Аляксей Навумчык з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ўжо 8 гадоў рэстаўруе старадаўнія карціны і іконы. Зараз майстар працуе над палатном 17 стагоддзя, якое калісьці вісела ў брыгіцкім манастыры, але было схавана ў часы Савецкага саюза.
Гэтай карцінай Аляксей Навумчык пачаў займацца пасля выставы «Сакральная спадчына Панямоння» ў Новым замку. На ёй выстаўлялі палотны, знойдзеныя ў сутарэннях брыгіцкага касцёла, напрыклад партрэты магнатаў Весялоўскіх эпохі Вялікага княства Літоўскага. Карціна, над якой працуе Аляксей, таксама раней знаходзілася ў былым брыгіцкі храме, але ў савецкія гады яна была схаваная ў іншым месцы — у сценах Бернардынскага касцёла. На палатне намалявана з’яўленне Хрыста святой Брыгіце.
Маляваў «невядомы мастак»
«У канцы 2018 году ксёндз Антоній Грэмза прапанаваў мне ўзяцца за аднаўленне карціны 17 стагоддзя. Асноўны працы ў мяне хапала, але адмаўляцца ад такой сакральнай рэстаўрацыі было б няправільна.
Карціна была намаляваная як мяркуецца, у 17-м стагоддзі, але мы не можам дакладна гэта сцвярджаць. Аўтара мы таксама не ведаем, гэта, як цяпер кажуць, «невядомы мастак». Але я думаю, ён быў з мясцовых, толкам нідзе не змог вучыцца, таму што ў той час умелі добра маляваць у асноўным у Еўропе. Там была моцная школа мастакоў, на нашых землях такога мастацтва не было, усё было прымітыўна".
Выратаваць абраз
З-за таго, што абраз доўга захоўваўся на гарышчах і ў падвалах, ён трапіў да рэстаўратара з сур’ёзнымі пашкоджаннямі. Аляксей кажа, што гэта з-за захоўвання ў няправільным становішчы і перападаў тэмпературы.
«Карціна патрапіла да мяне складзенай, з дзіркамі. І спачатку мяне папрасілі проста нацягнуць яе на новае палатно, але я сказаў,
што ў такім выглядзе зрабіць гэта нерэальна. Важна было правесці які-небудзь аб’ём рэстаўрацыйных работ. Гэта было неабходна для выратавання абраза».
Стаць ценем мастака
Калі Аляксею далі дазвол на аднаўленне, ён разбіў сваю працу на некалькі этапаў.
«У мяне шмат асноўнай працы, таму карцінай займаюся ў вольны час. У гэтай справе спяшацца нельга. Праца далікатная, галоўнае не нашкодзіць. Спачатку я правёў дубляванне (склейванне палотнаў) і гэтак засцярог1 твор ад далейшага разбурэння.
Пасля нацягнуў карціну на экспазіцыйны падрамнік, зняў прафзаклейку і ачысьціў палатно адмысловым1 растворам. Далей стаў накладваць рэстаўрацыйны грунт туды, дзе ён страчаны.
Наступны этап — шліфоўка рэстаўрацыйнага грунту да патрэбнага стану. І канчатковы этап — запіс страт. Але паколькі аб’ём работ вялікі, шмат сколаў і страт, то праца будзе старанная і доўгая, на час трэба будзе стаць тым жа мастаком эпохі адраджэння, які пісаў калісьці гэтую карціну. Стаць яго ценем".
Абраз павесяць у храме
Пасля рэстаўрацыйных работ Аляксей перадасць палатно на законнае месца ў храм. Ксёндз Антоні Грэмза з Брыгіцкага касцёла адзначае, што гэтая карціна важная для іх храма.
«На карціне святая Брыгіта. Абраз вісеў у манастыры. У савецкія гады палатно перанеслі разам з іншымі рэчамі ў Бернардынскі касцёл. Там іх хавалі ад камуністаў, пакуль храм у 1990-х не вярнулі вернікам».