Аляксандр Мілінкевіч балатаваўся ў прэзідэнты ў 2006 годзе. Сёння ён вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасці і вучыць беларусаў правільна праводзіць рэформы. Пра гэта ён распавёў у інтэр'вю Zerkalo.io. Hrodna.life абраў і публікуе самыя цікавыя і важныя моманты размовы.
Чаму ва Украіне Лукашэнка быў папулярны
Прычына таго, што яшчэ ў 2019 годзе Лукашэнка быў адным з самых папулярных замежных палітыкаў ва Украіне — постсавецкі сіндром у людзей, мяркуе Аляксандр Мілінкевіч. Гэта тычыцца жыхароў і Расіі, і Беларусі, і Украіны.
«Бачылі яго такім чалавекам моцнай рукі, які навядзе парадак. Людзі не разумелі, што такое дэмакратыя, а парадак разумелі». Усё змянілася, калі Лукашэнка стаў на бок Пуціна. «Пазітыўнае стаўленне знікла».
Захопу Беларусі Расіяй можна не баяцца
Калі Украіна пераможа ў вайне з Расіяй, то «ў Крамлі будзе новы гаспадар, калі ён будзе займацца паўразбуранай эканомікай Расіі, хворым грамадствам, то ўвагі да Беларусі стане менш. Масква не будзе любымі спосабамі захоўваць Мінск пад кантролем і ў сферы сваёй увагі. Таму ў нашай краіне прыйдзе час пазітыўных зменаў».
Пратэст 2020 — трэба было прайсці, хоць і балюча
Радыкальны пратэст у жніўні 2020 года мог бы скончыцца «законнай» расійскай акупацыяй Беларусі і стратай фармальнага суверэнітэту, лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
«Вядома, беларусам цяжка, і расчараванне, і дэпрэсія. Столькі людзей сядзяць па турмах, там гвалт і здзекі. Тыя, хто з’ехаў, таксама пакутуюць. Усё гэта так. Але мы зрабілі вялікі-вялікі гістарычны крок у развіцці нашай нацыі. І калі нідэрландцы здзяйснялі сваю рэвалюцыю 80 гадоў, палякі - 10, то мы зробім хутчэй, бо сёння час інтэрнэта і інфармацыі. Таму выспяванне эмоцый, пачуццяў, характару і гонару ідзе хутчэй. Праз гэта трэба прайсці, хоць і балюча».
Беларусы не хочуць вайны
Лукашэнку небяспечна пасылаць людзей на вайну, бо беларускі народ катэгарычна не хоча вайны, думае Аляксандр Мілінкевіч. «Нават яго атачэнне, не кажучы ўжо пра тых, хто пратэставаў у 2020 годзе», — лічыць ён. Людзі могуць узбунтавацца, не выконваць загад, нягледзячы на жах. «Гэта была б нацыянальная трагедыя, калі б беларусы пайшлі забіваць украінцаў. І дзеля чаго? Дзеля захавання імперыі і імператара?»
Пра 2006: «На нас не глядзелі як на „здраднікаў радзімы“»
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Аляксандр Мілінкевіч балатаваўся на пост прэзідэнта. Тады яго затрымалі за арганізацыю несанкцыянаванага Дня Волі. Паводле словаў Мілінкевіча, паводзіны сілавікоў тады былі зусім іншыя, чым пасля жніўня 2020 года.
«Вады цёплай не было, але я звыкся мыцца штодзённа. І мяне на маю просьбу вадзілі спецыяльна ў душ, няхай і з халоднай вадой. Але, вядома, гэта было не па рэгламенце. Нават людзі з крымінальным мінулым ставіліся да мяне добра — лепшае месца ў камеры вызвалілі, пазнавалі, — расказаў Аляксандр Мілінкевіч. — На нас не глядзелі як на „здраднікаў радзімы, крывавых злачынцаў“, некаторыя нават прасілі прабачэння паціху. У краіне не было такога жорсткага супрацьстаяння — „нашы, не нашы“, „ворагі ці патрыёты“». Нават пры зачыстцы пратэснага намётавага мястэчка не было дэманстратыўнага садысцкага здзеку і ўражанняў, што сілавікі атрымоўваюць ад яго задавальненне.
Лукашэнка — не самая вялікая праблема Беларусі
Мілінкевіч лічыць, што на ўсіх выбарах, акрамя апошніх у 2020 годзе, Лукашэнка набіраў большасць галасоў. «Мы не ведалі, што такое дэмакратыя і правы чалавека. Улада кажа: чарка і скварка ёсць, усё ж някепска, хлопцы. Зараз людзі зразумелі: няма дэмакратыі - вось, калі ласка, вас збіваюць і саджаюць ні за што».
На яго думку, шмат людзей лічаць, што самая вялікая праблема ў Беларусі - гэта Лукашэнка. «Шчыра кажучы, Лукашэнка — не самае галоўнае, ён на другім месцы. Самае галоўнае — тое, што робіцца ў галовах людзей. Гатовыя да дэмакратыі ці не, гатовыя адстойваць сваю годнасць ці змірыцца быць лаяльнымі? Гэта называецца фармаванне грамадзянскай пазіцыі. Вельмі марудны працэс».
Ціханоўская — рэальны і легітымны лідар
Да Ціханоўскай Мілінкевіч ставіцца станоўча. Бо лічыць, што яна — рэальны і легітымны лідар дэмакратычнай апазіцыі. «Яна не была палітыкам, а стала добрым палітыкам. Яе стваралі людзі, і яна сама сабе стварала. Вельмі важна яе не страціць».
На яго думку, некаторым падаецца: а чым я горш? Бо я і такі, і сякі, а яе лёс проста так склаўся. «Святлана стала лідарам у значнай ступені дзякуючы таму, што яна такая, як большасць, яна з народа, таму і мае падтрымку па сённяшні дзень».
Мілінкевічу падабаецца, што Ціханоўская вельмі шчыры чалавек. «Я ёй веру, нават калі не пагаджаюся з ёй». Паводле яго словаў, Лех Валенскі таксама не быў палітыкам, быў лідарам з народа. Ён казаў: я вышэйшай адукацыі не маю, але вакол мяне так шмат прафесараў, я вучуся і вучуся. «Ён сапраўды прайшоў свае ўніверсітэты, калі ўжо быў лідарам вядомай „Салідарнасці“».
Мілінкевіч сышоў з палітыкі ў адукацыю
Зараз Аляксандр Мілінкевіч займаецца адукацыйнай палітыкай. Ён вырашыў, што час ад часу трэба капітальна змяняць кірунак дзейнасці. Большую частку жыцця ён выкладаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Чатыры гады працаваў у Алжыры. Таксама чытаў адкрытыя лекцыі ў вядучых універсітэтах Еўропы — у Велікабрытаніі, Францыі, Германіі. Таму ён вырашыў вярнуцца да вытокаў.
«Мы рэалізуем праект „Вольны беларускі ўніверсітэт“. Нашая мэта — падрыхтоўка менеджараў для правядзення ў Беларусі сучаснай трансфармацыі. Гэта ўніверсітэт трэцяга ўзроўню — паслядыпломнай еўрапейскай адукацыі». Сярод заснавальнікаў гэтага ўніверсітэты — лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч і Алесь Бяляцкі, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.
Беларусь чакаюць сістэмныя рэформы
«Беларусь у нашым рэгіёне будзе праводзіць сістэмныя рэформы апошняй. Гэта і кепска, бо адстаём ад іншых, і добра, бо мы можам выкарыстоўваць досвед суседзяў. Рэформы прыйдзецца рабіць у няпростых умовах — пасля крызісаў, пасля расійска-украінскай вайны, будзе непазбежная стома грамадства. Трэба будзе правесці трансфармацыю адносна хутка і эфектыўна».
«Адзін з найлепшых прыкладаў для нас — Эстонія, выдатны — Польшча. Нават у Грузіі і Украіне цікавыя прыклады рэформаў». На думку Мілінкевіча, сярод беларусаў шмат высокаадукаваных перспектыўных спецыялістаў. Таму задача ўніверсітэта — даць ім веды.