Пераможцамі сталі першакурснікі Вольга Хілюта і Мікіта Гура. Вольга вучыцца на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання, а Мікіта — на юрыдычным. Містэр універсітэт, акрамя перамогі, здабыў на конкурсе сваё каханне. Але не раскрывае ні імя, ні нумар каханай.
Вершы, акрабатыка, танец
Конкурс праходзіць ужо 19-ы раз. Сёлета патэнцыйныя міс і містэры чыталі ўласныя вершы, спявалі песні, танцавалі «гарачы каўказскі танец», паказвалі акрабатычныя і тэатральныя нумары.
Каб лепш пазнаёміцца з удзельнікамі, гледачам паказалі відэаінтэрв'ю. З іх вынікала, што галоўныя каштоўнасці дзяўчат — гэта сям’я і мір ва ўсім свеце. «Прыгажосць па-беларуску» — гэта жаноцкасць і натуральнасць. А іх куміры — гэта мамы, бацька, Вольга Корбут і Хью Лоры. Хлопцы бачаць сябе праз 10 гадоў мужам і бацькам, менеджарам у кампаніі, трэнерам, самім сабой і грузчыкам у «Еўраопце».
Рэктар ГрДУ Ірына Кітурка падкрэсліла, што ў конкурсе ўдзельнічае шмат першакурснікаў.
«Універсітэт дае магчымасць выявіць і рэалізаваць патэнцыял у розных напрамках. У тым ліку даказаць, што вы самыя прыгожыя, абаяльныя і прывабныя, — кажа яна. — Седзячы ў зале, я зайздросціла самой сабе, бо нашы студэнты такія крэатыўныя і прыгожыя. У наступным годзе ў нас вялікі юбілей — 20 гадоў. Тое, што конкурс жыве і дапамагае раскрываць грані талентаў нашых студэнтаў - гэта супер!»
Хто перамог?
Пераможцаў выбіралі ў некалькіх намінацыях. Міс і Містэрам фота сталі Артур Бартош і Дар’я Місавец. Званне Міс і Містэр-інтэрнэт атрымалі Мікіта Гура і Надзея Марчук. За лепшы творчы нумар узнагародзілі «каўказкіх танцораў» — Азіза Шэраліева і Мікалая Ідаленкава. Міс і Містэрам-лідар сталі Артур Бартош і Бажэна Ерэвіч, а Міс і Містэрам глядацкіх сімпатый — Мікіта Гура і Юлія Муха.
Таксама падчас спаборніцтва праходзіў адборачны этап рэспубліканскага міжвузаўскага конкурсу «Каралева Вясна». ГрДУ ў ім прадставіць Надзея Марчук.
Галоўныя тытулы — Міс і Містэр-універсітэт — атрымалі Мікіта Гура і Вольга Хілюта. Усе пераможцы атрымалі падарункавыя сертыфікаты ад спонсараў і ўніверсітэта.
— Я вырашыў паўдзельнічаць, бо мне падабаецца загружанае жыццё, усе гэтыя рэпетыцыі, новыя знаёмствы. Я застаўся задаволены, бо хацеў паказаць сябе і адкрыць новыя здольнасці. А таксама я знайшоў тут каханую дзяўчыну і яна мне вельмі дарагая, — кажа Мікіта.— Усе дзяўчаты былі вартыя перамогі. Мне складана выразіць словамі, што я адчуваю зараз. Мы рыхтаваліся тры месяцы, апошні тыдзень быў вельмі складаны. Але безумоўна, варта хадзіць на такія конкурсы. Мы знайшлі новых сяброў, папрацавалі з цудоўнымі харэографамі, — дзеліцца Вольга.
Для пераможцаў мінулых гадоў конкурс Міс-універсітэт стаў стартавай пляцоўкай для ўдзелу ў іншых спаборніцтвах. Напрыклад, для Аляксандры Дораш, якая наведала шоў.
[irp posts="13 546″ name="Гродзенская прыгажуня Аляксандра Дораш паспяхова выступіла на конкурсе Lady Universe-2017""]
— Як заўсёды, конкурс на вышэйшым узроўні. Я прысутнічала на многіх конкурсах. І кожны раз я пераконваюся, што Міс і Містэр-ГрДУ насамрэч класнае шоў з прафесійнай падрыхтоўкай. Нават удзельнікі, якія не мелі танцавальнай падрыхтоўкі, паказваюць клас. Менавіта з гэтага конкурса і пачалося маё конкурснае жыццё, і наступныя перамогі. Для мяне гэта родны дом, — кажа пераможца беларускіх і ўдзельніца міжнародных конкурсаў прыгажосці.
— Гэта бясцэнныя эмоцыі і незабыўны вопыт, — кажа Маргарыта Мартынава, Міс-універсітэт-2016 і Міс-Гродна-2017. — Менавіта гэты конкурс стаў штуршком для ўдзелу ў іншых конкурсах прыгажосці. Я ўвайшла ў 40 самых прыгожых дзяўчат Беларусі ў кастынгу Міс-Беларусь. Кастынг працягваецца, чакаем вынікаў.