Дзяцей 6-16 гадоў пазнаёмяць з навыкамі прафесій, якія будуць запатрабаваныя ў найбліжэйшай будучыні. Школа распачнецца з курса “Асновы робататэхнікі”. Веды будуць карыснымі, нават калі дзіця не стане праграмістам ці інжынерам.
З часам школа прыцягне патэнцыйных працадаўцаў
– Наша задача – даць дзецям найбольш актуальную адукацыю, развіць неабходныя навыкі і ўменні, якія спатрэбяцца ў будучай працы і дапамогуць у самарэалізацыі, – расказвае кіраўнічка арт-пляцоўкі “ПятниЦа” Таццяна Чарняўская (на фота). – Мы працуем дзеля папулярызацыі робататэхнікі і інавацый у Беларусі, развіцця творчай актыўнасці дзяцей і моладзі, прыцягнення лідараў меркаванняў для падтрымкі гэтай галіны.
Перспектывы, якія стаяць перад дзецьмі – атрымаць унікальныя веды. Яны будуць карыснымі, нават калі навучэнцы не звяжуць жыццё з IT або інжынерыяй. Дзеці навучыцца ставіць задачы і выконваць іх, працаваць у камандзе. Таццяна ўпэўнена, што з часам “Школа будучых прафесій” прыцягне патэнцыйных працадаўцаў.
Перспектывы бацькоў, як кажа Таццяна, усміхаючыся, – мець “нестандартна думаючае дзіця”. Яна лічыць, што ў бацькоў, якія звярнуліся ў школу, ёсць дакладнае бачанне яе перспектыўнасці.
Першы курс – “Асновы робататэхнікі”
Прэзентацыя праекта і методыкі адбылася 6 лістапада, запуск плануецца 12 лістапада. Адкрыты набор у новыя групы, таксама адкрыты ліст чакання. Калі набяруць дзяцей, запусцяць курсы па відэамантажу і фатаграфіі.
– Справа ў тым, што кожны набор для зборкі робата каштуе каля 1000 $ і разлічаны на двух дзяцей. Таму колькасць месцаў у групе строга абмежавана і можа быць не больш за 12 чалавек. За кожным дзіцём замацоўваецца яго месца да канца курса, – расказвае Таццяна.

Пакуль будуць працаваць групы выхаднога дня, у суботу і нядзелю у 14.00. Занятак доўжыцца дзве акадэмічныя гадзіны, плюс перапынак для адпачынку і камунікацыі. Самыя папулярныя кірункі ў школе – IT і інжынерыя.
– На дадзены момант найбольшую цікавасць у бацькоў і дзяцей выклікаў курс, звязаны з трыма дысцыплінамі: механікай, канструяваннем і праграмаваннем, – кажа Таццяна. – Яго мы запускаем самым першым, называецца ён “Асновы робататэхнікі”. Дзеці будуць самастойна збіраць робатаў, а затым пісаць для іх праграмы.
Выкладчык курса – Ганна Альшэўская, спецыяліст адукацыйнага інавацыйнага цэнтра педагагічнага факультэта ГрДУ, матэматык па адукацыі, выкладчык матэматыкі і інфарматыкі.

У планах Таццяны – арганізаваць фестываль па робататэхніцы. Яна кажа, што ў Мінску гэты напрамак ужо паспяхова развіваецца і прыносіць плён. Кіраўнічка школы ўпэўнена, што хутка дзеці з Гродна таксама змогуць выступаць на конкурсах.
Дом, а не навучальная ўстанова
– Хоць мы і называемся школай, мы будзем старацца стварыць хутчэй дом, чым навучальную ўстанову, – кажа Таццяна. – Мы створым такую абстаноўку, у якой хочацца тварыць, і ў якой кожнае дзіця будзе адчуваць сябе разняволеным, зразуметым, любімым.
“Школа будучых прафесій” – толькі адна з задумаў кіраўніцы арт-пляцоўкі “ПятниЦа” Таццяны Чарнякевіч па развіццю крэатыўнага вольнага часу і адукацыі ў дзяцей і дарослых.
– У нас з мужам саспела ідэя адкрыць арт-пляцоўку для творчых, інтэлігентных, крэатыўных людзей горада, дзе збярэм усё найлепшае для гродзенцаў: фітнес, танцы, тэатральную студыю, студыю прыгажосці, школу будучых прафесій і іншае, – расказвае Таццяна. – Гэта будзе месца, дзе кожныя выходныя будуць праходзіць бясплатныя майстар-класы, месца, куды хочацца вяртацца.

Адрас: Леніна, 5 (2 паверх), арт-пляцоўка “Пятнiца”
Таццяна Чарняўская ў ВК: vk.com/naila_bellydance



