Спадчына

Па слядах Журакоўскага: як і за што 77 гадоў таму немцы расстралялі гродзенскую інтэлігенцыю

Сям’я Журакоўскіх амаль кожны год прыязджае да форта каля вёскі Навумавічы, дзе 20 кастрычніка 1942 расстралялі прадстаўнікоў гродзенскай інтэлігенцыі, узятых немцамі ў закладнікі за забітага патрульнага. Прыязджаюць, каб успомніць загінулага дзядулю Баляслава Журакоўскага, імя якога выбіта на адной пліце з астатнімі загінулымі ў той дзень.

Не паспелі пераехаць

Баляслаў Журакоўскі нарадзіўся ў 1897 годзе пад Вільняй, вучыўся ў Віленскім універсітэце і скончыў там эканоміка-юрыдычны факультэт. Пасля вучобы яго накіравалі працаваць у Варшаву, пасля ў Беласток, а ў сярэдзіне 1930-х гадоў ён з жонкай Яўгеніяй і сынам Багданам пераязджае ў Гродна. Да пачатку Другой сусветнай вайны Баляслаў займаў высокую пасаду ў горадзе — быў начальнікам ведамства кіравання акцызаў і манаполій. Жылі Журакоўскія ў вялікім двухпавярховым доме на рагу сучасных вуліц 17 верасня і Славацкага.

«У Гродне ў дзядулі была добрая пасада, так што сям’я на жыццё не скардзілася. Дом, дзе жылі Журакоўскія, быў тады на ўскраіне горада. Там у вялікім асабняку наша сям’я здымала другі паверх. Яшчэ да пачатку вайны дзядуля купіў зямлю ў Луцку і ​​там хацеў пабудаваць дом, а потым пераехаць. Але пераехаць сям’я не паспела, пачалася вайна», — распавядае ўнучка Баляслава Аліна.

Дом, дзе жылі Журакоўскія. Сёння ў ім апарт-гатэль «Славія».

Баляслаў Журакоўскт на здымках з жонкай Яўгеніяй і сынам Багданам. 1930-я гг.

Журакоўскі трапіў у спіс закладнікаў

У перыяд нямецкай акупацыі Баляслаў Журакоўскі працаваў на тытунёвай фабрыцы фінансістам. 13 кастрычніка 1942 гады здарылася неспадзяванае: прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі арыштавалі за забітага нямецкага салдата.

Па адной з версій, у гэты дзень на Старым мосце праз Нёман патруль з нямецкага салдата і паліцэйскага спыніў Вітольда Матушэўскага з гружаным возам. Ён вёз свіную тушу і самагонку з Грабава. Патруль спрабаваў затрымаць парушальніка, але той адкрыў агонь з пісталета. У выніку перастрэлкі загінуў нямецкі салдат, а паліцай быў паранены і пазней памёр у лякарні. Сам Матушэўскі паспеў уцячы.

«Немцы за сваіх забітых салдат жорстка каралі мясцовае насельніцтва, — кажа Аліна. — З-за дзеянняў Матушэўскага арыштавалі мясцовую інтэлігенцыю, у тым ліку і дзядулю Баляслава. Ён хоць і быў у падполлі, але пра гэта немцы не ведалі. Калі дзядулю арыштавалі, яму было 45 гадоў. Дома ў яго засталіся жонка і 9-гадовы сын, мой тата».

Пачынаючы з лета 1942 гады немцы пачалі арыштоўваць у Гродне прадстаўнікоў інтэлігенцыі і браць іх у закладнікі за забітых вайскоўцаў. Пасля інцыдэнту з Матушэўскім было арыштавала 100 чалавек з Гродна і Сакольскага павета. Баляслаў Журакоўскі трапіў у гэты спіс разам з Янам Каханоўскім, Юзафам Вевюрскім і іншымі вядомымі ў той час гродзенцамі.


Па слядах Каханоўскага: як пад Гродна ў кастрычніку 1942 года расстралялі мясцовую інтэлігенцыю

Аб’ява 1942 года ў Гродне. У ёй напісана, што Вітольд Матушэўскі забіў нямецкага салдата і польскага паліцыянта. У сувязі з гэтым, акупацыйная ўлада бярэ ў закладнікі 100 чалавек з Гродна і Сакольскага павета. Дакумент з архіву гродзенскай турмы.

Расстралялі кожнага чацвёртага

Матушэўскага быў абвешчаны тэрмін з’явіцца да 18 кастрычніка. Але ў гэты дзень ён не з’явіўся. Тады шэф гестапа Фром, тыдзень пратрымаўшы сваіх ахвяр у турме, загадаў выпусціць 75 чалавек на волю (у тым ліку і жонку Матушэўскага), а 25 чалавек — расстраляць.

«На наступны дзень пасля таго як частку людзей адпусцілі, мая бабуля пайшла ў турму, каб перадаць мужу пасылку. Але ёй там сказалі, што перадача ўжо нікому не патрэбная», — успамінае жанчына словы свайго бацькі.

20 кастрычніка закладнікаў вывезлі да форта каля вёскі Навумавічы. Там жа і расстралялі. Сярод забітых быў Баляслаў Журакоўскі, заснавальнік Гродзенскага заапарка Ян Каханоўскі і яго калегі з польскай гімназіі імя Міцкевіча, лекары, інжынеры, ваенныя і іншыя.

«Тата хацеў лакалізаваць дакладнае месца расстрэлаў»

Пасля расстрэлу жонка Баляслава Яўгена засталася адна з маленькім сынам. З дому, дзе яны жылі, іх выселілі. Там пасялілася нямецкая сям’я.

«А нашым ідзі куды хочаш. Тата распавядаў, што было вельмі складана, зберажэнняў у сям'і ніякіх не было. Ужо пасля вайны яму прыходзілася зразаць гузікі з розных нарадаў сваіх бацькоў і хадзіць прадаваць іх на рынак. А рабіў гэта, каб хоць неяк пракарміць сябе і маму. Пасля таго расстрэлу бабуля вельмі пакутавала і доўга хварэла. Мой тата гэта разумеў, да самай смерці даглядаў яе і пажаніўся толькі ў 39 гадоў.

Пра расстрэл у Навумавічах ён ніколі не забываў, хоць, напэўна, і зла на Матушэўскага не трымаў. Кожны раз на гадавіну тата прыязджаў на месца расстрэлаў, распытваў мясцовых жыхароў. Ён хацеў лакалізаваць дакладнае месца гібелі бацькі. Штосьці яму ўдалося даведацца і ён распавядаў, што расстрэлы праходзілі недалёка ад самога форта, туды яшчэ адзін час кветкі насілі. А цяпер усе нясуць кветкі на горку да помніка. Тата памёр у 2011 годзе, а мы з мамай працягваем прыязджаць на гэтае месца", — сказала Аліна.

Сям’я Журакоўскіх размаўляе з жыхаркай вёскі Навумавічы Янінай Таўрэль, якая памятае расстрэлы каля форта. 2018 г.

Матушэўскі быў падпольшчыкам

Гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут ужо шмат гадоў вывучае падзеі расстрэлаў у Навумавічах. Ён адзначае, што Матушэўскі падчас вайны быў у падполлі і, магчыма, перавозіў не проста кантрабанду.

«Паводле маёй інфармацыі Матушэўскі быў членам падполля, яшчэ да вайны ён быў у розных арганізацыях. Ёсць інфармацыя,
што калі ён перавозіў кантрабанду ў Гродне, яго суправаджалі два чалавекі. Каб правезці свой тавар, ён паспрабаваў даць хабар немцу, але той не ўзяў. І калі зразумеў, што нічога не атрымаецца, тады стаў страляць і ўцякаць».

Пачобут адзначае, што праз некаторы час недалёка ад Беластока Матушэўскага ўсё-ткі злавілі супрацоўнікі гестапа. Шукалі яго не толькі з-за забойства, але і з-за амерыканскага пісталета.

«У яго быў яшчэ даваенны амерыканскі пісталет, але гестапа палічыла, што Матушэўскі сур’ёзны шпіён і кінула ўсе сілы, каб яго знайсці. Знайшлі і арыштавалі, і, як мяркуецца, расстралялі ў гродзенскай турме. Там жа на тэрыторыі і закапалі, а эксгумацыя парэшткаў была праведзена ўжо саветамі ў пасляваенныя гады. Меркавана тады на тэрыторыі турмы і былі знойдзеныя парэшткі Матушэўскага і іншых расстраляных вязняў».

Каля 3 тысяч расстраляных

Пасля трагедыі 20 кастрычніка 1942 года расстрэлы ля форта праходзілі рэгулярна. 13 ліпеня 1943 года там расстралялі і дырэктара адной з гродзенскіх школ Юзэфа Вевюрскага з яго вялікай сям’ёй, і многіх іншых. Пры адступленні немцы спрабавалі пазбавіцца ад слядоў: паводле ўспамінаў жыхароў вёскі Навумавічы, яны выкопвалі целы расстраляных і спальвалі. Пах спаленых целаў выразна адчуваўся ў суседніх вёсках.

Ужо пасля вызвалення, улетку 1945 года каля форта працавала Гродзенская гарадская і Сапоцкінская раённая камісіі НДК (Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і вяла расследаванне нямецкіх злачынстваў. У выніку іх працы з’явілася прыблізная колькасць загінуўшых каля форта — каля 3 тысяч чалавек.

Форт № 2. Месца масавых расстрэлаў жыхароў Гродна і ваколіц у 1942−43 гг. Паводле ўспамінаў жыхароў вёскі Навумавічы, целы расстраляных закопвалі ля падножжа ўзгорка.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024