Здымкі манахаў і вернікаў, зробленыя цягам некалькіх гадоў, у розныя поры году, у святочныя дні і за будзёнымі справамі склалі выставу гродзенскай фотамастачкі і матушкі. Вернісаж прайшоў 30 красавіка – у дзень народзінаў Наталлі Дораш, у культурным цэнтры “Фестывальны”. Аўтарка прысвяціла выставу да Пасхі. Разам з фатографкай пра здымкі расказалі яе муж, святар з Жыровіцкага манастыра і ўнук Цімафей.
Меркаваннем аўтаркі, асаблівасць выставы ў нязмушанай штодзеннасці здымкаў: “Атмасфера ў Жыровіцкім манастыры асаблівая, напоўненая ціхай радасцю і міралібіем, тут благадатнае месца для ацалення душы. Я адчуваю сябе шчаслівай, калі тут знаходжуся”, – казала Наталля Дораш.

“Вобраз прыходзіць да фатографа імгненна, – узгадваў аб працы Наталлі муж-святар. – Мастак Іваноў, калі пісаў “Яўленне Хрыста народу”, шмат гадоў працаваў над вобразам. А фатограф мае ў момант рэагаваць”. Яго меркаваннем, вобразы выставы сугучныя вершам Твардоўскага і прозе Сіманава, а мяжа паміж міранамі і манахамі амаль такая ж, як паміж “Жывымі і мёртвымі”.

“Наталля паказала, што такое манастыр. Тут людзі абмяжоўваюць сябе. У іх сям’і няма, нічога няма, толькі малітва. Матушка так іх показала, што амаль нідзе ў манахаў не відаць твараў. Яны як бы незямныя, нябачныя. Манахі – гэта духоўнае воінства. Праблемы міра перадаюцца на іх плечы”.
“Мы ўсе ведаем Наталлю як выдатнага фотамастака, – зазначыла кіраўнічка культурнага цэнтра Ірына Сільвановіч. – Вашы “Палешукі”, вашы “Гаражанкі”, вашы нацюрморты з лецішча – заўжды заварожваюць. Вы так ўмееце бачыць прыгажосць у звычайным, што гэта адразу робіцца творам мастацтва”.

Наталлю Дораш і яе працы добра ведаюць не толькі ў Гродне. На вернісажы фатографка атрымала два дыпломы за ўдзел ў выставаў “Свет вачамі жанчын” і “Мы з Беларусі”, што прашлі ў Ізраілі. Дарэчы, тытульным здымкам і сімвалам выставы ў Хайфе таксама стаў здымак Наталлі, распавяла фатографка Марыя Станіславіч.
Пад канец імпрэзы Наталля прызналася, што вельмі хвалявалася за выставу, а напярэдадні сасніла сон, нібы на адкрыццё ніхто не прыйшоў. Аднак жа удзячныя прыхільнікі фатографкі не далі кепскім мроям спраўдзіцца.







