Карыснае

Пабудуй сабе Мірскі замак і даведайся пра яго легенды

Пабудаваць уласны замак зусім проста. Для гэтага патрэбна трохі камянёў, цэглы і рошчыны. Яшчэ — добры дойлід і пару стагоддзяў часу. Але для вернасці спачатку лепш патрэніравацца на больш простых матэрыялах і зрабіць замак з папяровага канструктара. Напрыклад — паўтарыць Мірскі.

Шэдэўр, што продкі будавалі цягам XVI-XX стагоддзяў, можна сабраць за гадзіну. Для гэтага не спатрэбяцца нават клей ці нажніцы — толькі прыкладзі рукі. Для натхнення Hrodna.life раскажа пра цікавосткі Мірскага замка, які ўвайшоў у Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА і стаў адным з сімвалаў Беларусі.

Цікавостка першая: сямейная

Мірскі замак — першы прыватнаўласніцкі замак на беларускіх землях. Пабудаваў яго на пачатку XVI ст. магнат Юрый Ільініч. Існуе паданне, што гаспадар атаясамляў замак з уласнай сям’ёй. Галоўная вежа азначала яго самога, а размешчаныя па вуглах чатыры меншыя вежы — сыноў гаспадара: Мікалая, Яна, Станіслава і Шчаснага. Кажуць, што Ян у апошнія гады бацькавага жыцця сапсаваўся на гулянках, таму ўзвядзенне яго вежы прыпынілася. Дабудаваў яе пазней наступны ўладальнік замка — Радзівіл Сіротка.

Цікавостка другая: ваенная

Мірскі замак браў удзел практычна ва ўсіх войнах, што праходзілі па беларускіх землях, ад руска-польскай 1654—1667 гадоў да руска-французскай 1812 года. Яго архітэктура дае шмат магчымасцяў весці агонь з перакрываннем сектараў абстрэлу, а вежы месцяцца так, каб весці флангавы агонь уздоўж сцен.

Цікавостка трэцяя: архітэктурная

Мірскі замак мае стылістычныя элементы часоў готыкі і рэнесансу. Гэта муроўка з камянямі і клінкернай цэглай, падзел сцен разнастайнымі па форме атынкаванымі нішамі, арнаментальныя цагляныя паясы. Кажуць, што арнаментальнае аздабленне Мірскага замка, таксама, як арнамент народнага адзення, прызначалася, каб адганяць злых духаў і абараняць гаспадароў ад злой долі.

Цікавостка чацвёртая: скарбная

Паданне кажа, што ў часы князёў Радзівілаў паміж Мірскім і Нясвіжскім замкамі быў пракапаны падземны ход, па якім свабодна магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай коней. Калі расійскія войскі ў 1812 годзе захапілі Нясвіж, то адданыя радзівілаўскія слугі паспелі схаваць скарб у падземны лаз і падарваць уваход. Гэтыя скарбы да сённяшняга дня не знойдзены. Мяркуецца, што сярод іх знаходзяцца залатыя постаці дванаццаці апосталаў.

Цікавостка пятая: легендарная

У паўднёвай частцы замкавай сцяны ў замак умураваны вялікі камень. Лічыцца, што будаўнікі замуравалі ў сцяну сімвалічную каменную «галаву барана». Яна магла быць як магічным знакам і перасцярогай ворагам, так і напамінкам пра святое ягня. Ёсць таксама тлумачэнне, што падобная выява ў сцяне — гэта «стыхія», цень жывой істоты, якая ахоўвае дом і сцеражэ скарбы. Паводле легенды, пакуль існуе гэты «баран», стаяць будзе і Мірскі замак.


Прыдумаў і стварыў канструктар Сяржук Бахун з Брэста па просьбе сваёй дачкі. Па словах Сяржука, дзяўчынку здзівіла, што ў крамах цацак прадаюць 3D канструктары шматлікіх сусветных славутасцяў, ад Капітолія да Эйфелевай вежы, але няма нічога з беларускіх архітэктурных цікавостак. Бацька вырашыў выправіць сітуацыю. Так што зараз кожны можа пабудаваць сабе ўласны замак. Праз сеціва набыць канструктар можна тут. Гродзенцы знойдуць канструктар у этнакраме «Цудоўня».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025