Увечары 11 студзеня Міша Якімчык з маці Людмілай вярнуўся ў Горадню пасьля двух з паловай месяцаў прыгодаў. Маці ўпэўненая: галоўную ролю ў пошуках адыгралі не міліцыянты і пошукавыя атрады, а звычайныя неабыякавыя людзі. Вяртаньне — шчасьлівая падзея, але не канец гэтай гісторыі. Піша Радыё С**бода.
Бацька Вітальд Якімчык забраў малога Мішу зь дзіцячага садку 28 кастрычніка каля 11:00. Яны ў разводзе з жонкай, але ў той дзень бацькі дамаўляліся забраць Мішу разам пазьней і пашпацыраваць зь дзіцём. Чаму Вітальд вырашыў інакш, дакладна яшчэ невядома. З таго часу маці ня бачыла сына 74 дні і ня ведала, дзе ён і што зь ім.
«Міша сустрэў добра. Пазнаў адразу. Спачатку глядзеў насьцярожана. Але праз паўхвіліны асвоіўся. Ня плакаў. Першы час называў мяне „тата“», — кажа Людміла.
Жыць каля мора Вітальд раней прапаноўваў Людміле. Ён хацеў там пасяліцца, пакуль яны не разьвяліся.
Міша за апошнія дні стаміўся ад пералёту і пераездаў, ад вялікай колькасьці незнаёмых людзей, журналістаў. Ён ня надта хоча фатаграфавацца і пакуль мала расказвае, як яму жылося ўвесь гэты час з татам. Цяпер ён глядзіць мультфільмы, бегае па кватэры і бавіцца з цацкамі.
Ці зразумеў Міша, што менавіта адбылося, Людміла ня ведае. Яна стараецца яго не турбаваць пытаньнямі. Хоча, каб ён як мага хутчэй забыўся на гэтыя прыгоды.
Яна толькі наважылася яго запытацца, чаму яны не ўзялі яе з сабой на мора.
«Але ж я ў гэтым не вінаваты», — адказаў Міша.
Калі Людміла забірала сына, то ён выглядаў неахайна. Новая куртка была парваная пад рукой, брудная. Ад валасоў непрыемна пахла. Джынсы зацухмоленыя, стопы на калготках заношаныя, не папраныя. Міша расказаў маме, што ён не купаўся на ноч, толькі часам прымаў душ.
«Усё ж мужчына ня здольны гэтак жа дагледзець дзіця, як жанчына», — мяркуе маці.
Дзень народзінаў Мішы 29 сьнежня яны з бацькам у Анапе амаль не сьвяткавалі: схадзілі ў краму і набылі прадукты.
Людміла мяркуе, што былы муж такім учынкам хацеў ёй адпомсьціць. Ён у шлюбе біў і абражаў жонку. Яна ў пэўны момант спыніла ягоны гвалт, стала абараняць сябе, разьвялася зь ім, падала заяву ў міліцыю. На мужчыну завялі крымінальную справу паводле артыкулу 153 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Наўмыснае нанясеньне лёгкага цялеснага пашкоджаньня». Пачаліся перадсудовыя сустрэчы. Вітальд прасіў жонку забраць заяву. Яна адмовілася. У гэты пэрыяд Вітальд і зьнік разам зь дзіцём.
Інфармацыя, дзе знаходзіцца Міша і Вітальд, пачала порцыямі зьяўляцца толькі на пачатку новага году.
Жанчына зь Віцебску прапанавала распаўсюдзіць інфармацыю ў пабліках Анапы. Тады ўжо былі непацьверджаныя зьвесткі, што Міша можа быць у гэтым горадзе. Адміністратар пабліку зрокава пазнаў хлопчыка. Сказаў, што бачыў іх у горадзе. Іншая дзяўчына дала расейскі тэлефон Вітальда.
Як размаўляць зь Вітальдам, сама Людміла ня ведала. На дапамогу прыйшоў яшчэ адзін незнаёмец зь Беларусі, які пазваніў Вітальду і за два дні ўгаварыў яго пазваніць Людміле.
Жанчына падкрэсьлівае, што Вітальд выйшаў на сувязь ня з добрай волі. Ён разумеў, што яго могуць хутка затрымаць. Паставіў ёй умовы: каб яна забрала заяву зь міліцыі, каб прыехала да яго ў Анапу адна, бязь іншых людзей і бяз грошай, бо нібыта ў яго ёсьць усё патрэбнае. Спачатку казаў, што яны разам паедуць дадому. Скардзіўся на здароўе — што ў яго ідзе горлам кроў.
Потым пачаў прапаноўваць ёй застацца жыць у Анапе, нібыта зноў стаць сям’ёй.
«Я зразумела, што гэта шантаж, што ён зноў хоча паставіць мяне ў залежнае становішча», — мяркуе жанчына.
Завесьці Вітальда ў расейскую паліцыю дапамагла інспэктар у справах непаўналетніх з Анапы. Яна знайшла Вітальда, дамовілася на сустрэчу, сказала, што ёй трэба праверыць умовы, у якіх жыве мужчына зь дзіцём.
Вітальда затрымалі да таго, як яна прыляцела ў Анапу. Цяпер ён пад вартай. Неўзабаве яго экстрадуюць у Беларусь. На некалькі дзён Мішу разьмясьцілі ў прытулак пасьля затрыманьня таты.
Цяпер Людміла хоча вярнуць хлопчыка ў дзіцячы садок. Сёлета яму ісьці ў першую клясу.
«Але нам патрэбная бясьпека», — кажа яна.
Гісторыя Мішы і ягонай сям'і яшчэ ня скончылася. Наперадзе суд. Артыкул, за які Вітальд цяпер знаходзіцца пад вартай, не прадугледжвае пазбаўленьня волі. Мужчыну могуць пакараць грамадзкімі працамі, штрафам, папраўчымі працамі або арыштам.
Людміла баіцца, што, калі былы муж выйдзе на волю, гісторыя з сынам можа паўтарыцца. Але яна ня хоча пазбаўляць Вітальда бацькоўскіх правоў. Мяркуе, што варта іх абмежаваць. Пра гэта яна будзе раіцца з адвакатам.
«Недасяжны, недасяжны, недасяжны. А што мне рабіць? Думаць, што яны разьбіліся з сынам на машыне?.. Я ня лекар, але, мне здаецца, нармальны чалавек не зрабіў бы такога ўчынку з такім станам здароўя», — кажа Людміла.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…