Спадчына

Палац графіні Красінскай, мясціны Ажэшкі і… жалезны чалавек. Што пабачыць за дзень у ваколіцах Гродна

10 гадзін, 15 месцаў і 225 кіламетраў змяшчаюцца ў адзін выхадны дзень. Праверана. Сёлета нельга паехаць да мораў і гор. Гэта мінус. Затое ёсць нагода для падарожжаў па родных мясцінах. І гэта плюс.

Зусім недалёка ад дома ёсць шмат цікавостак, схаваных па маленькіх вёсачках і невялікіх гарадках. Каб адкрыць іх нанова, Hrodna.life пачынае сезон падарожжаў па Гродзеншчыне. Далучайцеся!

Гродна, бывай! Паехалі на Квасоўку

— 1 —

Першая кропка марштуру — Квасоўка. Паводле афіцыйнай версіі назва пайшла ад прозвішчаў жыхароў - Квасавых і Квасевічаў. Паводле альтэрнатыўнай, нагодаю для назвы стаў дармовы квас. Нібыта аднаго разу мясцовы бядняк знайшоў скарб і прыкупіў сабе краму. Маркетынгавы лайфхак ад квасоўскага шчасліўчыка быў такі - ўсё за грошы, а квас бясплатна. Як думаеце, ці карысталася б зараз попытам такая прапанова?

Архітэктурная цікавоста Квасоўкі - тройчы перабудаваны касцёл. Зараз гэта пабудова ў стылі неаготыкі з элементамі эклектыкі. Стаіць ад 1747 года. Але гісторыя храма сягае значна глыбей.

Гістарычная даведка: Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Дазвол на будаўніцтва парафіяльнага касцёла выдаў у 1626 года літоўскі надворны маршалак Крыштаф Весялоўскі. Першы будынак касцёла быў драўляны. Пры ім працаваў шпіталь, прытулак для бяздомных і школка для мясцовых дзяцей.

У 1747 годзе касцёл пабудавалі нанова. Фундаваў будоўлю кароль Аўгуст III. Дазвол на будаўніцтва мураванага храма парафіяне атрымалі ў 1856. Але летам 1864 будоўлю спынілі па загаду генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Нагодай стала палітычная неблаганадзейнасць мясцовага ксяндза. Пабудову скончылі толькі ў 1870.

Недалёка ад Квасоўкі - штучнае возера. Мясцовыя прыходзяць сюды парыбачыць, а прыезджыя — паназіраць за птушкамі. Нас на беразе чакала чапля. Яна так доўга стаяла нерухома, што мы прынялі яе за штучную. Ажно не. Раптам яна ўзнялася ў неба. Так нечакана, што нават сфатаграфаваць не паспелі. Калі будзеце на гэтым возеры — рыхтуйцеся да здымкаў заранёў.

Дзякалавічы: Свіслач упадае ў Нёман, а дзеці гушкаюцца на тарзанцы. Бонус — непраходны маршрут ад Тадзіка

-2-

Столькі вады за раз можна пабачыць толькі тут. Нёман у месцы злучэння са Свіслаччу самы шырокі.

На ўездзе ў вёску бачым, як бавяцца дзеці. Знаёмцеся — гэта Арцём, Максім і Захар. З імі аўчарка Лакі.

Арцём - мясцовы, Максім і Захар прыехалі ў вёску да бабулі.

Сабака Лакі прыехаў у вёску з Гродна разам з Максімам. Пакуль мы гаворым, Лакі дэманструе цуды навучання — прыносіць знойдзеную побач палку. «Мы ўзялі Лакі маленькім, а зараз яму 7 гадоў. Яго дзядуля натрэніраваў. Лакі ведае шмат камандаў, — расказвае Максім. — Чужых ён не вельмі слухаецца, больш за ўсіх любіць дзядулю».

Хлопцы кажуць, хто летам у вёсцы не сумна — можна гуляць, гушкацца на тарзанцы, слухаць музыку з тэлефона ці купацца. А яшчэ — палоць агарод і частавацца гароднінай наўпрост з градаў.

Нарэшчэ Нёман. Супрацьлеглага берагу тут амаль не відаць. Пакуль мы здымаем, на луг выязджае машына. Начальнік вытворчага ўчастка з СПК імя Крэмко Віталь Цымбаліст прыехаў праверыць сенажаць.

— Якая гэта вам трава? Гэта сена. Што, па ім не бачна? Павязу зараз у лабараторыю, праверыць вільготнасць. Не ў горад, у нас свая лабараторыя ёсць. Правяраем, каб добра захоўвалася. Калі сырое, ляжаць не будзе, — тлумачыць «гарадскім» Віталь Цымбаліст.
— Нічога, што субота?
— Гэта ў вас — субота, бо ўсё ў магазіне прадаецца. Калі мы працаваць не будзем, то што вы купіце? У нас дзень год корміць, хоць і субота.

На наступным раздарожжы мы спыняемся ля крыжа. Побач амаль адразу прыпыняецца мясцовая машына. За стырном — Тадзік Гусак, мясцовы.

Яшчэ Тадзік распавёў пра «хату з калонамі» ў Дарошавічах і пра тое, што «ў Лікоўцы за Квасоўкай таксама жыла паненка». Але рушыць яго маршрутам мы не рызыкнулі. Узгадалі пра Сусаніна і пабаяліся заблукаць у мясцовых балотах. Тым больш, што ў нас быў свой план. У ім з прапанаванага Тадзікам маршрута была толькі «кантора» у Свіслачы — былы палац графіні Марты Красінскай.

Свіслач — лабірынты і балі Марты Красінскай

-3-

Трохпавярховы палац графіні Марты Красінскай пабудаваны ў стылі мадэрн у пачатку XX стагоддзя. Будынак быў вельмі прагрэсіўным на свой час. І ім быў нават ліфт для дастаўкі ежы з кухні ў гасцёўню.

Гістарычная даведка: Палац Марты Красінскай у Свіслачы

Бацька Марты, Вандалін Пуслоўскі, валодаў маёнткам Свіслач у XIX стагоддзі. Калі дачка вышла замуж, яна атрымала сядзібу ў пасаг. Апроч палаца, тут былі спіртзавод, цагельня і маслабойня. Недалёка ад палаца да нашага часу захаваліся стайні, дзе гадавалі белых арабскіх коней на продаж.

Марта валодала вялікай бібліятэкай, якую пачаў збіраць яшчэ бацька. Графіня Красінская была асабіста знаёма з заснавальнікам музея ў Гродне Юзафам Ядкоўскім. У 1927 годзе яна падарыла музею больш за 10 тысяч кніг. Амаль усе яны захаваліся да нашых дзён.

Частай госцяй палаца ў Свіслачы была Эліза Ажэшка. Жыхары гэтай мясцовасці сталі героямі яе рамана «Дзюрдзі».

Кнігі з калекцыі Вандаліна Пуслоўскага і Марты Красінскай захоўваюцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Фота з архіву Hrodna.life

Ля галоўнага ўваходу ў палац — дзве шыльды. Адна абвяшчае, што тут месціцца праўленне СПК «Свіслач». Другая распавядае, што ў час апошняй вайны ў Свіслачы працаваў падпольны Гродзенскі райкам партыі і камсамолу. Ля палаца мы сустрэлі Кацю Андраш. Яна — загадчыца дома культуры, які таксама зараз знаходзіцца ў палацы.

«Гэта летняя рэзідэнцыя Марты Красінскай, — расказвае Каця пра палац. — Яна прыязджала сюды з Варшавы адпачываць. Тут амаль да Індуры былі яе землі».

Сама Каця нарадзілася ў Свіслачы. Яе бацькі і бабулі з дзядулямі таксама тутэйшыя. «Бабуля расказвала, што бачыла графіню. Пры палацы быў англійскі лабірынт з кустоў. Яны цвілі ружовымі кветкамі і Марта любіла сядзець там на лавачцы, накрыўшыся пледам. Бабуля на той час была яшчэ дзяўчынкай, а Марта ўжо пажылой жанчынай».

Каця кажа, што частка гэтых кустоў захавалася, але ад лабірынта засталіся толькі ўспаміны — ні сцежак, ні лавачак даўно няма.

Дзяўчына расказвае, што Марта любіла гуляць у лапту, збірала гасцей на чаяванні на балконах і ўвогуле «вясёлая была жанчына». Мы ідзём па грабавай алеі - па ёй Марта пад’язджала да палаца на ўласным аўтамабілі.

З другога боку маёнтка яшчэ адна алея — ліпавая. Перад уваходам — чырвоны клён, пасаджаны Мартай.

Мара Кацярыны — аднавіць у Свіслачы летнія балі, як тое было заведзена яшчэ ў часы Красінскай. «Марта любіла прыгожыя сукенкі і капялюшыкі. У нас у музеі ёсць некалькі яе рэчаў. Ужо сёлета хацелі зладзіць першы баль. Каб усе прыгожыя і жанчыны ў вечаровых сукенках, каб харэографы правялі майстар-клас па бальных танцах, — расказвае Каця. — Усё засталося толькі ў планах на паперы. Бо пандэмія. Крыўдна».

У пацвярджэнне свайго расповеду Каця паказвае нам сукенкі, падрыхтаваныя да балю: «Засталося толькі знайсці капялюшыкі».

Багатырэвічы — Магіла Яна і Цэцыліі

-4-

Гістарычная даведка: Магіла Яна і Цэцыліі

Паходжанне назвы вёскі тлумачыць легенда. Нібыта ў даўнія часы прыйшла сюды маладая пара. Хлопец быў падобны да селяніна, а дзяўчына — да знатнай асобы. Было відаць, што яны ўцякаюць ад пагоні і шукаюць спакойнага месца для жыцця. Яны ўпадабалі месца на беразе Нёмана і засталіся тут жыць. Кажуць, што ў Яна і Цэцыліі нарадзілася 12 дзяцей — 6 дачок і 6 сыноў. Вакол іх паселішча ўтварылася вёска. За тое, што людзям удалося ператварыць пусташ ва ўраджайную зямлю, іх называлі багатырамі, а вёску — Багатырэвічамі. Першы раз яна ўзгадваецца ў 1558.

Чуткі пра Яна і Цэцылію дайшлі да караля Сігізмунда Аўгуста. Нібыта ён сам наведаўся сюды ў госці. Пабачыўшы, як добра яны гаспадараць, кароль дараваў Яну і Цэцыліі шляхецкія прывілеі і герб з галавою зубра. Гэту легенду ўзгадвала Эліза Ажэшка ў рамане «Над Нёманам».

Шлях на магілы Яна і Цэцыліі паказвае драўляны чалавек-указальнік. Трэба збочыць з дарогі і даехаць да лесу.

На ўскрайку пад соснамі стаіць драўляны крыж. Раней тут ляжаў камень з надпісам «Ян і Цэцылія 1549».

Уніз ад магілы вядуць прыступкі да ракі - таямнічае месца для адпачынку ад спёкі.

Мінявічы. Магіла паўстанцаў

-5-

У сасновым бары на беразе Нёмана пахаваны ўдзельнікі паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 1863−64 гадоў. Помнік усталявалі на пачатку 1990-х пры падтрымцы польскіх дыпламатаў. На кургане — гранітны камень з крыжам і словы «GLORIA VICTIS» («слава пераможаным»).

Гістарычная даведка: Магіла паўстанцаў і Мінявічах

Паўстанец з Мінявічаў Ян Каменскі пасля паразы быў пакараны ссылкай у Арэнбургскую губернію на 20 гадоў. Ён стаў прататыпам Анджэя Карчынскага ў рамане Элізы Ажэшкі «Над Нёманам».

Менавіта гэты раман зрабіў магілу пад Мінявічамі адным з самых знакамітых месцаў паўстання. Звестак аб тым, да якога атраду належалі паўстанцы і калі тут адбыўся бой з царскімі войскамі няма.

Ёсць нават думка, што бою магло і не быць, а магіла ў Мінявічах гэта толькі зборны вобраз, створаны Ажэшкай.

Сюрпрызы Лунна: чырвоныя макі і жалезны чалавек

-6-

На пад’ездзе на Лунна мы сустрэлі сапраўдны цуд — поле чырвоных макаў. Праехаць міма яго немагчыма!

Перад Лунна — могілкі з капліцай мінулага стагоддзя і цікавымі пахаваннямі.

З цэнтральнай плошчы ў Лунна відаць адразу два храмы. Бліжэй да дарогі - Свята-Іаана-Прадцечанская царква. Трохі ўбаку — касцёл Святой Ганны. У касцёле ёсць лава, дзе малілася Эліза Ажэшка.

Касцёл у Лунне быў заснаваны Бонай Сфорцай у 1546 годзе. Мураваны храм пабудаваны ў 1782 годзе на ахвяраванні апошняга уладара Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гэта помнік архітэктуры класіцызму.

Праваслаўны храм збудавалі ў 1886—1889 гадах у рэтраспектыўна-рускім стылі. Аўтар праекта — архітэктар Іван Трубнікаў.

На выездзе з Лунна махае рукой жалезны чалавек — ну як не спыніцца ля такога ўзорчыка сучаснага мастацтва! Пазначце яго на сваіх мапах — і працягнеце падарожжа з усмешкаю.

Па дарозе па вёсках звярніце ўвагу на забудову. Тут захавалася шмат старых дамоў. Гэта не толькі драўляныя хаты. Побач з імі стаяць і цікавыя цагляныя дамы пачатку мінулага стагоддзя. Міма адной з такіх пабудовоў мы не змаглі праехаць міма. Прыпыніліся каля падобнай да куфэрачка «лядоўні» з жоўтай цэглы ў вёсцы Падбараны.

«Прысядзьце, раскажыце», — вітае гаспадар сядзібы. Падходзіць жанчына, пагаварыць і адпачыць ад працы на градах. Гэта Саша і Лена Саханда з Гродна. Тут у іх лецішча, дзе пара «рыхтуецца да выхаду на пенсію».

«На гэтай вуліцы нашай вёскі такі ляднік адзін захаваўся. Не хачу яго зносіць. Дом гэты 1935 года пабудовы. У мяне ёсць дакументы па яго гісторыі. Трохі даведаўся і пра былога гаспадара. Ён тут за польскім часам займаўся зборам малака ў насельніцтва, а сын ягоны працаваў у рыбалавецкай арцелі, таксама побач жыў. Рабацягі былі, гаспадарлівыя».

На падворку, мяркуюць гаспадары, некалі былі брукаваныя сцежкі - як пачалі дорбаўпарадкаваць гарод, часта натыкаюцца на іх астаткі.

Больш пра гісторыю вёскі, па словах Сашы, можа расказаць суседка, баба Ліза. Яна з 1938-га года і ўсё яшчэ помніць.

«Сам шмат пра што ў яе распытваў. Што тут было, хто раней жыў. А вы ведаеце, што раней гэта вёска называлася Радзівонаўцы? Помешчык Радзівонаў валодаў гэтымі землямі.

Падбаранамі вёска стала ці ў 43-м, ці ў 45-м, калі адышла да саветаў. Увогуле ў ваколіцах шмат старых дамоў. У мяне цешча жыве ў суседняў вёсцы. Яе дом у 1913 годзе пабудаваны, на каменях надпіс ёсць. Іх сям’я ў першую германскую вайну сбегла ад немцаў на Смаленшчыну. Там бацька і маці ад чумы памерлі, а дзеці потым дадому вярнуліся. Усе продкі жонкі адсюль. Тут у Лены бацькаўшчына".

Па словах дачнікаў мясціны прывабілі іх прыгажосцю так, што мяркуюць некалі жыць тут стала. «Зімой пабачыў на снезе сляды касуль. То збудаваў для іх яслі, кідаю сена, што за лета назапасіў. Яны прыходзяць пад’есці, бачу раніцай па свежых слядах», — расказвае Саша.

Пасля нечаканага прыпынку і адпачынку рушым далей.

Кіруем на Воўпу — патрапляем у валошкавы рай

-7-

Мінуць гэта поле немагчыма. Яно сінее ад валошак і зліваецца з небам на гарызонце.

Не толькі нас яно завабіла. У валошках мы сустрэлі Дашу і Стаса Саладуновых з Гродна. Вяртаючыся ў горад з падарожжа, пара спыніліся, зачараваная валошкамі.

Яны разам ужо тры гады, але рамантыкі іх стасункі не пазбавіліся. Раім і вам спыніцца тут — хаця б дзеля фотасэта.

На ўездзе ў Воўпу - могілкі з драўлянай царквой Пятра і Паўла. Яе пабудавалі ў 1848 годзе і аднавілі ў 1945.

Адсюль відаць і архітэктурная пярліна Воўпы — драўляны касцёл Святога Яна Хрысціцеля.

Гістарычная даведка: Касцёл Святога Яна Хрысціцеля

Першы драўляны касцёл пабудавалі ў 1477 годзе. Сённяшні - у 1773 годзе на сродкі тагачаснага пробашча ксяндза Юзафа Казіміра Касакоўскага. Храм — рэдкі прыклад захаванага да нашых дзён драўлянага барока. Зараз ён мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Драўляны разьбяны галоўны алтар — помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва першай паловы XVII стагоддзя.

Вось і палова маршруту. Далей мы накіраваліся ў кірунку Вялікай Бераставіцы, каб адтуль пачаць зваротную дарогу да Гродна. Вам не абавязкова гнаць як мы, каб пабачыць усё за адзін дзень. Але калі гатовыя — то глядзіце працяг маршруту ў чарговых падарожных нататках. Перад намі яшчэ восем кропак!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024