Гродзенка Алена Турэўская з сынам Іллёй 11 красавіка 2021 года пераехала жыць у Ізраіль. Яны пасяліліся ў Ашкелоне, у 15 км ад сектара Газа. Праз месяц гродзенцы вымушаныя былі хавацца ад ракетных удараў, выпушчаных у ходзе палесціна-ізраільскага канфлікту. Алена распавяла Hrodna.life, дзе яны схаваліся, пачуўшы сірэну, і што думаюць з нагоды ваеннага становішча.
У сектары Газа кіруе палестынскі баявая група «ХАМАС». Яна шмат разоў ваявала з Ізраілем. Каб спыніць паступленне зброі ХАМАСу, межы сектара Газа кантралююць Ізраіль і Егіпет. Палестынцы кажуць, што пакутуюць праз дзеянні Ізраіля, а Ізраіль сцвярджае, што толькі абараняецца ад палестынскага гвалту. З сярэдзіны красавіка, калі пачаўся мусульманскі месяц Рамадан, конфлікт абвастрыўся. З 11 траўня сітуацыя пагоршылася праз высяленне некаторых палестынскіх сем’яў ва Усходнім Ерусаліме. Паміж Ізраілем і Палестынай пачаліся ракетныя ўдары, а на вуліцах прыгранічных гарадоў адбываюцца беспарадкі.
Алена — дызайнер і ілюстратар, да 35 гадоў жыла ў Гродне. Дзякуючы яўрэйскім караням рэпатрыявалася ў Ізраіль з сынам 11 красавіка 2021 года.
«Я даўно хацела пераязджаць, але вырашылася пасля падзей у Беларусі ў 2020-м. Адседзеўшы 10 дзён у карантыне, пачалі афармляць дакументы і толькі пераехалі ў арандаваную кватэру. Сталі паціху наладжваць новае жыццё ў Ізраілі. Дзесьці два дні шчасліва наладжвалі, пакуль 10 траўня, у дзень нараджэння Іллі, нас не павіншавалі з Газы пяцігадзіннай атакай. Гэта была наша першая сірэна і першыя выбухі. Свечкі запальвалі на торце ў перапынках паміж бамбёжкай».
Пасля пераезду гродзенцы жылі ў добрым раёне горада Ашкелон. Але ў старым доме не было спецыяльнага пакоя бяспекі («мамад»), куды можна хавацца ў час ракетных удараў.
«У склепе ёсць бамбасховішча, але мы паняцця пра гэта не мелі. Ведалі, што пры гуках сірэны ў нашым выпадку трэба выбягаць на лесвічную клетку. У першы дзень мы бегалі з 18 да 23 гадзін вельмі актыўна, пазнаёміліся з суседзямі. На здзіўленне выходзілі амаль усе кватэры. Хоць у Ашкелоне людзі звыклыя і бестурботныя, могуць нават з ложка не ўстаць пры гуках сірэны».
Родны брат Алены жыве ў кіламетры ад яе. У першую ноч, пакуль было ціха, ён перавёз сваякоў да сябе. У яго на паверсе ёсць вялікі пакой бяспекі.
«У гэтым пакоі мы ўжо трэці дзень і жывем. Трое дарослых і трое маленькіх дзяцей, тахта і раскладанка. Каб не будзіць ноччу пры сірэнах дзяцей, а абвесткі могуць быць і кожныя 5 хвілін, і раз на гадзіну, мы вырашылі і спаць там. У мамадзе ёсць пачуццё бяспекі, там спакойна».
Гродзенцы выходзяць з пакоя толькі ў моманты зацішша: паесці, у туалет або проста падыхаць паветрам. Ва ўсіх на тэлефонах усталяваны дадаткі, якія апавяшчаюць пра пачатак бамбардзіроўкі, часам за пару секунд да сірэны.
«У сярэднім у нас ёсць 25−30 секунд пасля пачатку сірэны, каб схавацца. Таму лішняя секунда зусім не лішняя. На цяпер [13 траўня — Hrodna.life] было 3226 абвестак па ўсёй краіне, 704 за апошнія суткі. Але наперадзе яшчэ цэлая ноч».
Алена кажа, што страшна знаходзіцца ў доме, калі на суседняй вуліцы ракета падае, а дазваніцца да сяброў і знаёмых немагчыма.
«Але калі ўзяць у цэлым стан, то я адчуваю сябе ў большай бяспецы, чым у Беларусі. У Беларусі быў жах ад беззаконня. Тут ёсць страх за сябе, людзей, краіну, але няма жаху. Я ведаю, што мяне абараняе „жалезны купал“ [ізраільская сістэма супрацьпаветранай абароны — Hrodna.life], войска і паліцыя. Што калі мне патрэбна псіхалагічная дапамога, я магу пазваніць, і мне бясплатна яе акажуць. Што калі мне няма дзе схавацца, мяне пусцяць амаль у любы дом. Людзі, у каго ёсць месцы, пішуць, што прымуць да сябе людзей, у каго няма хованкі, прапануюць дапамогу з усіх гарадоў».
Гродзенка гатовая і далей сядзець з сынам у хованках — пакуль не скончыцца канфлікт. Яна адзначае: калі выконваць рэкамендацыі службы тылу і не фатаграфаваць абстрэлы, то рызыка загінуць мінімальная.
«Мы свежыя — мы баімся. І сапраўды сядзім дома трэція суткі, пакуль хтосьці каля дома смажыць барбекю».
12 траўня ў выніку ракетнага абстрэлу палестынскімі баевікамі горада Ашкелон загінула 57-гадовая беларуска Нэлі Гурэвіч, а яе муж атрымаў раненні. Пара рэпатрыявалася ў Ізраіль у 1990 годзе. Кватэра, у якой яны жылі, значна пацярпела ў час атакі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…