаў, які асудзіў Ашурка і Мажэйку, пайшоў на павышэнне ў Вярхоўны Суд. Гродзенскім суддзям Ганне Лявусік і Зміцеру Бубенчыку не будуць выдаваць візы і замарозяць іх магчымыя актывы ў Еўразвязе. Супрацоўніцы міліцыі зноў хочуць атрымаць маральную кампенсацыю. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 31 ліпеня па 6 жніўня.
Міліцыянеркі з Гродна зноў хочуць спагнаць маральную кампенсацыю
Былая супрацоўніца АМАП з Гродна Марыя Мазуркевіч (цяпер яна старэйшая інспектарка ў АУС) і дзейная супрацоўніца АМАП Дар’я Бандарчук хочуць спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Паседжанне пройдзе ў судзе Ленінскага раёна Гродна 8 жніўня ў закрытым фармаце. Адказчык па справе – Перавоз Марына Аляксандраўна. Суддзя – Іна Санюкевіч. Абставіны справы невядомыя.
Гарадзенскі «Нёман» працягваюць зачышчаць
Сілавікі затрымалі трэнера і адміністратарку, якія працуюць дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе гродзенскага футбольнага клуба “Нёман”. Іх абвінавацілі ў падпісках на “экстрэмісцкія” каналы.

Затрыманы трэнер – Дзмітрый Бельскі, выпускнік факультэта фізкультуры ГрДУ, мае трэнерскую ліцэнзію UEFA. Затрыманая адміністратарка – Юлія Арлашына.
На відэа затрыманыя расказалі, што раней з імі правялі сход кіраўнікі наконт падпісак на экстрэмісцкія каналы.
Яны пад подпіс былі азнаёмленыя з заканадаўствам у сферы распаўсюджвання “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
У Мікалая Аўтуховіча і яшчэ 15 палітвязняў з’явіліся сімвалічныя “хросныя”
Палата дэпутатаў Вялікага Герцагства Люксембург узяла абавязацельства падтрымліваць палітычных вязьняў беларускага рэжыму. 16 чальцоў парламента сталі сімвалічнымі “хроснымі бацькамі” у рамках кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou.
“Такая форма падтрымкі дае большую бачнасць асобным сітуацыям людзей, зняволеных па палітычных прычынах”, – лічаць яны.
Лідчаніна прызналі палітвязнем
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала 14 чалавек палітвязнямі. Сярод іх – фігуранты “справы Гайдукевіча”, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы актаў тэрору, у тым ліку ў спробе падпалу дома дэпутата Алега Гайдукевіча.
Ваеннага пенсіянера Сяргея Сакалова з Ліды асудзілі па гэтай справе на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 700 базавых велічыняў па ч.1 арт.13 і ч.3 арт.289, ч.3 і ч.4 арт.295, ч.2 і ч.3 ст.333-1, ч.1 ст.14 і ч.2 ст.357, ч.3 ст.361-1 КК. Таксама яго пазбавілі воінскага звання. Яго затрымалі ў верасні 2021 года і абвінавацілі ва ўвозе ў краіну зброі для “тэрарыстычных груп”.
Суддзя Максім Філатаў, які асудзіў Ашурка і Мажэйку, пайшоў на павышэнне ў Вярхоўны Суд
Лукашенка прызначыў суддзямі Вярхоўнага Суда Алену Рудніцкую, Максіма Філатава і Руслана Царука, якія да гэтага працавалі ў Мінскім гарадскім, Гродзенскім і Гомельскім абласных судах адпаведна. Усе яны выносілі палітычна матываваныя прысуды.

За паўтара года Філатаў зрабіў кар’еру ад намесніка старшыні суда Лідскага раёна да суддзі Вярхоўнага Суда.
Падчас працы ў Лідзе Філатаў асудзіў на пяць гадоў калоніі Вітольда Ашурка, які потым памёр у зняволенні. За гэта Філатаў трапіў у чацвёрты пакет санкцыяў Еўразвяза. Таксама Філатаў асудзіў Мікалая Аўтуховіча і яго групу, чэмпіёна Беларусі па кікбоксінгу Паўла Абознага, журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч.
Гурт Irdorath апублікаваў першае за два гады відэа, а BySol пачаў збор у падтрымку гурта.
Відэа прысвечана дню нараджэння вакалісткі гурта Надзеі Калач. Музыкі дзякуюць сябрам і знаёмым за тое, што з дапамогай кампаніі #freeirdorath яны не дазволілі забыцца свету пра іх, і пра іншых беларускіх палітвязняў. Таксама ў ім можна ўбачыць кранальны момант сустрэчы Надзеі і Уладзіміра пасля расстання ў калоніі.
Музыкаў затрымалі падчас святкавання Дня нараджэння Надзеі 2 жніўня 2021 года. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК), і асудзілі на два гады калоніі. Злачынствам палічылі выступы гурта падчас пратэстных маршаў у Мінску ў жніўні 2020 года.
Муж і жонка выйшлі з калоній 21 красавіка 2023 г., цалкам адбыўшы тэрмін. Неўзабаве яны з’ехалі за мяжу.
Фонд BySol пачаў збор у падтрымку Irdorath. Мэта – сабраць 10 500 еўра.
“Сродкі патрэбныя на рэабілітацыю пасля калоніі і адаптацыю ў новай краіне. Але большая частка пойдзе на адраджэнне нашых творчых праектаў — мы хочам аднавіць музычныя інструменты і абсталяванне, каб працягваць натхняць беларусаў», — паведамілі музыкі.
Двое суддзяў з Гродна патрапілі пад санкцыі Еўрасаюза

Суддзі Ганна Лявусік і Дзмітрый Бубенчык трапілі ў санкцыйныя спісы Еўразвяза разам з яшчэ 35 іншымі фізічнымі асобамі. У спісе – начальнікі калоній, пракуроры, суддзі, прапагандысты, следчыя, міліцыянеры. Таксама пад санкцыі патрапілі тры беларускія кампаніі.
Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, таксама Аляксандр Карніенка — былы начальнік ПК-17, дзе загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.
Ім усім не будуць выдаваць візы і замарозяць іх магчымыя актывы ў Еўразвязе.
Праект «daroha» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем
Гэта праект блогера, былога журналіста “Белсата” Валерыя Руселіка. Ён родам з Гродна, але шмат гадоў жыве ў Варшаве. Рашэнне уключыць «daroha» у спіс экстрэмісцкіх фармаванняў МУС прыняла 2 жніўня 2023 года.
У Гродне затрымалі мужчыну, які вярнуўся з-за мяжы
Вячаслава Чарнецкага затрымалі каля ягонага аўтамабіля ў прыватным сэктары. У відэа сілавікі паказалі ягонае фота на маршах. Яны сцвярджаюць, што ён напісаў больш за 1000 паведамленняў з абразамі ў чатах і каналах.
Палітвязню Уладзіміру Гундару пагражаюць у калоніі крымінальнікі
Уладзімір Гундар упершыню змог патэлефанаваць сваякам з бабруйскай калоніі 3 жніўня. Ён не скардзіўся на ўмовы ўтрымання, ежы хапае, ён шмат бывае на вуліцы, піша і чытае там. Пра гэта “Позірку” расказала крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
“Аднак ён распавёў блізкім, што ёсць двое зняволеных паводле крымінальных артыкулаў, якія да яго чапляюцца, пагражаюць аж да збіцця. Гэта Яўген Ермаловіч і Віталь Раманенка”, — паведаміла крыніца. Прычыны пагроз невядомыя.
Першапачаткова Гундар павінен быў патэлефанаваць родным 28 ліпеня, але з нейкай прычыны не змог. У адным з апошніх лістоў ён распавёў, што пакуль знаходзіцца ў камеры без заўваг, цэлымі днямі моліцца, чытае Біблію і мастацкую літаратуру, працягвае пісаць зборнікі на біблейскія тэмы.
Уладзіміра Гундара з 2021 года асудзілі тройчы, у тым ліку па справе Аўтуховіча. Ён атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі.
“Еўрагандаль” адмяніў рэкламу з блогерам Дзімам Дзімычам і даў справаздачу перад Бондаравай
Уладальнік “Еўраоптаў” прыняў рашэнне прыпыніць рэкламу з выявай блогера Дзмітрыя Сіўчыка (Дзім Дзімыча). Раней на яе паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава, якой прымроілася ў рэкламе “прапаганда ЛГБТ”.
“Сапраўдным паведамляем, што ТАА “Еўрагандаль” няўхільна прытрымліваецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў галіне рэкламы і культуры. Кіраўніцтва ТАА “Еўрагандаль” падзяляе агульнапрынятыя ў Рэспубліцы Беларусь культурна-маральныя каштоўнасці беларускага народа. ТАА «Еўрагандаль» з’яўляецца сацыяльна-арыентаванай арганізацыяй рознічнага гандлю, асноўнай задачай якой з’яўляецца задавальненне попыту насельніцтва на спажывецкія тавары”, – напісалі ў адказе, які прыйшоў Бондаравай.
Таксама ў адказе адзначылі, што арганізацыя не пераследуе “ніякіх чужых беларускаму народу палітычных мэтаў”.
Аляксандра Бірэту судзяць па крымінальнай справе ў Гродне
Мужчыну вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), паклёпе (арт. 188), паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта (арт. 367 ч.2), абразе прэзідэнта (арт. 368 ч.1).
Паседжанне прайшло ў панядзелак 7 жніўня ў судзе Гродзенскага раёна. Суддзя – Сініла Віталь Віктаравіч. Падчас працы ў Мастоўскім раённым судзе ён ужо выносіў прысуды па такіх жа палітычных артыкулах і адпраўляў людзей на “хімію” і ў калоніі.
Аляксандра Бірэту ў пачатку года судзілі па адміністрацыйных артыкулах за “экстрэмізм” і “нацысцкую сімволіку”. Яго дадзеныя супадаюць са звесткамі гродзенскага прадпрымальніка, уладальніка адной з крам будматэрыялаў.
Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго гродзенца – нібыта за рэгістрацыю ў плане «Перамога»
Байцы АМАП уварваліся ў кватэру да жыхара Гродна і затрымалі яго за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і нібыта рэгістрацыю ў плане «Перамога».
На відэа мужчына кажа, што зарэгістраваўся ў чат-боте “проста каб паглядзець, што ён з сябе ўяўляе”. Затрыманага даставілі ў ІЧУ.
З’явіліся новыя “экстрэмісты” з Гродзенскай вобласці
Абнавіўся спіс грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У яго ўключылі жыхароў Гродзенскай вобласці:
- Віскірскі Валерый Тадэвушавіч з Гродна;
- Мацюта Кірыл Уладзіміравіч з Гродна;
- Еўсюцін Аляксандр Леанідавіч з Ваўкавыска;
- Шчарбакоў Раман Сяргеевіч з Астраўца;
- Пузевіч Аляксандр Іванавіч з Ваўкавыска.
Усяго ў спісе “экстрэмістаў” ужо 3111 чалавек.
Лукашэнка выказаўся пра “карты паляка” гродзенскіх чыноўнікаў
У час паездкі ў Брэсцкую вобласць 1 жніўня Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб уладальніках карты паляка і прызнаўся, што сярод гродзенскіх чыноўнікаў яна ёсць у многіх.
«А што тычыцца карты паляка, ну мы прыстойна падрэзалі крылы гэтым людзям. Адчуваю, што гэтая тэма ёсць. Мы яшчэ раз вернемся да гэтай праблемы», — адказаў Лукашэнка. Ён паабяцаў у Адміністрацыі прэзідэнта прапрацаваць гэтае пытанне і паглядзець, якія рабіць наступныя крокі.
«Не хочацца пакрыўдзіць і людзей. Вось я ў Гродне з многімі знакам. Яны і ва ўладзе працуюць. Але карта паляка ў іх у кішэні ляжыць. Я кажу: “Мужыкі, ну як так?”- “Аляксандр Рыгоравіч, ды вы не хвалюйцеся, калі трэба — заўтра аддамо“. Ну, кажа, усё бралі, мы ўзялі. Там паехаць кудысьці, яшчэ нейкая перавага была. Ну, усе атрымлівалі, кажа, і мы атрымалі. Не хочацца падрэзаць гэтых людзей. Таму мы робім акуратныя крокі”, – сказаў Лукашэнка.
«Пераціскаць не трэба людзей. Людзі павінны жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадстве. Каб яны выказвалі пазіцыю сваю, нікога не баяліся. У адваротным выпадку навошта такая дзяржава, дзе будуць ціснуць людзей. Таму вельмі важна не перагнуць палку. Гэта не я прыдумаў. Гэта народны выраз. Але пра гэтых падумаем”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.




