Здымкі манахаў і вернікаў, зробленыя цягам некалькіх гадоў, у розныя поры году, у святочныя дні і за будзёнымі справамі склалі выставу гродзенскай фотамастачкі і матушкі. Вернісаж прайшоў 30 красавіка — у дзень народзінаў Наталлі Дораш, у культурным цэнтры «Фестывальны». Аўтарка прысвяціла выставу да Пасхі. Разам з фатографкай пра здымкі расказалі яе муж, святар з Жыровіцкага манастыра і ўнук Цімафей.
Меркаваннем аўтаркі, асаблівасць выставы ў нязмушанай штодзеннасці здымкаў: «Атмасфера ў Жыровіцкім манастыры асаблівая, напоўненая ціхай радасцю і міралібіем, тут благадатнае месца для ацалення душы. Я адчуваю сябе шчаслівай, калі тут знаходжуся», — казала Наталля Дораш.
«Вобраз прыходзіць да фатографа імгненна, — узгадваў аб працы Наталлі муж-святар. — Мастак Іваноў, калі пісаў „Яўленне Хрыста народу“, шмат гадоў працаваў над вобразам. А фатограф мае ў момант рэагаваць». Яго меркаваннем, вобразы выставы сугучныя вершам Твардоўскага і прозе Сіманава, а мяжа паміж міранамі і манахамі амаль такая ж, як паміж «Жывымі і мёртвымі».
«Наталля паказала, што такое манастыр. Тут людзі абмяжоўваюць сябе. У іх сям'і няма, нічога няма, толькі малітва. Матушка так іх показала, што амаль нідзе ў манахаў не відаць твараў. Яны як бы незямныя, нябачныя. Манахі - гэта духоўнае воінства. Праблемы міра перадаюцца на іх плечы».
«Мы ўсе ведаем Наталлю як выдатнага фотамастака, — зазначыла кіраўнічка культурнага цэнтра Ірына Сільвановіч. — Вашы „Палешукі“, вашы „Гаражанкі“, вашы нацюрморты з лецішча — заўжды заварожваюць. Вы так ўмееце бачыць прыгажосць у звычайным, што гэта адразу робіцца творам мастацтва».
Наталлю Дораш і яе працы добра ведаюць не толькі ў Гродне. На вернісажы фатографка атрымала два дыпломы за ўдзел ў выставаў «Свет вачамі жанчын» і «Мы з Беларусі», што прашлі ў Ізраілі. Дарэчы, тытульным здымкам і сімвалам выставы ў Хайфе таксама стаў здымак Наталлі, распавяла фатографка Марыя Станіславіч.
Пад канец імпрэзы Наталля прызналася, што вельмі хвалявалася за выставу, а напярэдадні сасніла сон, нібы на адкрыццё ніхто не прыйшоў. Аднак жа удзячныя прыхільнікі фатографкі не далі кепскім мроям спраўдзіцца.