Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага. Hrodna.life паглядзеў, дзе і як прапануюць адзначыць Масленіцу ў Гродне і ваколіцах.

Масленіца (Сырны тыдзень, Масленка, Сырніца) — зімова-вясновы тыдзень перад пачаткам Вялікага паста, які адзначаецца ў праваслаўнай царкве. Прыпадае на 8-ы тыдзень да Вялікадня. Абрадавымі стравамі тыдня былі масла, тварог і сыр, штодзённа частаваліся блінамі без мяса. Розным дням масленічнага тыдня адпавядалі розныя традыцыі. Асноўная скіраванасць абрадаў — праводзіны зімы, пажаданне скорага прыходу вясны. Некаторыя – прысвечаны маладым сем’ям. На Масленіцу каталіся на арэлях, з’язджалі з горак, спявалі масленічныя песні і вадзілі карагоды. У Даравальную нядзелю, пасля катання па вёсцы, з захадам сонца спальвалі на вогнішчы пудзіла зімы і старыя рэчы.

Масленіца ў цэнтры Гродна і Казюкі

У цэнтры горада Масленіцу будуць адзначаць 1 сакавіка ў рамках фестывалю «Гродзенскі разгуляй».

Чытайце таксама: Праз Масленіцу ў Гродне будуць перакрываць рух. Як паедзе грамадскі транспарт?

  • 12:00-12:20 — Масленічны парад ад вул. Сацыялістычнай да пл. Леніна.
  • 12:20-21:00 — урачысты пачатак свята на сцэне на пл. Леніна і канцэрт.
  • 11:00-21:00 – будуць працаваць гандлёвыя кропкі на Леніна.
  • 12:00-18:00 — каля МЦ «Гродна» пройдзе «Моладзевая блін-тусоўка».
  • 12:00-18:00 — 7 падворкаў ад прадпрыемстваў горада на вуліцах Ажэшкі і Савецкая.
  • 13:00-19:00 – на плошчы Тызенгаўза пройдзе шоу сілачоў. Будуць конкурсы на сілу, распілоўванне бярвёнаў і падобнае.

Парк Жылібера

  • 11:00-18:00 – ад Тэатра лялек да летняй сцэны пройдзе традыцыйны рэгіянальны кірмаш рамеснікаў у гонар дня святога Казіміра «Казюкі-2025».
  • 12:00-18:00 — будзе працаваць перасоўны лазневы комплекс.
  • 13:00-16:00 – пляцоўка «Жывы куток з хаскі».
  • 19:15 – у Швейцарскай даліне спаляць масленічнае пудзіла зімы.
Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025
Фестываль “Разгуляй” у Гродне. Крыніца: “Гродна Плюс”

Калі: 1 сакавіка.
Уваход: бясплатны.
Падрабязнасці: 62-60-02, 68-64-35.

“Гульні і песні на прадвесні” ў Свяцку

У адрэстаўраваным палацы ў Святску (палацава-паркавы комплекс “Вялікі Святск Валовічаў“) пад Гродна Масленіца пройдзе 23 лютага.

Свята пачнецца ў 13:00. Абяцаюць:

  • музычна-забаўляльную праграму;
  • народныя песні і гульні;
  • майстар-клас па побытавых танцах;
  • карагод “Сонейка”;
  • спальванне пудзіла зімы;
  • блінны квэст.
Масленица в Святске
Масленіца ў Свяцку. Крыніца: Instagram sviatskipalac

Калі: 23 лютага.
Уваход: 10 руб.
Падрабязнасці: +375 (29) 883-33-36 

«Шырокая Масленіца» ў Каробчыцах

У сядзібе “Каробчыцы” пад Гродна Масленіцу будуць адзначаць два дні: 1 і 2 сакавіка. Мяркуючы па афішы, пудзіла таксама будуць спальваць у абодва дні.

  • 12.00-13.30 – гульні, конкурсы і розыгрышы на зараблянне прызавых фішак. Масленічны слуп, дзе кожны ахвочы зможа выпрабаваць свае здольнасці.
  • 12:00-16:00 – (з перапынкамі) дэгустацыя мясных дэлікатэсаў ад ААТ «Гродзенскі мясакамбінат».
  • 14.00-15.30 – анімацыйнае прадстаўленне для дзяцей і дарослых «Чароўны пярсцёнак» па матывах народнай казкі (вялікая сцэна парка).
  • 14.00-16.30:
    • на малой сцэне парка – выступленне народнага фальклорнага гурта “Жывіца”.
    • на тэрыторыі сквера “Усмешка” майстар-клас па побытавых танцах для ўсіх ахвотных.
  • 14.00-17.00 – у альтанцы насупраць кафэ “Алюр” будзе працаваць крама прызоў, дзе ўсе змогуць абмяняць заробленыя прызавыя фішкі на падарункі.

Таксама гасцям абяцаюць смачныя бліны, дрэва жаданняў, спальванне пудзіла, масленічныя карагоды і танцы. Усіх дзяцей, “якія прыйшлі ў масленічнай атрыбутыцы”, прапусцяць бясплатна (што за атрыбутыка, не ўдакладняюць).

Масленица в Коробчицах
Масленіца ў Каробчыцах. Крыніца: Instagram маёнтак “Каробчыцы”

Калі: 1-2 сакавіка.
Уваход: у звычайныя дні білет на тэрыторыю каштуе 10 руб. для дарослых, 5 руб. для дзяцей з 3 да 14 гадоў, да 3 гадоў – бясплатна.
Падрабязнасці: +375293571081, +375152600430.

Чытайце таксама: У «Каробчыцкім Алімпе» уключылі снежныя гарматы — магчыма, хутка можна будзе пакатацца на цюбінгу

“Шчодрая Масленіца” на “Прывале”

На базе адпачынку “Прывал” пад Гроднам будуць святкаваць Масленіцу больш за тыдзень – з 19 лютага па 2 сакавіка.

Пачатак анімацыйных праграм для ўсёй сям’і – а 12.00 і а 14.00. Абяцаюць песні і танцы, спальванне пудзіла (мяркуючы па ўсім, таксама кожны дзень) і пачастункі.

Калі: 19 лютага – 2 сакавіка. Панядзелак і аўторак на базе “Прывал” – выхадныя дні.
Уваход: для дарослых 8 руб., для дзяцей з 3 да 14 гадоў 4 руб., да 3 гадоў – бясплатна.
Падрабязнасці: +375 33 314 41 44.