Людзі і справы

«Неба трэба паважаць». Як гродзенскі дыджэй стаў парапланерыстам выхаднога дня

Аляксандр Цывінскі, вядомы ў Гродне як Dj Botanik, лётае на параплане ён каля двух гадоў. Палётамі пачаў займацца пасля скачкоў з парашутам: хацеў паспрабаваць нешта новае, а цяпер ужо не можа ўявіць сабе жыццё без параплана. Пасля неба да Александра прыходзіць унутраная гармонія і іншыя «пост-эфекты», якiя спрыяюць стварэнню новых трэкаў.

Першы раз у небе гродзенец апынуўся каля чатырох гадоў таму — скакаў з парашутам. Новыя эмоцыі яму спадабаліся, але на камерцыйнай аснове скакаць было накладна і нязручна. Але жаданне зноў і зноў вяртацца ў неба не пакідала Аляксандра ў спакоі.

«Часта бачыў над дачай парапланерыстаў, ціха зайздросціў і ўяўляў, як ім крута лётаць над аблокамі побач з птушкамі. Тады я нават не ведаў, што гэта параплан. Думаў проста парашут з маторам.

Пазней выпадкова наткнуўся на тэму парапланерызму на Гродзенскім форуме. Пачытаў, паглядзеў, звязаўся з хлопцамі. Прыехаў на палёты, мне далі паспрабаваць падняць крыло. Праз месяц купіў сваё крыло і падвеску, займаўся наземнай падрыхтоўкай і праз чатыры месяцы набыў матор і першы раз паляцеў.

Адчуванні ад першага палёту былі змазаныя і незразумелыя. Сядзець нязручна, усё шуміць, вібруе. Але праз 2−3 палёты, калі ўдалося сесці зручна ў падвеску, агледзецца і расслабіцца — адчуванні ўжо былі зусім іншыя"

Перад небам — наземная падрыхтоўка

Каб асвоіць палёты на параплане, перадусім трэба стаць самодысцыплінаваным, навучыцца чакаць і ўмець адмовіцца ад палётаў, кажа Аляксандр. Трэба ўмець прымаць правільныя рашэнні, слухаць і ўмець чуць старэйшых таварышаў, больш вопытных пілотаў.

«Перад тым як падняцца ў неба, неабходна асвоіць базавую тэарэтычную частку і прайсці наземную падрыхтоўку. Звычайна навучанне тэорыі адбываецца падчас трэніровак на зямлі. Для пачатку трэба навучыцца падымаць крыло, умець трымаць яго над сабой, прабегчыся з ім па полі, часам абыходзячы перашкоды. Наступны этап гэта невялікія падлёты з горак, часам зацяжкі на невялікую вышыню метадам буксіроўкі - па прынцыпе паветранага змея. Падчас гэтага этапу адпрацоўваецца кіраванне парапланам і прызямленне.

Паколькі ў нас няма гор і пагоркаў, прыдатных для свабодных палётаў, а зацяжкі на лябёдцы не вельмі развітыя, то ўсе лётаюць з маторам. Палёт з маторам — завяршальны этап навучання. Пасля таго як першы раз падняўся ў паветра з маторам — адбываецца цырымонія пасвячэння ў мотапарапланерысты. Палёты з маторам маюць шмат пераваг перад свабоднымі палётамі: можна выбіраць месца ўзлёту-прызямлення, маршруты, вышыню з меншай прывязкай да ўмоў надвор’я".

У Гродне няма школы парапланерызму, але гродзенскія пілоты заўсёды дапамогуць пачаткоўцам. Так было і з Аляксандрам, які вельмі ўдзячны старэйшым таварышам за тое, што вучылі, «цягалі на вяроўцы», лаялі, раілі. Ён кажа, што навучыцца парапланерызму самастойна, па роліках на ютубе, будзе не проста вельмі складана і практычна немагчыма, а нават небяспечна.

Пачаткоўцам можна лётаць і на ўжываным

Сёння з фінансавага пункту гледжання парапланерызм больш даступны, чым 3−5 гадоў таму. Камплект абсталявання, які ўключае сам параплан (крыло), устаноўку з маторам, запасны парашут, шлем і рацыю можна купіць за 2000−2500 долараў.

Матор з падвескай важыць 25 кілаграм
«Такі цэннік ва ўжыванага абсталявання, а вось новае ў тры разы даражэй. Расходныя матэрыялы — бензін і масла, але гэта нязначная частка выдаткаў. Больш важкія выдаткі - шрубы, якія перыядычна ламаюцца, асабліва на этапе першых палётаў і навучання. Кожны ад 50 да 100 долараў. У сезон можна ламаць 3−4 штукі. Але можна і проста лепш лётаць і нічога не ламаць».

Атрымаць дазвол на палёты стала лягчэй

Парашутыстам і парапланерыстам патрэбныя прыдатныя ўмовы надвор’я: вецер да 4 м/с, адсутнасць ці нязначная тэрмічная актыўнасць, адсутнасць ападкаў. Звычайна, добры час для палётаў гэта раніца і вечар. Аляксандр стараецца выкарыстоўваць любую магчымасць палётаць, калі ёсць надвор’е, але не на шкоду сям'і і працы. У лётны сезон хлопец у сярэднім падымаецца ў неба раз у тыдзень.

«Каб лётаць трэба абавязкова атрымаць дазвол. Цяпер з гэтым стала прасцей. Кіраўнік палётаў павінен за дзень да палётаў падаць заяўку з указаннем месца, часу, радыусу, вышыні, частаты радыёсувязі, пілотаў, якія прымаюць удзел. Калі правільна выбраць месца, якое не замінае авіяцыі і ў аддаленасці ад дзяржаўнай мяжы, як правіла, не адмаўляюць».

Неба трэба паважаць

Усяго ў Гродзенскай вобласці займаецца парапланерызмам каля 30 пілотаў. У Гродне — чалавек 15. У гэтым годзе да аматараў пабываць у небе ўжо далучыліся некалькі хлопцаў, якія нават паспелі палётаць.

«Лётаць не страшна, а прыемна. Бывае страх перад няштатнымі сітуацыямі, якія ў пілотаў з невялікім вопытам, накшталт мяне, адбываюцца пры ўзлёце або пасадцы. Але баяцца не трэба, а варта быць асцярожным, усведамляючы ступень адказнасці за сваё здароўе і жыццё. Неба трэба паважаць. Памятаць, што твая бясстрашнасць і неслушныя неабдуманыя дзеянні могуць каштаваць вельмі дорага. Адным словам, рукі трэсціся не павінны, але і казаць што я нічога не баюся — таксама не варта».

Аляксандр перад палётам

На парапланы распаўсюджваюцца правілы для звышлёгкай авіяцыі

Тэхнічна парапланерыст можа падняцца да чатырох кіламетраў - гэта вельмі высока. У гісторыі бывалі выпадкі, калі пілоты, праўда, не па сваёй волі, падымаліся на 11 тысяч метраў, а гэта ўжо стратасфера. Аляксандр распавядае, што так высока лётаць не цікава, бо там холадна і нічога не відаць.

«Калі аблокі не высока, добра палётаць вакол іх і над імі. Калі казаць пра ніжнюю планку, то ў добрае надвор’е вопытныя пілоты могуць лётаць, пальцамі ног дакранаючыся зямлі.

Безумоўна, ёсць правілы якіх трэба прытрымлівацца. На нас распаўсюджваюцца правілы для звышлёгкай авіяцыі. А там, як на дарозе, ёсць прыярытэт і іншае. Калі казаць пра параплан, то ёсць і свае правілы, напрыклад, паводзін у няштатных сітуацыях".

Трэба ісці да сваёй мары

Свае палёты гродзенскі дыджэй не лічыў. Спрабаваў спачатку, калі вёў лётную кніжку, але потым закінуў гэтую справу.

«У нас прынята лічыць не разы, а гадзіны, як у пілотаў. Але мне тут пахваліцца пакуль няма чым, бо у мяне гэта другі сезон, і я пілот выхаднога дня, ды яшчэ і з перыядычнай працай па выхадных. Думаю, мой налёт не больш за 15 гадзін.

Я пачатковец, але магу даць параду пачаткоўцам — ісці да сваёй мары, не палохацца і атрымліваць задавальненне не толькі ад мэты, але і ад самога шляху. Астатнія парады дадуць на полі старэйшыя таварышы".

Аляксандр лётае каля Гродна ў вячэрні час
Параплан не варта разглядаць як бізнес. Гэта не самалёт і нават не дэльтаплан. У Гродне можна палётаць у тандэме, але для пілотаў, якія могуць пракаціць у тандэме — гэта не спосаб заробку, а хутчэй жаданне падарыць людзям задавальненне ад адчування палёту.

Падзяліцца
Меткі: хобі

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024