Вершы Максіма Багдановіча ў выкананні тэлевядоўцаў Юрыя Жыгамонта і Аляксандра Улейчыка, пісьменніц Раісы Баравіковай і Алены Масла, дырэктара гісторыка-археалагічнага музея Юрыя Кітуркі і гродзенскіх школьнікаў гучалі 16 лістапада ў Новым замку. Тут праходзіў урок “Чытаем па-беларуску з velсom”, прысвечаны 125-годдзю паэта.

“Развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці і падтрымка дзяцей гэта тыя напрамкі сацыяльнай адказнасці бізнеса, якія развівае кампанія”, – распавяла куратарка праекта Катажына Валкоўская.

“У гэтым праекце абодва напрамкі зліліся. Думаем, што такімі ўрокамі ўдасца пасеяць у дзецях зерне цікавасці, што ў будучыні перарасце ў любоў да мовы і беларускай культуры ўвогуле”.
Усе дзеці – наскрозь беларусы
Юрый Жыгамонт лічыць, што такога кшталту акцыі прыцягваюць увагу да мовы, прымушаюць задумацца, чаму ў незалежнай Беларусі родная мова знаходзіцца не на самым пачэсным месцы. “У школе мала часу даецца на вывучэнне мовы, а нават калі дзеці вучацца па-беларуску, то для паступлення маюць рыхтавацца на рускай – няма вышэйшых навучальных устаноў з беларускім навучаннем. У нас дзве дзяржаўныя мовы, то павінна быць магчымасць карыстацца імі па-роўну.”

Што да дзяцей, то “і гомельскія, і віцебскія, і гродзенскія – яны ўсе наскрозь беларусы”, мяркуе Юры Жыгамонт. “Калі размаўлеш з дзеткамі, адчуваецца, што беларуская мова ў іх усярэдзіне, што яны беларусы, што ім хочацца гаварыць на беларускай мове і яны з задавальненнем гэта робяць”.

Дзеля падтрымкі мовы, на думку Юрыя, кожны павінен рабіць усё што можа: “Трэба разумець, што жывём не толькі сённяшнім днём. Мы прыйшлі на гэту зямлю, а мова ўжо была. Мы сыдзем, а яна павінна застацца”.
https://youtu.be/p_wRoNdITkg
Моўная разнастайнасць – як шматколерная вясёлка
“Дождж ідзе – ён з кропель складаецца. Праўда? – далучаецца да размовы пісьменніца Алена Масла. – Любое дзеянне, што робіцца з любоўю да справы, знаходзіць водгук у сэрцах. Тут дзеці – проста агонь. А калі яны бачаць падтрымку ад сур’ёзных дарослых – дырэктара музея, настаўнікаў, пісьменнікаў – гэта іх вельмі натхняе”.

Захаванне моўнай разнастайнасці на думку Алены надае свету вакол “шматколернасць вясёлкі”. “Калі змяшаць усе фарбы ў адну, то гэта будзе проста шэры колер. А калі падтрымліваць шматколернасць, то вясёлка будзе ззяць. Не трэба нам самім сябе збядняць. Няхай у нас будуць англійская, польская, нямецкая, турэцкая, руская мовы – але няхай будзе і беларуская. Мы за яе ў адказе. За нас яе ніхто не захавае”.
Чужое жалеза не дапаможа
Юрый Кітурка ўзгадаў для школьнікаў прачытаную ім у дзяцінстве казку “Роберт – захавальнік жалеза” эстонца Уладзіміра Бээкмана. “Сярод герояў там былі жалезныя чалавечкі, што меліся захоўваць жалеза ад іржы. З гэтай казкі я запомніў словы, глыбокі сэнс каторых зразумеў пазней: “Дружа! Калі ў цябе няма свайго жалеза, чужое табе не дапаможа”.

Калі стаў дарослым, то ўсвядоміў, што наша “жалеза” гэта Максім Багдановіч, Янка Купала і ўсе іншыя пісьменнікі Беларусі, каторыя захоўваюць нашу мову ў сваіх творах. Наша “жалеза” гэта наша мова. Калі ў нас яе не будзе, то нам ніхто не дапаможа”.
Тое, што праект скіраваны не толькі на дзяцей, падкрэсліла Раіса Баравікова. “Гэтай акцыяй velсom дае прыклад іншым кампаніям, бізнесу, камерцыйным структурам. І потым, гэта мецэнацтва нават у нейкім сэнсе, аднаўленне вельмі шляхетных традыцый”.

Таксама гэта вялікая падтрымка пісьменніцкаму асяродку, лічыць яна: “Адчуваецца, што не мы адны клапоцімся пра мову, што і бізнес надае ёй значэнне. Радуе, што пачаўся такі вельмі харошы духоўна-асветніцкі рух да беларускага слова”.

Праект закране 20 тысяч дзяцей
Праект “Чытаем па-беларуску з velсom” пачаўся год назад і за гэты час у ім узялі ўдзел больш за 11 тысяч школьнікаў з Мінска і Мінскай вобласці, Гомельшчыны і Гродзеншчыны. Бліжэйшым часам каманда праекта наведае Магілёўшчыну і Віцебшчыну. Мяркуецца, што агулам пачытаюць па-беларуску з velсom каля 20 тысяч маленькіх беларусаў.
Апроч гэтай акцыі кампанія ладзіць іншыя ініцыятывы ў падтрымку роднай мовы. Ужо 26 лістапада ў Гродне пройдзе прэм’ера спектакля “Флейта-чарадзейка” сямейнага інклюзіўнага тэатра “і”. Гэта будзе мюзікл на беларускай мове з удзелам дзяцей з аўтызмам. Для дарослых аматараў беларускай мовы і літаратуры ў сеціве ідзе праект “movabox – чытаем па-беларуску!”











