Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца ў запусценні, а сэрвіс у рэстаранах і кафэ не разлічаны на турыстычны попыт. Сваім меркаваннем Алекс падзяліўся ў Facebook-групе «Гродна».
«Навагрудак знаходзіцца ў яўна сумным стане»
На думку мужчыны, адзін з найстарэйшых і знакавых гарадоў Беларусі здзіўляе «недагледжанасцю і адкрытай беднасцю».
— Таўсценная сцяна ў два метры вышынёй і таўшчынёй на замкавай гары, пасля дзесяці гадоў будоўлі і рэнавацыі, якая зачыняе сабой увесь выдатны агляд на наваколлі - галоўную мэту і рацыю любой замкавай гары, жылыя дамы, якія прыйшлі ў жаласны стан шырокага прыватнага сектара, часам вяртаюць турыста ў сярэдзіну 20-га стагоддзя, трухлявыя пабудовы, гаражы і хлявы, ужо за сто метраў ад раструбленнага гістарычнага цэнтра — усё гэта навявае міжвольны сплін і абурэнне, чаму такія гістарычныя і архітэктурныя гарады-жамчужыны знаходзяцца ў такім яўна жаласным стане, — сумуе беларус.
Па тэме: За ўваход на руіны Наваградскага замка пачалі патрабаваць грошы
Прыкмячае Алекс і жаласны стан драўляных дамоў міжваеннага перыяду, якія сыплюцца «па ўсіх франтах і франтонах».
— Забітыя, даўно на рамантаваныя тратуары, «гістарычныя каштоўнасці» з аблупленай тынкоўкай у самым цэнтры, — піша Алекс.


Знайсці добры гатэль у Навагрудку можна
Падчас паездкі беларус спыняўся ў некалькіх гатэлях. Напрыклад, «Навагаз» (гасцініца Навагрудскага завода газавай апаратуры) Алекс ахарактарызаваў як «звычайны інтэрнат з некаторымі выгодамі». На думку мужчыны, гасцініца падыдзе для пражывання на кароткі тэрмін.
У сваю чаргу гатэль «Гражына» пакінуў у Алекса добрае ўражанне.
— Дэмакратычныя 80 рэ/суткі і гасцінная, ветлівая гаспадыня, якая не лянуецца ўсміхнуцца і асабіста правесці-паказаць выгоды і асаблівасці, без перабольшання шчыра парадавалі, — адзначыў мужчына. «Гражына» — адна з новых гасцініц Навагрудка, адкрылася ў красавіку 2020 года. Яна зусім невялікая — усяго на 21 госця.
Кафэ ў Навагрудку падкачалі, а вось кавярні дастаткова ўтульныя
Наведаў Алекс і адно з папулярных кафэ ў цэнтры горада «Легенда». Аднак беларус застаўся расчараваны і абслугоўваннем, і кухняй.
— Ежа прэсная, з «трыма кавалачкамі каўбаскі» — замест «смажаніны з каўбаскамі», здобраная шчодрай рукой таннымі кетчупам і маянэзам і няўсмешлівым абслугоўваннем, якія дакладна падазраюць, якую «пісчу» яны падаюць занетанна, — напісаў мужчына.
Затое Алексу спадабаліся ўстановы па суседстве — «Кофейня» (верагодна, ён меў на ўвазе Cava_bar у будынку гасцініцы «Гражына») і «Кавярня». Беларус адзначыў душэўнае абслугоўванне і «цалкам ядомыя» стравы.
Чытайце таксама: У старой воданапорнай вежы ў Навагрудку хочуць зрабіць бар
Чаму ў чыноўнікаў не атрымліваецца вырашыць праблемы Навагрудка
У 2020 годзе чыноўнікі адзначалі, што Навагрудак — адзін з самых паспяховых прыкладаў развіцця турызму ў вобласці. Яшчэ ў 2013 годзе там адкрылі турысцка-інфармацыйны цэнтр, а ў 2017 запусцілі сайт «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне». У горадзе ўстанавілі банеры, шчыты і дарожныя знакі, каб турыстам было прасцей арыентавацца. Планавалася і развіццё інфраструктуры.


Аналізуючы праблемы з турыстычным попытам на беларускія гарады, выданне Tio.by прыводзіць некалькі прычын. Сярод іх — дрэнная транспартная сувязь, недахоп гасцініц бюджэтнага ўзроўню, адсутнасць адзінай канцэпцыі або брэнда горада, а таксама недахоп «бюджэтных, але ўтульных» устаноў.
Таксама журналісты звяртаюць увагу на тое, што для папулярызацыі ўнутранага турызму неабходна аднаўляць гістарычныя аб’екты.
У Навагрудку ёсць тры невялікія гатэлі. Той самы гатэль «Навагаз», дзе спыняўся Алекс, «Гражына» і «Крокус». Раней тут быў яшчэ адзін гатэль пад назвай «Панскі дом», але зараз ён зачынены. Быў у горадзе і гатэль «Навагрудак» ад ЖКГ, але і ён ужо некалькі гадоў не працуе.
Таксама побач з горадам ёсць біятлонны комплекс «Сялец», дзе таксама могуць спыніцца турысты ці групы.
Таму многія турысты заязджаюць у Навагрудак толькі на гадзіну-дзве і едуць далей. Вялікім групам прасцей спыніцца ў Лідзе ці Баранавічах і заехаць у Навагрудак па дарозе, а не марнаваць на яго цэлы дзень.
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!