У «Карыцы» — новы ўладальнік. Томаш упершыню працуе па той бок тусовак, але з жыццёвага вопыту ведае, чым зацікавіць кліента. Ён разумее хісткую рэпутацыю бара і плануе яе палепшыць: канцэртамі, тэматычнымі вечарамі, рэдкай для Гродна медавухай і топавымі бургерамі.
Спонсар рубрыкі «Горад» — «Пліт-мар» ТАА (аб'яднанне «Група кампаній Белпліта»).
Рабіце мэблю самі і эканомце! Распілоўванне мэблевых матэрыялаў па вашых чарцяжах і велізарны склад матэрыялаў і фурнітуры ад першага імпарцёра і асноўнага пастаўшчыка мэблевых матэрыялаў і фурнітуры ў Гродзенскай вобласці.
Найперш — змяніць кантынгент
— Першае, з чаго мы пачалі - варта памяняць кантынгент. Той, які з’явіўся за апошнія паўгода-год да мяне. Сюды сталі заходзіць чувакі ў спартыўках, у кепарыках — гэта дастаўляе шмат дыскамфорту. Трэба рабіць так, каб ім тут проста не падабалася, — кажа Томаш. — Апошнім часам барам слаба займаліся, даходзіла нават да распіцця прынесенага з сабой алкаголю. На жаль, да гэтага прывыклі. Рэпутацыя, якая за многія гады былі ніякая, стала яшчэ горшай.
Томаш кажа, што яго погляды па атмасферы сыходзіцца з тымі, якія былі ў колішнім «Куфэрку».
— Так, як было раней, усё роўна не зробіш, таму трэба рабіць сваё, але рабіць гэта добра. Мае погляды сыходзіцца з тым, што было раней. Мне гэта падабаецца, я ў гэтым вырас. «Паўднёвы вечар» я не застаў, а ў «Куфэрак» яшчэ дзіцём хадзіў з дзедам на какаву і гарачы шакалад. Тут была лепшая какава ў горадзе! Пазней тусаваўся ў бары «Віленскім». Калі «Віленскі» зачыняўся, мы ўсе ішлі сюды. Было крута, была свая тусоўка.
Паводле Томаша, ёсць у «Карыцы» нешта, што вылучае яе сярод іншых бараў. І гэта добра адчуваюць тыя, хто прыходзяць сюды кожныя выходныя.
— Сюды не ходзіш як проста ў бар. Я люблю «Паб 32», час ад часу магу зайсці ў «Кубу». Але гэта проста ўстанова — выпіў, паеў, паразмаўляў і пайшоў. Усё роўна ёсць пэўны дыскамфорт, таму што чагосьці ты не можаш зрабіць. А тут [у «Карыцы"] пастаянна панк-рок! Тут заўсёды была добрая нефармальная тусоўка, заўсёды быў у межах разумнага культурны трэш.
Вяртаецца кантынгент «Куфэрка»
Томаш лічыць, што гарадзенцаў трэба «акультурваць». У планах — шмат акустычных канцэртаў. Менавіта акустычных, бо паўнавартасныя цяжка праводзіць з-за праблем з гукам у памяшканні. Апошні канцэрт, які тут прайшоў - беларуска-украінскага барда Алега Сухарава. Томаш кажа, што людзей хацелася б і больш, асабліва моладзі. Але ўсё прайшло атмасферна. На яго думку, вяртаецца той кантынгент, які калісьці наведваў «Кафэрак».
Томаш не спадзяецца зарабляць на канцэртах, але лічыць абавязковым аплочваць працу музыканта. Мінімальны чэк-бар на канцэрце ў «Карыцы» — 6 рублёў. Памер ганарара будзе залежаць ад выручкі па чэк-бару. Пакуль невядома, ці прыжывецца гэта ў Гродне, дзе ўсё часцей ладзяць бясплатныя канцэрты.
У планах — не толькі мясцовыя гурты. Томаш хоча прывозіць музыкантаў са сталіцы і бліжэйшага замежжа. Але ўсё гэта пры ўмове, што канцэрты можна будзе «адбіць» як мінімум для артыстаў. Акрамя таго, што тут будуць «тусіць і дэнсіць да ранку», плануюцца і культурныя забавы. Напрыклад, кожную сераду можна будзе пагуляць у настольныя гульні.
Што датычыць інтэр'ера, Томаш плануе змяніць шпалеры, і заклеіць іх фатаграфімі з мерапрыемстваў «Карыцы». З часам зменіць мэблю на больш камфортную і кампактную, каб рацыянальна выкарыстоўваць прастору невялікага бара.
Ідэальныя бургеры і разнастайныя піцы
— У Еўропе ёсць выразныя падзелы: кафэ, бар, паб. У мяне гэта не паб, не сталовая, не кафэ. Гэта — бар. Як палякі кажуць, «піяльня». Тут людзі п’юць і закусваюць. Мы распрацоўваем зараз меню, каб усё было смачным і даступным фінансава.
З моцнага алкаголю будзе добры выбар віскі, джын, тэкіла, ром, каньяк, дадаткі для кактэйляў. А таксама шэсць-сем сартоў піва. Пазней з’явіцца крафт і цёмны ірландскі эль. Фішкай установы можна лічыць цёмную і светлую медавуху, якую прывозяць з Піцера. Кошты ў бары будуць сярэднімі. Томаш не бачыць сэнсу ставіць цэннік, вышэйшы за сярэдні па горадзе, і наадварот, стараецца зрабіць цэны меншымі.
Меню бара складае шэф-повар Сяргей. Фішкай установы будуць разнастайныя піцы. Таксама пакінулі паленіцу, бульбу долькамі, дранікі, курыныя крылы, калбасныя нарэзкі. Плануюцца і паўнавартасныя абеды. Марай Томаша застаюцца бургеры — кажа, пакуль не выведзе ідэальны бургер з ідэальным соусам, не будзе пускаць у продаж. У будучыні магчыма з’яўленне вегетарыянскай кухні, калі знойдуцца людзі, якія будуць яе гатаваць.
Томаш прапрацоўваў кожную страву, кожны сорт алкаголю, бо хоча прадаваць тое, што яму самому падабаецца. Канешне, не заўсёды можна адгадаць чыесьці густы. Таму Томаш шмат раіўся са знаёмымі, праводзіў апытанні і знаходзіў кампрамісныя рашэнні. Магчыма, для яго сяброў гэта будзе ідэальны бар.
Кіраванне барам — выключна з жыццёвага вопыту
Паводле Томана, мала гродзенцаў цікавяцца сваім горадам і ўвогуле чымсьці. Гэта можна і трэба змяняць. Гораду патрэбны забавы і культурныя пляцоўкі, паміж імі можна выбіраць. Томаш кажа, што чалавек пры любой зарплаце гатовы аддаць на адпачынак пэўную суму. Галоўнае — яго зацікавіць, а гэта праца арганізатара.
Для Томаша гэта складаны новы занятак. Ён нідзе не вучыўся кіраванню барам, таму ўсе рашэнні прыймае, сыходзячы са свайго жыццёвага вопыту тусовак.
— Я пачаў цяжка, з сапсаванай рэпутацыяй. Каб яе аднавіць, трэба ўкладвацца фізічна, матэрыяльна і духоўна, — кажа ён.
Вельмі пазітыўна адрэагавалі на змену ўладальніка сябры і пастаянныя кліенты. Томаш прызнаецца, што адчувае вялікую падтрымку. І спадзяецца, што яшчэ некалькі ўстаноў адыдзе да яго знаёмых з тусоўкі (напрыклад, як бар «Несцерка»), а не да чарговых «Калабкоў». Галоўнае, лічыць Томаш, — укладвацца ў тое, што робіш. Не важна, што гэта: бар, музыка, катанне на скейтбордзе ці нават гульні ў X-box.