Апошнія 4 гады гродзенец Канстанцін ходзіць басанож, у асноўным з вясны да восені. Для 21-гадовага хлопца хада басанож — гэта лад жыцця. А яшчэ такім спосабам ён пазбавіўся ад плоскаступнёвасці.
Людзей, якія ходзяць басанож у паўсядзённым жыцці ў вялікіх гарадах, называюць барэфутэрамі. Многіх з іх не бянтэжаць ні брудны асфальт, ні лужыны, ні погляды мінакоў.
У кожнага свае дзвіжухі
Канстанцін ходзіць басанож ужо 4 гады. Хлопец яшчэ нядаўна вучыўся ў Медыцынскім універсітэце, але забраў дакументы. Кажа, хапіла мазгоў паступіць на бюджэт, а потым кінуць. Сёння Канстанцін — бармэн.
«У Гродне я працаваў у некалькіх установах, а цяпер у пошуках працы. І ў мяне невялікія змены ў жыцці. Планую нават паспрабаваць з’ехаць у Санкт-Пецярбург. У нашым горадзе ў апошні час сумна — мала устаноў», — распавядае Канстанцін.
Хадзіць басанож па вуліцы хлопец стаў выпадкова, а пасля ўцягнуўся і абутак насіў толькі ў самых неабходных сітуацыях — на працы і ў халодную пару сутак.
«У мяне практычна ўсе сябры паўнефармальныя і ў кожнага свае дзвіжухі. Вось і я падумаў, што буду хадзіць басанож. І так ужо 4 гады — з пачатку мая і да кастрычніка. У публічныя месцы я мала хаджу, а калі кудысьці трапляю, то туды, дзе ў мяне знаёмыя. У сур’ёзныя месцы трэба абувацца, у тым ліку і на працу, — ёсць ціск грамадства. А ў цэлым меркаванне людзей мяне не цікавіць, ім заўсёды нешта будзе замінаць і не падабацца. Але за 4 гады мне ніхто так і нічога не сказаў. Можа, людзі проста не бяруць на сябе адказнасць?».
Пазбавіўся плоскаступнёвасці
Часам Канстанціна спыняла міліцыя і прапаноўвала праехаць у аддзяленне. Але ён тлумачыў супрацоўнікам, што хадзіць басанож — гэта яго выбар і лад жыцця.
«Рэзкіх сітуацый не ўзнікала. Асноўнае пытанне — чаму басанож? А гэта маё права і мой выбар. Хада басанож карысная для чалавека, яна дапамагае выпраўляць артапедычныя праблемы. Плоскаступнёвасць маментальна выраўноўваецца. У мяне была жудасная плоскаступнёвасць другой ступені. Два месяцы пахадзіў басанож і ў мяне стала першая ступень. А праз пару месяцаў я цалкам пазбавіўся ад гэтай праблемы. Да ўсяго гэтага я яшчэ падцягнуў свой імунітэт — з’явілася загартоўка. Я сябе лічу актыўным чалавекам і ў дзень стараюся праходзіць прыкладна па 9 км. На грамадскім транспарце не езджу — перасоўваюся самастойна».
З часам да ўсяго звыкаеш
Хадзіць басанож — справа добрая, лічыць Канстанцін, але тым, хто захоча паспрабаваць, прыйдзецца першыя дні трохі пацярпець.
«Усё пачыналася з вялікіх мазалёў, але з часам скура пачынае грубець і ты прывыкаеш. Я першы час стараўся хадзіць па траве, але цяпер хаджу ўжо ўсюды — у асноўным па тратуары. Ногі хутка прывыкаюць да гарадскога пакрыцця і тэмпературы, і пасля гэтага не мерзнуць. Улетку пад дожджыкам цёпла хадзіць.
Часам бывае балюча хадзіць з-за якіх-небудзь камянёў або смецця. З нязвычкі можна ногі канкрэтна парэзаць, але з часам да ўсяго абвыкаеш. У мяне ёсць дзяўчына, да майго ладу жыцця яна ставіцца нармальна. Галоўная ўмова — прыйсці дадому і памыць ногі. Пры хадзе на вуліцы, ногі ніякага спецыфічнага паху не маюць — яны дыхаюць пастаянна і таму асабліва не пацеюць".