Пачынаецца сезон адпачынкаў, які многія беларусы будуць праводзіць на вёсцы — там, адкуль паходзяць бацькі, дзяды і пакаленні продкаў. Магчыма, нехта задумаецца над паходжаннем назвы сваёй вёскі і пачне дашуквацца нейкай дадатковай інфармацыі. Зрабіць гэта няпроста, бо некаторыя назвы з часам перарабіліся да непазнавальнасці, а вакол некаторых паўстала маса дурных «легендаў».
Напрыклад, назва вёскі Каўбаскі быццам паходзіць ад смачных кілбасаў, што там «круцілі», а Гожа вядзецца ад расійскага цара Пятра І (!), які ў свой час папіў тут вады і сказаў пра яе: «Гожа»! І вось пасля такіх фантазій ужо мала каго цікавіць, што спачатку Каўбаскі называліся Келбашчычы (ад рыбы келба альбо старога імя Келб), а Гожа старэйшая за Пятра І на чатырыста гадоў і назва Ожы паходзіць ад літоўскага «озіс» — дзікі казёл.
Спачатку — першакрыніцы
Пачынаючы высвятляць паходжанне назвы сваёйго населенага пункта трэба звярнуцца да першакрыніц. Гэта ў першую чаргу шматлікія ўжо надрукаваныя і прысутныя і інтэрнэце кнігі Літоўскай метрыкі, попісы эканомій, выданні прывілеяў і актавых дакументаў. Трэба знайсці першую згадку пра населены пункт, якая ў большасці выпадкаў не будзе старэйшай за XV-XVI ст. і высветліць арыгінальную назву, тады і адгадка стане значна бліжэй.
Самыя старыя назвы населеных пунктаў на Гродзеншчыне гэта назвы вялікіх гарадоў - Гродна, Слонім, Ваўкавыск, Турэйск, Навагрудак, якія паўсталі ў працэсе засялення Панёмання славянамі на мяжы першага і другога тысячагоддзяў нашай эры. Але такіх назваў няшмат і яны збольшага патлумачаныя.
Сэнс часам змяняўся кардынальна
З XIII-XV стст. паходзіць значная колькасць меншых у тыя гады населеных пунктаў, назвы якіх патлумачыць таксама цяпер няпроста, бо яны маюць балцкае паходжанне — Ліда, Баля, Бершты, Індура, Воўпа і іншыя. З гэтай балцкасці шматлікіх назваў вёсак часам атрымліваліся кур’ёзы. Насельніцтва ваколіц Гродна з часам славянізавалася і так перабляла назвы, што яны атрымлівалі зусім супрацьлеглы сэнс.
У XVI ст. каля Гродна згадваецца вёска Гівеневічы — значэнне якой патлумачыць проста — ад літоўскага «гівенці», што азначае «жыць». Бліжэй да XIX ст. назва вёскі атрымала сучаснае гучанне — Гінавічы, і філолагі пачалі выводзіць паходжанне назвы ад некага, хто загінуў на гэтым месцы.
Назвы ад імёнаў
Пераважная большасць нашых вёсак паўстала ў другой палове XVI ст., калі праводзілася ў жыццё «Устава на валокі» — усе каралеўскія землі былі падзелены на фальваркі, а сяляне сселены ў вёскі з хатамі ў радок уздоўж дарогі. Таму назвы збольшага ўжо славянскія і паходзяць ад уласных імёнаў жыхароў або мянушак-прозвішчаў (тады гэты было амаль тое самае, бо трывалыя прозвішчы таксама паўставалі ў той час).
Міцкевічы (ад Міцькі), Навумавічы (ад Навума), Селіванаўцы (ад Сялівона), Монькаўцы (ад Монькі) і сотні і тысячы іншых. І хай не здзіўляюць назвы вёсак накшталт Тарусіч або Гасцілаўцаў, бо для XVI ст. Таруса і Гасціла — гэта абсалютна нармальныя імёны.
Паколькі нямала насельніцтва ў тыя часы гаварыла па-літоўску, дык аналагам славянскіх назваў, утвораных ад асабістых імёнаў, сталі і літоўскія назвы з канчаткам на -ішкі - Даўгердзішкі, Сурвілішкі, Вайдацішкі і многія іншыя.
Калі паўсталі Брузгі
Хаця некаторыя назвы звязаны зусім не з простымі сялянамі. Да прыкладу падгродзенскія Адамавічы паўсталі ад прозвішча Адамовіч. У XVI ст. тут знаходзіліся прыгарадныя валоданні гродзенскіх нобіляў Адамовічаў, якія некаторы час нават былі бурмістрамі нашага горада.
Дарэчы, вёскі з назвамі ад ўласных імёнаў або прозвішчаў працягвалі паўставаць і ў пачатку ХХ ст. Маленькая вёска Брузгі каля аднайменнага пагранічнага перахода паўстала толькі крыху больш ста гадоў таму. Яе заснавалі сяляне з Навагрудчыны і Міншчыны, якія выкупілі кавалак зямлі ў мясцовага пана. Большасць з іх мелі прозвішча Брузго, таму і вёска атрымала такую назву.
Назвы ад прафесіі
Другая пасля ўласных імёнаў па папулярнасці катэгорыя назваў паходзіць ад заняткаў або сацыяльнага становішча жыхароў. Асочнікі ахоўвалі ўваходы ў каралеўскую пушчу, Багатыры ды Баяры былі прамежкавым звяном паміж шляхтай і сялянамі, бо былі асабіста вольныя і хадзілі на вайну, але не мелі ўласнай зямлі і прыгонных. А яшчэ Баброўнікі (ахоўвалі каралеўскіх баброў), Бортнікі (ахоўвалі борці), Буднікі (выпальвалі дравесны вугаль і поташ), Стэльмахі (рабілі колы да вазоў), Рыбакі, Кавалі, Бондары, Руднікі і многія іншыя! Аднак тут трэба быць асцярожным, бо вёска магла атрымаць назву ад чалавека з прозвішчам, якое дасталося яму ад продкаў і ўжо магло не абазначаць занятку.
Радзівілкі - не ад Радзівілаў
Зразумела, што большасць жыхароў нашых вёсак у тыя далёкія часы былі прыгоннымі сялянамі і часта назва населенага пункта паходзіла ад уласніка. Напрыклад вельмі шмат у нашым краі вёсак з коранем плябан — Плябанаўцы, Плябанішкі, Плябанскія. Гэтая назва адназначна паказвае, што вёска і яе жыхары некалі належалі рымска-каталіцкаму касцёлу, а дакладна плябану — настаяцелю той ці іншай парафіі, былі не проста прыхаджанамі, але і ўласнасцю ксяндза.
Але і тут трэба быць асцярожным. Напрыклад назва вёскі Радзівілкі паходзіць не ад магнатаў Радзівілаў, якія быццам бы валодалі вёскай, а ад прадстаўнікоў незаможнага шляхецкага роду Радзвілкаў, што і пацвердзілі гродзенскія гісторыкі.
Чэхі, венгры, татары і жыды
Сёе тое могуць сказаць нам тапонімы і пра пачатковы нацыянальны склад жыхароў той ці іншай вёскі. І зрабіць такую выснову можна не толькі грунтуючыся на мове, з якой паходзіць назва. Ёсць і наўпроставыя ўказанні.
Напрыклад Чэхаўшчызна, якая ўжо знаходзіцца амаль у межах Гродна. Гэтую мясцовасць яшчэ ў 1558 годзе купіў за 15 коп грошай шляхіц «Абрам Духна Яновіч Хрышчановіч, чэх», а паколькі чэхі і ў тыя часы нячаста набывалі ў нашых ваколіцах зямлю, то за яго ўласнасцю хутка замацавалася назва Чэхаўшчызна.
Або вёска Машталеры — гэта назва каралеўскіх конюхаў Стэфана Баторыя, якія па-паходжанні былі ўсе венграмі, бо толькі ім ён давяраў сваіх любімых коней. Вось імёны машталераў-венграў з вопісу рэчаў караля, якія засталіся пасля яго смерці ў Гродне ў снежні 1586 г.: Петэр, Крыштаф Таргашы, Кішаміш, Стойка, Секель Лорчус… Можа хто з карэнных машталерцаў і сёння мае падобныя прозвішчы?!
Татары пакінулі па сабе след не толькі ў назвах накшалт Татаршчызны, але і ў назвах ад уласных імёнаў - напрыклад вёска Кадыш. Пры чым і следу ад татараў у Кадышы не засталося, бо яны асіміляваліся яшчэ ў XVII ст., а імя татарскага шляхіца Кадыша жыве дасюль, таксама як і імя яўрэйскага прадпрымальніка Чартка засталася ў выглядзе назвы вёскі Чарток на Аўгустоўскім канале. Чарток — мянушка-прозвішча сапоцкінскіх яўрэяў (ад цёмнай скуры і валасоў - чорны як чорт, але бяз злосці - Чарток), якія мелі на Чорнай Ганчы млын. Адсюль пайшла і назва мясцовасці Чарток.
Шматгадовае знаходжанне нашых земляў у складзе Рэчы Паспалітай пакінула свой след у выглядзе лацінскіх назваў. Гэта звязана з вялікай колькасцю тэрмінаў з рымскага права, якія выкарыстоўваліся і ў нас.
Аульс, Сакрэт і некалькі Тэалінаў
Усе ведаюць Аульс (або Авульс), дзе размешчаны гарадскія могілкі і чыгуначная станцыя. Тэрмінам Аульс пазначаўся такі непаўнавартасны фальварак, у якім была зямля, але не было прыгонных сялян для працы. Аульсам таксама магла быць прызнана частка фальварка, бяспраўна адарваная ад асноўных земляў.
Такім ламым лацінскім прававым тэрмінам з’яўляецца Сакрэт (урочышча каля Гродна). Такую назву мела раней спрэчная тэрыторыя некалькіх феадалаў, на якую была накладзена судовая забарона.
Хапае дарэчы і лацінскіх імёнаў. Напрыклад Тэалін, якіх толькі на Гродзеншчыне некалькі. Тэалінам называлі маёнткі або мясціны ў гонар жонак буйных землеўласнікаў, якіх звалі Тэафілія. Паколькі «Тэас» з лацінскай мовы перакладаецца як «Бог», дык назва Тэалін была адначасова і ўвекавечаннем асобы шляхцянкі і пакліканнем да Божай міласці.
Была Баля, стала Зарачанка
На шчасце, у савецкіх чыноўнікаў проста не хапіла адукацыі, каб вылучыць рэлігійны змест з гэтай назвы, іначай усе Тэаліны пераўтварыліся ў якія-небудзь Заполлі, так як стала ў 1964 г. Зарачанкай старажытная Баля Касцельная — баля з літоўскай мовы, дарэчы, перакладаецца як балоцістае месца.
У выніку ад шматлікіх Баляў у ваколіцах Гродна засталася толькі Баля Сольная на беразе Нёмана. Сольная яна называлася таму, што ў ХІХ ст. каля яе знаходзіўся дзаржаўны склад солі, якую на продаж сюды прывозілі з Вялічкі каля Кракава.
Юзафова пакінулі, а Пілсуды «раскусілі»
Дзе-нідзе прытаіліся і перажылі савецкі час і польскія ідэалагічныя назвы міжваеннай пары. Напрыклад недалёка ад Ласасянкі стаіць па лесе некалькі хутароў, адзін з якіх мае назву Юзафова. Гэта была асада, месца, дзе пасяліліся ў 1920-х гг. прыезныя з карэннай Польшчы асаднікі і названая яна ў гонар маршала Юзафа Пілсудскага. А вось недалёкую асаду Пілсуды чыноўнікі раскусілі і яе даўно няма на карце Гродзеншчыны. Дарэчы назвы, звязаныя з Пілсудскім, можна сустрэць нават… у Бразіліі. Сярод джунгляў там ёсць вёсачка Ягода, названая ў гонар дачкі маршала. Там дасюль жывуць нашчадкі польскіх перасяленцаў.
Такім чынам яшчэ раз параім тым, хто хоча даведацца праўдзівую інфармацыі аб паходжанні назвы сваёй вёскі, — звярніцеся да першакрыніц, заглыбцеся як мага далей у папярэднія стагоддзі і вас напэўна чакаюць адкрыцці, бо можа аказацца так, што вашая вёска чатырыста гадоў таму мела зусім іншую назву.