Людзі і справы

«У нас адбываецца жыццё». Хто ў Гродне гатовы танцаваць ноч запар у час каранавірусу і пратэстаў

«Ноч танцаў» у Гродне насуперак каранавірусу і рэвалюцыі ў 2020 годзе доўжылася амаль 12 гадзін. 10 кастрычніка сустрэча прайшла толькі «для сваіх» — замежныя госці не прыехалі. Карэспандэнт Hrodna.life спытаў удзельнікаў і арганізатараў, чаму яны танчылі, калі большасць іншых мерапрыемстваў адмененыя.

«Нам ёсць, пра што патанцаваць»

«Дзень і ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках» ужо чатыры гады запар ладзяць гродзенскія музыкі і валанцёры. З 2017 года цягам лета яны гралі ў дворыку на Савецкай. Толькі сёлета там не танчылі праз каранавірус. Летась восеньская імпрэза сабрала каля 180 чалавек з Беларусі і блізкага замежжа. Сёлета слова «міжнародная» да яе ўжо не пасуе: замежнікі не прыехалі праз каранавірус і палітычную сітуацыю ў Беларусі.

«Нам ёсць пра што патанцаваць, — казаў Андрэй Бароўскі, адзін з асноўных арганізатараў. — Мінулым годам была страчана нейкая камернасць, а сёлета яна зноў вярнулася».

Беларускім аматарам народнай традыцыі сабрацца не перашкодзіў ні каранавірус, ні рэвалюцыя, хоць сёлета з вясны адмяняюць усе фестывалі.

«Падчас вайны таксама былі танцы, бралі з сабой музычныя інструменты. Гэта падбадзёрвае і не дае трапіць у дэпрэсію. Гэта сустрэчы з тымі, хто, ты ведаеш, тых жа поглядаў, што і ты. Я сумавала па гэтых людзях, музыках, душэўнай атмасферы», — растлумачыла Ганна Клімашэўская, танцорка з Мінска.

Вальс і катлеты

Удзень для іншагародніх зладзілі экскурсіі ў музеі побыту Януша Паруліса і ў адрэстаўраванай Каложскай царкве. Танцы пачаліся блізу шостай вечара і доўжыліся амаль 12 гадзін нон-стоп. Перапынак быў толькі на свойскую вячэру з катлетамі, якія гатавала валанторка Святлана.

Танцавалі ў альтанцы з «мяккімі вокнамі» і ў двары сядзібы на Пярэселцы. Для бяспекі ўдзельнікаў арганізатары падрыхтавалі аднаразовыя медыцынскія маскі і антысептык. Праўда, у масках танцавалі толькі двое. Агулам жа танцораў сабралася блізу 60. Для іх гралі тры калектывы: гаспадары імпрэзы «Капэла гарадзенскіх дворыкаў» і мінскія капэлы «На таку» і «Колісьнія». Танцавалі беларускія побытавыя танцы, мазуркі, факстроты, вальсы.

Планаваць наперад немагчыма

Сёлета сустрэча ўпершыню адбывалася без папярэдняй рэгістрацыі: ва ўмовах грамадскіх пратэстаў і каранавірусу немагчыма планаваць наперад. Летась арганізацыяй і падлікам удзельнікаў пачалі займацца за некалькі месяцаў. Гэта было патрэбна для выбару памяшкання, планавання вячэры, падліку выдаткаў. Сёлета адбыўся афлайн-краўдфандынг: кошт арэнды пляцоўкі і вячэры напісалі маркерам на дошцы, побач паставілі слоік для ахвяраванняў. Такім чынам удалося сабраць патрэбную суму. Капэлі, што прыехалі з Мінску, цэлы вечар гралі бясплатна.

«Не хапае стасункаў і абдымкаў»

Адзін з двух удзельнікаў, што былі ў масках, Антон, патлумачыў, што звык да яе пасля першага танцу. Іншыя перакананыя, што гэта нязручна, а небяспека захварэць цяпер не такая вялікая.

«Патрохі стала менш выпадкаў каранавіруса, усе пачалі хадзіць паўсюль. Шкада, калі гэта зноў закончыцца і будзем сядзець на карантыне, — казала Ганна Клімашэўская. — Раней кожны тыдзень былі імпрэзы. Цяпер не хапае гэтых стасункаў, абдымкаў. Кажуць, што для жыцця чалавеку патрэбна мінімум чатыры абдымкі ў дзень».

Антось Галынскі, гродзенскі танцор, чацвёрты год запар дапамагае ў арганізацыі «Ночы танцаў»: «Я не хачу, каб гэта ўсё загінула, хачу, каб працягвалася». Ён працуе ў БСМП і лічыць, што мае значна больш шанцаў заразіцца ў бальніцы, чым на вуліцы.

— Чарнобыльцы распавядалі, што да цяперашняга часу некаторыя ездзяць у забруджаную зону, садзяць там бульбу, праводзяць хоць нейкую колькасць дзён на год. Бо еднасць з нечым сваім вельмі важная, майцнейшая за страх смерці і хваробы, — кажа Аляксей Чубат.

— Таму, калі ёсць магчымасць дакрануцца да таго, што падабаецца, тым больш, што цяпер сітуацыя не такая крытычная, як вясной — я іду на гэта. Танцы матывуюць, сілкуюць энергіяй, каб у іншых сферах жыцця рабіць нейкія змены, высілкі.

Самаізаляцыя расплюшчыла вочы

«Можа быць, тыя людзі, што прыехалі, акрамя рухаў хочуць бачыць эмоцыі, твар, а маска гэтага не дазваляе», — мяркуе Андрэй Бароўскі. Заўважна, што людзі засумавалі адзін па адным, бо цэлы год нідзе не ездзілі.

«Самаізаляцыя на шмат якія рэчы расплюшчыла вочы. Прайшоў час, калі былі частыя запрашэнні і музыканты часам нават перабіралі - туды паеду, туды не паеду. Цяпер усё зачынілася, выехаць немагчыма». Прычына не толькі ў каранавірусе: «Раней можна было запрасіць кагосьці. Цяпер тыя, хто мог, пабаяліся ехаць, бо ўсе ведаюць палітычную сітуацыю. Яны ўвесь час пытаюцца, што ў нас адбываецца. Я кажу: «У нас адбываецца жыццё».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025