На Гродзеншчыну прыйшло арктычнае пахаладанне. Тэмпературныя мінімумы могуць дасягнуць -22 градусаў. Як у такое надвор’е засцерагчы сябе і сваіх блізкіх, расказала Міністэрства аховы здароўя. Hrodna.life сабраў самае галоўнае ў картках.
Заставайцеся дома
У моцныя маразы старайцеся заставацца дома. Выходзьце на вуліцу толькі пры неабходнасці. Правярайце прагноз надвор’я перад выхадам.
Апранайцеся як капуста
Пры апрананні прытрымлівайцеся «прынцыпу капусты», насіце свабодную, непрамакальную верхнюю вопратку і пераканайцеся ў наяўнасці паветраных праслоек паміж пластамі. Не насіце на марозе металічныя ўпрыгожванні, у тым ліку з золата і срэбра.
Не спажывайце алкаголь
Пазбягайце ўжывання алкаголю. Ён можа выклікаць ілюзію цяпла, а таксама прывесці да пераахаладжэння. Абавязкова паешце перад выхадам на мароз.
Падбярыце правільнае адзенне
Прыдатны абутак з цёплымі вусцілкамі, шкарпэткі з воўны, рукавіцы, шапка і шалік абароняць ад абмаражэння на марозе.
Беражыце скуру
Пазбягайце кантакту скуры з металам, не мачыце скуру, а ў выпадку адмаражэння не дапускайце паўторнага замярзання адмарожаных раней участкаў цела. Намазвайце скуру крэмам.
Ведайце першыя сімптомы адмаражэння
Веданне першых сімптомаў адмаражэння — золкасць, паколванне і абмежаванне руху канечнасцяў, важна для эфектыўнай прафілактыкі. Калі падчас шпацыру вы адчулі пераахаладжэнне або прыкметы адмаражэння канечнасцяў, трэба як мага хутчэй зайсці ў любое цёплае месца — краму, кафэ, пад’езд, машыну — каб сагрэцца і агледзець патэнцыйна ўразлівыя для адмаражэння месцы.