Наталля жыве ў невялічкім нямецкім мястэчку Хільдэсхайм з верасня 2021 года. “Мне тут падабаецца. Мне бліжэй мясцовы менталітэт. Паважлівае стаўленне адзін да аднаго, усе талерантныя, вельмі свабодныя”, – кажа беларуска пра Германію.
Серыю матэрыялаў пра беларусаў за мяжой мы робім разам з календаром «Мова вольных» на 2024 год.
“Я не буду хлусіць, што з’ехала з Беларусі толькі праз падзеі 2020 года. Але яны мяне таксама датычыліся. Я марыла з’ехаць усё сваё жыццё, як толькі пачала падарожнічаць, у 13 гадоў”, – кажа Наталля.
Самым хуткім і простым шляхам прыехаць у Еўрасаюз дзяўчына выбрала валанцёрскую праграму. Дзякуючы гэтаму яна на год уладкавалася ў культурніцкую ўстанову ў Германіі.

“Гэта падобна да нашага палаца культуры, але больш нефармальна, са шматлікімі мерапрыемствамі, якія я дапамагала арганізоўваць. Дапамагала пісаць запрашэнні, друкаваць постары, падаваць заяўкі на іх правядзенне ў гарадскую раду. Чалавек, які калі-небудзь арганізоўваў мерапрыемства, зразумее, пра што я: крэслы паставіць, дамовіцца, каб святло было, прасачыць, каб прыехалі ўсе ўдзельнікі. Я не вельмі гаварыла па-нямецку, але да ўсяго мела дачыненне”.

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам “Мова вольных”. Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай “Мова вольных вандруе па свеце”. З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.
Падарожжы: больш за тры месяцы без іх не вытрымлівае
Прагу да падарожжаў Наталля адчувае фізічна: “Мне ў целе становіцца кепска, калі я застаюся на месцы больш чым на месяцы тры”.
Галоўная пакута ў такой любові – гэта грошы, якія трэба шукаць на квіткі, кажа Наталля. Ездзіць пераважна адна, радзей – з сябрамі.

“Мне падабаецца гэтая магчымасць, паехаць без візы ў любую краіну Еўрасаюза. Пакуль я была на валанцёрскай праграме, змагла з’ездзіць у Кёльн, Мюнхен, Эсэн, Дортмунд, Брэмен. Ездзіла ў Галандыю, Партугалію, Польшчу. Нават і не ўспомню ўсё”.
Мова: шмат беларускіх словаў паходзяць з нямецкай
Нямецкую мову Наталля крыху ведала – вывучала ў інстытуце. Але прызнаецца: “Моцна шкадую, што абыякава ставілася да навучання”.
У Германіі пэўны час хадзіла на курсы, цяпер працягвае вучыцца сама: “У час заняткаў заўважыла шмат цікавага. Ці ведалі вы. што многа беларускіх слоў падобныя да нямецкіх? Напрыклад Dach – дах, Mussen – мусіць, Vers – верш, Zwiebel – цыбуля, Spazieren – шпацыраваць, Kosten – кошт і многае яшчэ!”.
Стваральнікі календара “Мова вольных вандруе па свеце” хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.
Таксама Наталля заўважыла, што ў немцаў ёсць “супер адметная рыса ў мове”: “Гэта больш датычыцца тэрмінаў у нейкай вузкай ці прафесійнай сферы. Напрыклад, па-беларуску мы бы сказалі “Закон аб перадачы абавязкаў кантролю маркіроўкі ялавічыны”. А па-нямецку гэта будуць два словы з 64 знакаў – Rindfleischetickettierungsüberwachungs aufgabenübertragungsgesetz. Дзіўна”, – заўважае субяседніца.
Горад: аўтэнтычны, але турыстычных месцаў не так шмат
Хільдэсхайм – горад у цэнтры Германіі ў 25 км ад Гановера. Там жыве каля 100 тыс. чалавек.
“У гэтай вёсцы [так жартам называе Хільдэсхайм Наталля – Hrodna.life] ёсць стары-стары будынак і ён нагадвае невялічкі замак. Гэта трохпавярховае памяшканне, дзе ўся мэбля старадаўняя, вялікая, у прускім стылі. Там раней жылі князі, побач нават ёсць дом для прыслугі, канюшня. А потым будынак за невялікія грошы выкупіў звычайны чалавек, просты рабочы, які займаецца рамонтам у кватэрах”.
Наталля насалоджваецца захаванай аўтэнтыкай у старой частцы горада, асабліва дамкамі ў баварскім стылі. Яны прыкметныя сваім драўлянымі каркасамі, спалучанымі з каменнымі элементамі. Гэтую тэхніку яшчэ называюць фахверкам.

Па прыроду – у Баварыю, на тусоўкі – у Кёльн
У самім Хільдэсхайме няма надта турыстычных месцаў, але Наталля паездзіла па краіне і ўсім раіць ехаць у Баварыю. Гэта добры накірунак для тых, хто хоча паглядзець на прыгожую прыроду. Галоўная рэкамендацыя – азёры Амер і Хім (Кімзе).
“Уявіце сабе гару, якая адлюстроўваецца ў празрыстым возеры, а побач сядзіць карова, як у рэкламе Milka”, – расказвае Наталля.

“Калі вас цікавіць актыўная гарадская тусоўка, то раю ехаць у Кёльн на рэйв, які праходзіць у былой царкве. Там таксама ладзяць многа квір-вечарынак”.
Беларускія суполкі канцэнтруюцца ў вялікіх гарадах, але, па словах суразмоўніцы, ужо не так актыўна сябе праяўляюць. Засталіся толькі мерапрыемствы ў важныя для беларусаў даты. У маленькіх гарадах, такіх. як Хільдэсхайм, беларусаў амаль няма.
“Прайшло многа часу [пасля падзей 2020 года – Hrodna.life], людзей на акцыях становіцца менш. На жаль, змены ў Беларусі не праглядваюцца і людзям становіцца цяжка быць такімі актыўнымі, як раней. Але кожны з нас у сэрцы пакінуў месца, каб зноў прыехаць у Беларусь у госці да бацькоў ды сяброў. І месца ў сэрцы на любоў да месца, дзе мы нарадзіліся”.
Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.
Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.
А яшчэ яго можна брэндаваць – і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!











