Першая ў Гродне велакухня працуе ўжо амаль паўгода. Велаактывiсты адкрылі яе вясной — перад стартам новага сезону. Зараз сярэдзіна кастрычніка і роварны сезон закрываецца, але кухня працягвае працаваць: попыт на паслугі бясплатнай майстэрні вельмі вялікі.

«Да нас прыходзяць людзі рознага веку: ад дзяцей да сталых людзей. Колькасць залежыць ад умоў надвор’я. Але нават калі людзей няма, працы ў нас не робіцца менш — заўсёды знойдзецца, чым заняць сябе», — распавядае адзiн са стваральнiкаў майстэрнi Аляксандр.

велакухня

«Важна навучыць людзей самастойна разбірацца»

За паўгода ў велокухню звярталіся з самымі рознымі праблемамі: ад дробязі, тыпу закруціць болт, і да пераборкі вілак. Найчасцей людзі пытаюцца, як і чым лепш за ўсё змазваць ланцуг. Таксама просяць дапамагчы наладзіць пераключэнне перадач.

«Бывалі выпадкі, што чалавек прыходзіў і казаў „дапамажы сабраць і наладзіць веласіпед“ і… проста пакідаў свайго „каня“ ў нас у майстэрні. Хочацца данесці да людзей, што ў нас на велакухні самаабслугоўваньне: кожны прыязджае і самастойна ліквідуе ўсе недахопы ў прысутнасці дзяжурнага механіка. Калі ёсць нейкія пытанні ці чалавек не ведае, як ліквідаваць сваю праблему, мы заўсёды дапаможам і падкажам. Нам важна навучыць людзей разбірацца ў веласіпедах».

Акрамя сур’ёзнай працы, у майстэрні зрэдку бываюць і моманты адпачынку. Напрыклад, велаактывiсты могуць прыехаць і падтрымаць дзяжурнага механіка. Бывала, каву або гарбату з печывам пілі, а некалькі разоў у майстэрні ладзілі паказы фільмаў на велатэматыку.

велакухня

На велакухню можна ахвяраваць у скарбонку

«З кожным днём бясплатная майстэрня пашырае свае межы, паволі дакупляем новае абсталяванне. З адкрыццём новага сезону велакухня зможа рамантаваць гідраўлічную тармазную сістэму любога віду.

Мы зрабілі не проста майстэрню, а своеасаблівы аб’ект сацыяльнага інтарэсу веласіпедыстаў. На працягу сезону праводзілі аматарскія пакатушкі са стартам ад велакухнi. У якасці пункта збору яна вельмі зручная, бо можна нешта падкруціць/падпампаваць перад дарогай.

Было прыемна, што многiя людзі адгукнуліся. Дапамагалі рабіць рамонт, дапамагалі з мэбляй, інструментам і запчасткамі".

У велакухнi ёсць скарбонка, куды можна ахвяраваць адвольную суму. Пакуль таго, што адтуль дастаюць, хапае на аплату электраэнергіі, на гарбату з печывам і нават на нейкі інструмент.

Адно з самых актуальных пытанняў цяпер — прыстасаваць майстэрню для працы ў халодны час, бо попыт на яе паслугі не змяншаецца і зараз.

Важна

У сувязі з пахаладаннямі і закрыццём веласезона, з 1 кастрычніка велакухня працуе па заяўках, каб дзяжурныя механікі не сядзелі без справы і не мерзлі. Звязацца з велакухняй можна ў групе Вконтакте.

Каб наведаць майстэрню, неабходна

1. Папярэдне напісаць у каментарах пад запісам у які дзень і які час хочаш прыехаць.

2. Дачакацца, пакуль хто-небудзь з дзяжурных механікаў адкажа.

3. Узгадніць з ім час візіту.

У велакухні працуюць чатыры дзяжурныя механікі, якія гатовыя заўсёды дапамагчы і адказаць на ўсе пытанні.