«А ты ведаеш, што наша мама была немка?» — 17-гадовы Юра з Гродна, якому сёння 47, пачуў гэта ад старэйшага брата і не паверыў. Як так, немцы ж — гэта фашысты! Як жа цяпер з гэтым жыць? Калі супакоіўся, прыйшоў да старэйшых сваякоў, а разам з імі - у кірху. Так і даведаўся, што ён таксама — немец, і паходзіць з лютэранскай сям'і, якая прыехала ў Гродна на пачатку XX стагоддзя.
Люба перастала быць «безбацькоўшчынай» толькі ў 40 гадоў. Праз суд прыйшлося аднаўляць права называцца дачкой уласнага, на той час ужо нябожчыка, бацькі. Ён быў з пецярбуржскіх немцаў. З-за гэтага правёў дзесяць гадоў у лагерах. Паставіць яго прозвішча ў пасведчанне аб нараджэнні дачкі ўлады не дазволілі. У савецкага дзіцяці не магло быць нямецкага бацькі.
Нашым героям спатрэбілася шмат гадоў і сіл, каб яны прынялі сваю нацыянальнасць і змаглі адкрыта заявіць: «Я — немец», «Я — немка». А яшчэ стварыць суполку немцаў і аднавіць 200-гадовую царкву. Раней дзед Юрыя тут быў званаром, а цяпер за звон адказвае яго ўнук.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з часопісам «ИМЕНА».
Любоў Зорына і Юрый Лабоцкі - лютэране з Гродзенскай абшчыны, якой сёлета спаўняецца 240 гадоў. «Гісторыя гэтая і радасная, і сумная», — кажа пастар кірхі Уладзімір Татарнікаў.
Лютэранства ўзнікла ў XVI стагоддзі ў Германіі. Багаслоў Марцін Лютар і яго паплечнікі змагаліся са злоўжываннямі каталіцкай царквы. З лютэранствам звязана само ўзнікненне паняцця пратэстантызму. Пратэстантамі лютэран сталі называць пасля іх пратэсту супраць пераследу вернікаў у цэлым і Лютэра у прыватнасці. На сёння лютэранамі сябе лічаць больш за 85 млн чалавек, найбольш распаўсюджана лютэранства ў Германіі і скандынаўскіх краінах. Моляцца лютэране ў кірсе — так на нямецкай мове называецца царква.
Усё змянілася з прыходам савецкай улады і пачаткам Другой сусветнай. У 1940 — 1941 паводле загаду Сталіна «зачышчалі» памежныя зоны ад «асоб непажаданых нацыянальнасцяў». Рабілі гэта, каб «прадухіліць палітычныя злачынствы». Пасля вайны апошнія лютэране сышлі ўслед за нямецкай арміяй альбо стараліся не афішаваць сваю прыналежнасць да нямецкай нацыі і рэлігіі.
— Пераемнасць пакаленняў абшчыны была перапыненая. Толькі дзякуючы групе энтузіястаў 25 гадоў таму ўдалося яе адрадзіць. Зараз мы зноўку спазнаем жыццё лютэранскай царквы, зноўку вучымся яе разумець, — кажа пастар.
Ён сам прыехаў у Гродна амаль 10 гадоў таму — і Любоў, і Юрый на той момант ужо былі вернікамі. Цікава, што бацькі пастара прынялі лютэранства яшчэ да яго нараджэння, хоць нямецкіх каранёў у іх не было.
Любоў Зорына — мастацтвазнаўца, аўтар некалькіх кніг па гісторыі Гродна. Доўгія гады працавала ў археалагічным музеі, а яшчэ была кансультантам мытні па гістарычных каштоўнасцях, якія перавозяць праз мяжу. Цяпер яна на пенсіі, але працягвае выкладаць — ва «Універсітэце Залатога Веку» — для сталых людзей. Сваім студэнтам Любоў распавядае, у тым ліку, і пра лютэранства.
Яе бацькі, бабуля і дзядуля былі вернікамі, нават у савецкі час.
У Ірбіце сям’я Любы апынулася пасля вайны. Раней бацька з бацькамі жыў у нямецкай Нованікалаеўскай калоніі на беразе ракі Волхаў. Дзядулю ў вёсцы звалі па-руску Багданам. Хоць на самай справе ён быў Готліб. Бабуля дома так да яго звярталася.
Любоў распавядае, што была звычайным савецкім дзіцём: і ў піянеркі запісалася, і ў камсамолкі. Але пытанні рэлігіі яе заўсёды цікавілі. Таксама, як і філасофскія пытанні.
Вярнуць сабе бацьку і нацыянальнасць Любоў вырашылася толькі ў 1991 годзе. У савецкі час гэта нават у галаву не прыходзіла.
— Прозвішча бацькі было Бутц, але раз з юрыдычнага пункту гледжання бацькі ў мяне не было, то і прозвішча яго я не насіла. І вось у 40 гадоў мяне як быццам нешта падштурхнула. Што, у рэшце рэшт значыць «прочырк»? У некаторых рэчах трэба быць больш педантычнай. І я падала ў суд на аднаўленне бацькоўства. Мама і малодшы брат выступалі па справе сведкамі, мы рабілі запыт у МУС аб складзе сям'і. Ды і тату ў горадзе ўсё ведалі, як і тое, што я — яго дачка. Вось так атрымалася выправіць сямейную гістарычную несправядлівасць. Але таты ўжо не было ў жывых. Ён памёр у 1982 годзе.
У Гродна Люба трапіла, калі выйшла замуж. Кажа, горад ускалыхнуў усе яе пачуцці.
— Тут была кірха. Праўда, тады ў ёй размяшчаўся дзяржаўны архіў. У пачатку 90-х, на хвалі натхнення і нацыянальнага ўздыму, у горадзе ствараліся нацыянальныя таварыствы — палякаў, украінцаў, яўрэяў. Мы таксама зарэгістравалі нямецкую суполку, хоць нямецкія карані былі не ва ўсіх. Тады ж вырашылі арганізаваць лютэранскую абшчыну, нас было 12 чалавек. Якраз у гэты час пабудавалі і новы будынак архіву, а вызваленую кірху перадалі таварыству немцаў, а потым — лютэранам. Больш за 10 гадоў я была старшынёй суполкі і 7 гадоў - старшынёй Саюза лютэранскіх абшчын Беларусі. Ведаеце, я ніколі так шмат фізічна не працавала, як пры кірсе. Там усё было зроблена нашымі рукамі. Мылі, акультурвалі тэрыторыю, прыбіралі - усё было на нашых плячах.
— Што мы маглі ведаць за савецкім часам? Лютэране з Германіі перадалі нам зборнікі харалаў. Таму што лютэранская абшчына спявае кожнае богаслужэнне. Калі мы атрымалі гэтыя харалы XVI-XVII стагоддзяў - гэта былі невымоўныя пачуцці. Я змагла маліцца таксама, як мае продкі. Я гэта ўспрымала як дар. І ўсе людзі былі вельмі захопленыя і зацікаўленыя. Засвойвалася ўсё інтуітыўна, я адчувала — гэта ў нас ужо даўно было.
Зараз Любоў лічыць сябе рэлігійным чалавекам. Кажа, лютэранства — яе духоўная радзіма.
Сям’я Юрыя Лабоцкага была часткай лютэранскай абшчыны, якая існавала ў Гродне да 1939 года. У 1921 прадзед пераехаў сюды з Вільні. Спадзяваліся, што пасля першай сусветнай вайны ўсё наладзіцца. Але стабільнасці хапіла толькі на 20 гадоў.
— Усе гэтыя гады мой прадзед Герман Шэфлер арандаваў у Гродне цагельню ў князёў Друцкіх-Любецкіх. У яго было шасцёра сыноў і дачка. Пасля смерці Германа дзеці з’ехалі ў Нямеччыну. Застаўся толькі мой дзед Рэйнгольд, яго жонка не захацела пакідаць Гродна. Дзядуля працаваў на цагляным заводзе і быў званаром у кірсе. У яго было тры дачкі. Усіх іх — і маю маму, і яе сясцёр хрысцілі вось у гэтай самай кірсе.
— Сам я ішоў да лютэранства двума шляхамі, — успамінае Юрый. — Першы — адукацыя. Колькі сябе памятаю, заўсёды быў цікаўным. Захапляўся навукамі і асабліва гісторыяй. Перыяд рэфармацыі я адразу для сябе адзначыў дзесьці ў падсвядомасці. Запомніў, што Марцін Лютэр пераклаў Біблію на нямецкую мову. Для Германіі ён не толькі рэлігійны дзеяч, але і культурны, як для нас Францыск Скарына.
Так што я нават не здагадваўся пра нямецкі след у сваім паходжанні. Старэйшыя маўчалі, а для мяне сямейнае мінулае здавалася далёкім і непатрэбным. Потым памерла мама і стала зусім не да таго. Так што даведаўся я пра сваю нацыянальнасці досыць позна. Мне было 17 гадоў, калі старэйшы брат распавёў пра нашы нямецкія карані. Спачатку гэта быў шок. Я нічога такога нават не ўяўляў. Але паступова стаў пранікацца гэтай думкай, чытаць пра лютэранства і пратэстантызм і, нарэшце, адбыўся такі момант, калі мяне цётка запрасіла на службу ў кірху. Так я паволі ўліўся ў жыццё адроджанай лютэранскай абшчыны. У 1996 годзе я прайшоў канфірмацыю (свядомае прыняцце веры, калі пастар звяртаецца да верніка, зачытвае малітву пра яго — заўв. рэд). Цяпер магу лічыць сябе сапраўдным лютэранінам.
Пра тое, што дзед быў званаром у кірсе, Юрый таксама даведаўся не адразу. А зараз ён сам званар і займаецца гадзіннікам XIX стагоддзя, які сёлета будуць аднаўляць.
[irp posts="57 235″ name="Старые часы на кирхе будут восстанавливать. Нашелся спонсор"]
Вывучаючы гісторыю абшчыны, я ўсё больш даведваюся і пра сваіх продкаў. Лютэранства стала для мяне часткай светапогляду. Зараз магу пра гэта адкрыта казаць. Вядома, гэта прыйшло не адразу. Спачатку былі філасофскія погляды, якія можа не асоба стыкаваліся з рэлігіяй. Але потым і лютэранства мяне знайшло, і я яго знайшоў.
— Шмат хто прыйшоў да нас пасля арганных канцэртаў, — кажа пастар. — Музыка, асабліва класічная, уплывае на чалавека, як пропаведзь. Дзейнічае не на вушы, а на душы.
Раней на месцы кірхі была таверна. Сюды прыходзілі і паабедаць, і памаліцца. Зараз мы таксама збіраемся ў кірсе не толькі на набажэнствы. Пасля службы ў нас заўсёды чаяванні, размовы. Працуе жаночы клуб, мы актыўна праводзім дабрачынную працу і падтрымліваем экалагічныя ініцыятывы.
Многія немцы з’ехалі з Беларусі адразу пасля распаду СССР — па праграме рэпатрыяцыі. Была такая магчымасць і ў нашых герояў. Але эміграваць з Гродна ні Любоў, ні Юры не плануюць. Кажуць, у гэтага горада ёсць сіла прыцягнення — такая, што адсюль не хочацца з’язджаць.
Перадрук матэрыялу магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцый Hrodna. Life і часопіса «ИМЕНА».
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…