Вядомая гродзенцам крама «Цветы» ў самым цэнтры горада — у двары за гасцініцай «Нёман» — пабудавана з парушэннем закону, паведамілі 17 кастрычніка у Генеральнай пракуратуры. Паводле вынікаў праверкі, прадпрымальнік самавольна пабудаваў двухпавярховы будынак, хаця дазвол меў на ў тры разы меншы аднапавярховы. У выніку ў суд накіруюць іск аб прызнанні дзяржрэгістрацыі будынка незаконнай.
Hrodna.life звязаўся з уладальнікам будынка Рыгорам Саркісавічам, які патлумачыў, адкуль у яго з’явіліся такія праблемы.
Штраф за адхіленне ад праекту ўжо плацілі два гады таму
«У нас усё законна пабудавана і з усімі дазволамі. Будынак стаіць пяць гадоў у цэнтры Гродна, а тут раптоўна ён стаў камусьці нязручны. Дай Бог кожнаму нешта збудаваць у гэтым жыцці і зрабіць добрае. Пры будаўнiцтве мы атрымлівалі дазвол ад мясцовых уладаў і Мiнiстэрства культуры. Так, парушылі праект, бо адхіліліся трохі, але за гэта мы ўжо паплаціліся адміністрацыйным штрафам яшчэ ў 2014 годзе», — тлумачыць уласнік.
[irp posts="1375″ name="У гістарычным цэнтры Гродна замест павільёна для кветак самавольна пабудавалі двухпавярховы будынак"]
Па словах Рыгора Саркісавіча, праблемы пачаліся з-за лішніх двух метраў, які ён вымушаны быў стварыць з-за рэльефу мясцовасці і мансарды будынка.
«У нас былі праблемы з рэльефам і падмуркам, бо адна частка была вышэй, трэба было капаць больш. Прыйшлі спецыялісты, паглядзелі і далі дазвол на карэкціроўку праекта. А так усё было прадугледжана. Мы нават тэрыторыю ўпарадкавалі, плот паставілі, але нават за гэта атрымалі штраф.
Што тычыцца мансарды, то зрабілі яе, каб вада хоць неяк магла сцякаць з даху. За кошт гэтага была і павялiчына плошча. Падаткі ўсё своечасова плацім, даем працу людзям і ўсё роўна на нас ціснуць".Акрамя магазiна кветак у будынку агульнай плошчай 302,3 кв.м. на цокальным паверсе яшчэ зусім нядаўна быў бар «Амiгас», які раней ужо зачыняўся на год з-за праблем з арэндай, а на мансардным паверсе размясцілася дзіцячая студыя «Лета».
Павялічыць на 200 квадратаў вымусіў рэльеф?
«Акрамя прыгажосці і чысціні я не бачу нічога дрэннага ў сваім будынку. Успомніце што там было некалькі гадоў таму. Усе з цэнтра бегалі сюды як у прыбіральню. Цяпер многія пішуць, што мы пабудавалі без дазволу цэлы будынак. Гэта не так! Падвал атрымаўся, бо пачаткова мы не ўлічылі рэльеф. Мансарду зрабілі, каб не цякла вада і было цёпла. З-за гэтага ў нас атрымалася не 100 кв.м, а ў тры разы больш.
Калі ўлады запатрабуюць пазбавіцца ад падвала, мы яго засыпем зямлёй, таксама і дах закрыем. Галоўнае гэтае пытанне вырашыць па-чалавечы, бо я асабіста дапамагаю многім людзям і заўсёды працаваў па законе".
Штраф — танней за праект і дазволы, таму і парушаюць
Старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Вячаслаў Ігнацік, распавёў «СБ. Беларусь сегодня», што «забудоўшчык кіруецца выключна меркаваннямі эканоміі». Чым больш плошча будынка, тым даражэй праект. Каб за яго не плаціць, забудоўшчык бярэ за аснову самы просты варыянт. Потым самавольна павялічвае плошчу аб’екта ў надзеі, што мясцовы райвыканкам будынак узаконіць, бо зносіць у нас не прынята.
«Адказнасць толькі адміністрацыйная — штрафы. За праект і іншыя працэдуры ўзгаднення ён заплаціў бы больш. Строга кажучы, будынак не будаваўся, а рэканструяваўcя.
Праект «Рэканструкцыя павільёна „Цветы“ пад кветкавы магазін» прадугледжваў узвядзенне 1-павярховага будынка плошчай усяго 101,36 кв. м. Замест гэтага прадпрымальнік «без афармлення ва ўстаноўленым парадку дазволаў» узвёў двухпавярховы будынак крамы з абсталяванымі цокальным і мансардным паверхамі агульнай плошчай 302,3 кв.м. Інакш кажучы, атрымаў у тры разы больш плошчы.
Нягледзячы на адступленні ад зацверджанага праекта, акт уводу ў эксплуатацыю будынка падпісаў намеснік начальніка аддзела ЖКГ адміністрацыі Ленінскага раёна. Гэта і дазволіла прадпрымальніку атрымаць акт на «самабуд» у абласным агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры".
Пракуратура: «Трэба зносіць»
Гродзенскі гарвыканкам даў загад адміністрацыі Ленінскага раёна падрыхтаваць і накіраваць у суд іск ад прызнанні дзяржаўнай рэгістрацыі будынка незаконнай. Таксама стаіць пытанне аб пакаранні чыноўнікаў выканкамаў, якія дапусцілі парушэнні пры кантролі за адпаведнасцю будаўніцтва заканадаўству.
Пракуратура збіраецца ставіць пытанне аб зносе будынка. Вячаслаў Ігнацік лічыць, што такі крок быў бы важным элементам фармавання прававой культуры і сярод насельніцтва, і сярод чыноўнікаў. Але ў пракуратуры не выключаюць, што гарадское кіраўніцтва ізноў можа «даць задні ход». Тым больш, той самы прадпрымальнік зараз будуе іншы аб’ект па вуліцы Гая, дзе таксама самавольна павялічыў плошчу будынка — на 150 кв.м.
Дзяржаўная рэгістрацыя такіх будынкаў з парушэннямі - звычайная справа ў Гродне. Гэтак, на Скідзельскай шашы гарвыканкам прыняў у эксплуатацыю самавольную прыбудоўку плошчай 600 кв.м.
Землю з культурным слоем ніхто не даследаваў
Гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон лічыць, што будаўніцтва ў гістарычнай частцы горада магло весціся без нагляду археолагаў. Пра гэта ён пісаў у сваім блогу яшчэ ў 2012 годзе.
«Ці быў там археалагічны нагляд, дакладна не магу сказаць. Але за той час, якi я назіраў будоўлю, нікога не было. А тэрыторыя, дзе стаіць крама, вельмі цікавая ў плане раскопак, бо да вайны там было побач два палацы і рынак.
Сам я знайшоў там частку курыльнай люлькі, кераміку, частку бутэлькі. Гэта гiстарычны цэнтр горада, і такія месцы мы не павінны пакідаць без увагі археолагаў".