Пытанне «што рабіць з піўзаводам» стаіць рубам ужо больш за пяць гадоў. У 2014 будынак прадалі кампаніі «ЭкаПрамЭнерга», якая абяцала рэканструяваць завод пад гандлёва-забаўляльны комплекс, але так гэтага і не зрабіла. У 2017 гродзенскі студэнт прапаноўваў свой варыянт рэканструкцыі — з хостэлам, музеем піва і рэстаранам. Урэшце, планы і мары зруйнаваў пажар у 2018. Зараз свае прапановы ўносіць блогер і краязнаўца Яўген Аснарэўскі. Яны з большага тычыцца не функцыянальнага прызначэння, а магчымасцяў упісаць пабудову ў краявід горада. Магчыма, прапановы прыдадуцца новым інвестарам, бо завод ізноў выстаўлены на аўкцыён.
Будынак гродзенскага піўзавода размешчаны ў маляўнічым месцы — на падножжы ўзгорка з драмтэатрам. Ён з’яўляецца часткай цудоўнага пейзажу Гродна. Вандроўцы любаваліся гэтай панарамай з даўніх часоў. І бывалі ў захапленні! Зараз прыезджыя таксама любяць аглядаць горад з левага берага «бацькі Нёмана». Але ўражанне ад панарамы з велічнымі храмамі псуе занядбаны прамысловы аб’ект — былы палац Кунца, больш вядомы гродзенцам, як піўзавод.
Будынак былога піўзавода купца Кунца мае даўнюю гісторыю. У мінулым гэта — адна з самых велічных арыстакратычных рэзідэнцый Гродна. Карані гэтага наднёманскага маёнтка ідуць з 16 стагоддзя. Гісторыкі звязваюць палац з імёнамі знакамітых прадстаўнікоў роду Сапегаў, Валовічаў і Агінскіх.
Адносна канкрэтных будаўнікоў каменнага палаца ў даследчыкаў няма адзінага меркавання. Аднак лічыцца, што ў 17 стагоддзі палац быў мураваным. На плане Гродна пачатку 18 стагоддзя таксама бачны гэты палац.
Алькежы такіх рэзідэнцый накрываліся велічнымi купаламi, якiя надавалі ім падабенства да замкавых вежаў. Падобныя палацы Швецыі і Чэхіі называюць замкамі.
Што ж засталося ў гэтым будынку ад калісьці шыкоўнага палаца-замка? На першы погляд можа здацца, што няшмат. Але варта прыгледзецца да фасаду з боку Нёмана і стануць прыкметныя часткова захаваныя вялікія пілястры — характэрная прыкмета палацавай архітэктуры Рэчы Паспалітай.
Добра бачныя і ўбудаваныя алькежы, па краях аб’ёму былога палаца. Ні ў якім разе нельга знішчаць гэтыя каштоўныя элементы падчас рэканструкцыі. Наадварот — іх варта падкрэсліць.
Палац-замак глядзеўся б у панараме горада лепш, чым прамысловы аб’ект. Як жа вярнуць старому заводу трохі палацавага глянцу? Вельмі проста. Для гэтага не трэба знішчаць усе пазнейшыя прыбудовы завода, дастаткова проста вылучыць стары аб’ём палаца іншым колерам, як гэта зроблена падчас рамонту палаца сядзібы Станіславова. Над убудаванымі алькежамі можна зрабіць купалы, вярнуўшы ім «замкавы» выгляд. Атрыманы фасад будзе даволі дакладна адпавядаць выгляду часоў рэзідэнцыі Агінскіх. Уяўляеце, як выйграе ад гэтага панарама Гродна?
А каб прадставіць яшчэ дакладней, як бы гэта магло выглядаць, можна паглядзець на фасад рэзідэнцыі Нямцэвічаў у Скоках. Задні фасад гэтага палаца моцна падобны да колiшняга фасада гродзенскага палаца Агінскіх над Нёманам.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…