Урачыстае адкрыццё новага тралейбуснага маршруту прайшло ў Гродне 5 студзеня. На лініі паміж Вішняўцом і Грандзічамі будуць хадзіць тры новыя бескантактавыя тралейбусы. Свята правялі ў Грандзічах з Дзедам Марозам, прадстаўнікамі адміністрацыі Ленінскага раёна і Тралейбуснага ўпраўлення. Новы маршрут стаў 24-м у Гродне.

Патрэбна больш транспарту для новых мікрараёнаў

Новы тралейбусны маршрут нумар 24 праходзіць па вуліцах Глухава, Белыя росы, Таўлая, Магістральнай, па Румлёўскім мосце і далей па праспекце Кляцкова. Ад вуліцы Макаравай даходзіць да канчатковага пункта «Хімвалакно».

Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Ігар Бобыр адзначыў, што мікрараёны развіваюцца, і для камфортнага жыцця ім неабходны транспарт: «Я спадзяюся, што жыццё ваша стане больш мабільным і камфортным. Усіх віншую з Новым Годам!».

24-ы пайшоў! Паміж Грандзічамі і Вішняўцом запусцілі новы тралейбусны маршрут
Выступае дырэктар Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення Віктар Шарэйка. Справа стаіць кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Ігар Бобыр

Святлана Дудко прыйшла на мерапрыемства з дачкой Вікторыяй. Яна распавяла, што раён даволі вялікі і працягвае засяляцца. Таму яму трэба больш транспарту, напрыклад на аўтавакзал або Савецкую вуліцу.

«Мы самі жывем у Грандзічы-3, А тут Грандзічы-2. Таму хацелася б, каб і туды транспарт курсаваў».

Вішнявец-Грандзічы — сімвалічны маршрут

Першыя тралейбусы з аўтаномным ходам з’явіліся ў Гродне пяць гадоў таму. Зараз новая партыя такіх тралейбусаў будзе хадзіць паміж Вішняўцом і новым мікрараёнам Грандзічы. Кіраўнік Тралейбуснага ўпраўлення Віктар Шарэйка назваў гэту падзею сімвалічнай. Па яго словах, у Гродне такі транспарт з’явіўся раней, чым у Мінску, Кіеве і Пецярбургу.

«Раней [на борце тралейбуса] было напісана „Тэхналогіі будучыні - ужо сёння“. Зараз напісана „Транспарт для горада, горад для жыцця“. Таму гэта экалагічныя машыны, — адзначыў Шарэйка. — Віншую ўсіх жыхароў з тым, што вы можаце карыстацца экалагічна чыстым і сучасным транспартам. Карыстацца і кіраваць ім прыемна».

Дождж не перашкодзіў святу

Аляксей і Ліза Русак прыйшлі на ўрачыстае адкрыццё з сынам Цімурам. Убачылі, што людзі збіраюцца вакол елкі з акна дома і вырашылі падысці. Надвор’е маладой сям'і не перашкодзіла. Хоць стаяць у натоўпе з парасонам не вельмі зручна. Іх сын атрымаў ад Дзядулі Мароза ў падарунак нататнік.

24-ы пайшоў! Паміж Грандзічамі і Вішняўцом запусцілі новы тралейбусны маршрут
Дождж не перашкодзіў весяліцца на свяце

«У нас ёсць машына, але думаю, будзем карыстацца і грамадскім транспартам. Наогул хацелася б, каб сюды ездзіла больш маршрутак па розных кірунках».

Гродзенцам, якія прыйшлі на свята, прадэманстравалі тры новыя тралейбусы. Пасля разразання чырвонай стужкі ахвотныя адразу ж пракаціліся і паглядзелі новы маршрут. Тым, хто застаўся, Дзед Мароз і Снягурка раздавалі падарункі. Завяршылі свята салютам.