У горадзе распачаўся мотасезон, і на дарогі выехалі многія навічкі. Экіпіроўка для пасажыра, праверка перад выездам, разумная хуткасць — пра гэта і не толькі парады кіроўцам-пачаткоўцам ад дасведчаных інструктараў кіравання матацыклам. Карэспандэнтка Hrodna.life запісала іх і склала спіс нефармальнай мовы стасункаў матацыклістаў.
Экіпіроўка патрэбна і для кіроўцы, і для пасажыра
Гэта самая важная ўмова для выезду матацыкліста на дарогі агульнага карыстання, кажуць інструктары. Каб абараніць сябе ад траўмаў, трэба надзець прынамсі мінімум экіпіроўкі: шлем, пальчаткі, накаленнікі, мотаботы і «чарапаху». І, калі кіроўца-пачатковец вырашаецца пракаціць кагосьці другім нумарам, то пасажыр таксама мусіць быць абаронены.

Падаць будзе балюча як кіроўцу, так і пасажыру. Пасажыру можа нават і больш балюча,
— тлумачыць Дзмітрый Свірыдаў, інструктар са стажам пяць гадоў, спартсмен па мотаджымхане і член мотаклуба «Насарогі». Сам Дзмітрый пачаў ездзіць на матацыкле ў 2007 годзе.
Праверка перад выездам
Як навічку, так і ўжо спрактыкаванаму кіроўцу трэба сачыць за тэхнічным станам матацыкла. Пасля зімы трэба праверыць тармазы і ціск у шынах. Калі кіроўца адказны, то агляд варта праводзіць перад кожным выездам, асабліва сур’ёзным.

Не ганяй
Значная частка дарожных аварый адбываецца праз залішнюю самаўпэўненасць кіроўцы матацыкла, лічаць спецыялісты.

Пакіньце сваё эга дома. Ці быў ты самым хуткім на дарозе, будзе цікава толькі інспектару ДАІ,
— кажа Вераніка Марозава, якая тры гады выкладала кіраванне на матацыкле. Яна ездзіць на матацыкле з 2014 года. У 2017-м выканала нарматыў «SADDLESORE 1000+», праехаўшы 1777 кіламетраў менш чым за 24 гадзіны.
Як матацыклістам, так і аўтамабілістам варта адэкватна паводзіць сябе на дарозе і «чытаць абстаноўку». А таксама памятаць, што трэба ўмець правільна тармазіць.
Тармажэнне — гэта цэлы комплекс рухаў і матацыкла, і цела. Вучыцца лепш на закрытай пляцоўцы: спачатку вывучыць тэорыю, а потым прымяніць яе на практыцы.

Чаго варта асцерагацца?
- Люстэрка паказваt толькі часткe карціны. Не трэба забываць правяраць бяспеку перастраення паваротам галавы.
- Матацыкл едзе за позіркам кіроўцы. Калі кіроўца чагосьці баіцца, то менавіта да гэтага яго і будзе цягнуць.
- Небяспекай з’яўляюцца скрыжаванні і прыпаркаваныя збоку аўтамабілі, з-за якіх можа хто-небудзь выбегчы. Важнае правіла: не бачу — не еду!
- На трасе можа быць моцны бакавы вецер.
- Асцерагайцеся пяску і плямаў алівы на дарозе. Таксама асцярожнасць не перашкодзіць на дарожнай разметцы — яна досыць слізкая.
- Кіроўца, лічы сябе нябачным! Бо для многіх ты такі і ёсць.
- Злёгку вільготная паверхня дарогі нашмат больш небяспечная, чым у час залевы. Небяспека не ў тым, што дарога мокрая, а ў тым, што на колы наліпае пясок. Варта быць надзвычай асцярожным, як толькі ўбачыш кроплі на шкле шлема.
Язда між шэрагаў

Таццяна Рудая, якая таксама ў мінулым выкладала кіраванне на матацыкле, не раіць матацыклістам, асабліва пачаткоўцам, ездзіць паміж шэрагаў. Калі кіроўца наважыўся на такі манеўр, то яго варта рабіць з асцярогай.
Ні ў якім выпадку не праязджаць на вялікай хуткасці. Можна падгазоўваць, каб кіроўцы аўтамабіляў вас пачулі. І здзяйсняць такі манеўр, толькі калі машыны не рухаюцца.
Таццяна пачала ездзіць на матацыкле ў 2016 годзе. Выхавала каля 100 матацыклістаў.

«Чаму яны мне ўсе махаюць? У мяне нешта не так?»
Вераніка Марозава памятае забаўную размову са сваім былым вучнем.
— Тэлефануе мне і пытаецца: «Чаму яны [іншыя матацыклісты — Hrodna.life] мне ўсе махаюць? У мяне нешта не так? Можа ў мяне штосьці зламалася? Што гэта значыць?» У той момант мне стала вельмі смешна, бо для нас, матацыклістаў, гэта звыкла, гэта частка культуры. Мы вітаемся, нават калі не ведаем адзін аднаго.

У матацыклістаў існуюць свае знакі, як звычайнае прывітанне, так і просьба аб дапамозе. Да прыкладу, калі матацыкліст спыніўся ля дарогі і паставіў шлем на зямлю, значыць, у яго бяда і можна спыніцца і яму дапамагчы. Калі шлем ляжыць на зямлі ў перавернутым выглядзе, то хутчэй за ўсё ў матацыкліста скончылася паліва.
Таму кіроўцу-пачаткоўцу не варта баяцца, што падчас паездкі што-то зламаецца і ён застанецца без дапамогі. Галоўнае ведаць, як пра яе прасіць.
Мова матацыклістаў на дарозе
Вялікі ці ўказальны палец у час руху паказвае на бак. Трэба заправіцца.
Паднятая ўверх рука з раскрытай далонню. Знак тармажэння або прыпынку.
Рука, выцягнутая ўлева. Сігнал паварота або разварота.
Узнятая ўверх і сагнутая ў локці левая рука. Правы паварот.
Пагойдванне далонню ўзнятай уверх рукі. «Абганяй».
Указальны палец паказвае на дарогу. На дарозе небяспечны аб’ект.
Чытайце таксама: «Іх асуджае ўся мота-Беларусь». Гродзенскія байкеры супраць адкрыцця сезону з-за супрацоўніцтва з уладамі