«Каб цябе пярун забіў!» — адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935 гадах ён стаў выракам для некалькіх дзясяткаў чалавек, калі па Гродзеншчыне пракацілася серыя гвалтоўных смерцяў ад удараў маланак. Большасць з іх можна было пазбегнуць, каб людзі ведалі тое, што сёння вядома і дзецям. Hrodna 11:27 пагартаў старонкі міжваеннай прэсы, каб даведацца больш пра анамальныя актыўнасці перуноў-забойцаў.

Пярун у беларускай міфалогіі і пры чым тут нячысцікі

Беларусы звязвалі з’яўленне маланак на небе і перуноў, якія білі ў зямлю, са змаганнем Бога з чортам. Этнограф Міхал Федароўскі ў 1870-я запісаў багата гісторый пра гэта на Гродзеншчыне. У Бераставіцы распавядалі:

«Бог страляе ў чорта каменнымі стрэламі: як загрыміць моцна і пярун ударыць, то гэта значыць, што Бог шпурнуў стралою ў чорта».

«Каменнымі стрэламі» тады называлі знойдзеныя ў полі каменныя сякеры старажытных людзей. Нашыя продкі яшчэ ў ХІХ стагоддзі звязвалі іх з перунамі, якія быццам бы пасля ўдару ў зямлю ператвараліся ў такія «каменныя стрэлы», што вылазілі з зямлі праз сем гадоў. Іх збіралі, драбілі і выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне.

У Росі каля Ваўкавыска расказвалі:

«У хмурах на залатых ланцугог вісяць стрэлы каменныя, што сам Бог робіць. А як сходзіцца вялікая бура, то святы Амброзій зсоўвае стрэлы з гэтаго ланцуга і шпурляе дзе чорт схаваецца».

Адсюль вынікала, што калі пярун забіваў чалавека, то да смерці гэтай спрычынілася нячыстая сіла:

«Пярун заўсёды ў гэта месца ўдарывае, дзе чорт схаваецца. Калі нават пярун ударыць у чалавека, то ўжэ пэўно пад ім чорт схаваўся», — распавядалі ў Слоніме.

Самы вядомы пярун у гісторыі Гродна

З нячысцікамі звязвалася і месца, куды біла маланка. Пра тое распавядае нават адна з летапісных згадак пра Горадню, датаваная 1183 годам:

«Того же лета Городенъ погоре весь и церквы каменная от блистания молнии и шибения грома».

Царквою, пра якую пісаў летапісец, была Ніжняя царква на Замкавай гары. Нездарма яе, пазначаную перуном, не сталі адбудоўваць, а месца, дзе яна знаходзілася, надоўга закінулі, ператварыўшы пасля ў гарадскія могілкі. Парэшткі царквы былі выяўлены толькі ў 1930-я гады і сёння іх можа пабачыць кожны жадаючы, які наведае Стары замак у Гродне.

Анамальныя гады: колькі чалавек забілі і маёмасці знішчылі маланкі ў сярэдзіне 1930-х

Выпадковыя смерці ад маланак здараліся ва ўсе часы, але колькасць іх была вельмі нязначнай, у адрозненні ад пажараў па той жа прычыне. Але ў першай палове 1930-х гадоў Гродзеншчына перажыла нечуваную да таго колькасць пажараў і смерцяў ад маланак. Першыя ластаўкі сталі заўважныя ўжо ў 1932 годзе, калі на вёсцы значна паболела буйных пажараў ад перуноў, страты ад якіх маглі дасягаць вялізных лічбаў у некалькі тысяч злотых. У сённяшняй польскай валюце памер страт быў бы прыкладна ў 10 разоў большы, то бок тагачасныя страты ў 2000 злотых сёння склалі б 20 000.

У ноч на 27 траўня ў калоніі Будляны (гміна Вялікая Бераставіца) згарэла стадола Пятра Болдака, які страціў маёмасці на 3000 злотых. 12 ліпеня ў Ярмолічах (гміна Індура) згарэла стадола Рыгора Коўшыка з зернем на 1700 злотых. А 16 ліпеня ў гродзенскай Румлёўцы маланка ўдарыла ў вайсковую кухню і забіла стральца Антонія Буйноўскага. Але гэта быў толькі пачатак доўгага шэрагу. Асабліва актыўнымі маланкі-забойцы сталі летам 1934 і летам 1935 гадоў.

У ліпені 1934 года гісторыя пра пярун у Заходняй Беларусі трапіла на старонкі галоўных польскіх газет. 9 ліпеня 1934 года маланка ўдарыла ў вежу касцёла Святога Андрэя ў Слоніме, выбіўшы каля сотні шыбаў, спаліўшы праводку і пашкодзіўшы бакавы алтар ды муры храма. Адна з жанчын, якая знаходзілася ў касцёле, атрымала кантузію. Але тады абышлося без чалавечых ахвяр.

14−19 ліпеня 1934 года над Гродзеншчынай пранеслася навальніца, якая забрала пяць чалавек.

Паказальны тут выпадак, які здарыўся 14 ліпеня 1934 года ў 14 гадзін у Караліне. Сям’я Аляксандра Дзітко прыбірала жыта з поля, калі раптоўна наляцела бура з бліскавіцамі і грымотамі. Пабеглі схавацца пад дрэва, але ўсе, акрамя гаспадара, вырашылі праз некалькі хвілін адысці адтуль. Магчыма, на тое паўплывалі дзеці, якія маглі даведацца ў школе, што нельга падчас маланкі хавацца пад адзінокімі дрэвамі. Яны разам з маці вырашылі лепш памокнуць пад дажджом. А вось Аляксандр Дзітко адмовіўся і ўжо праз хвіліну ўпаў мёртвым пад дрэвам, у якое трапіла маланка.

Чытайце таксама: Вольф Месінг і не толькі: якія астролагі і вешчуны дзейнічалі ў Гродне 100 гадоў таму

17 ліпеня 1934 года гродзенскія газеты паведамілі пра падвойную смерць ад маланкі ў вёсцы Салацце (гміна Парэчча). Тут, хаваючыся ад дажджу, два жыхары Ліхачоў Міхаіл Фёкла і Юльян Радзюк завіталі ў госці да Міхала Масюка. Але раптоўна ў хату ўдарыў пярун і забіў Масюка і Фёклу, а ў Радзюка паралізавала адну нагу. Хату ж з іншымі прыбудовамі ахапіў агонь, ды такі моцны, што нават не ўдалося ўратаваць каня, які згарэў жыўцом. Страт налічылі на 6000 злотых.

18 ліпеня 1934 года стала вядома пра вялікі пажар ад маланкі ў вёсцы Сухая Даліна (гміна Лаша), які знішчыў стадолу Станіслава Рагоўскага (страты на 2500 злотых), а яшчэ пярун тут забіў Вольгу Сільвонаву проста на вуліцы.

Пятай ахвярай перуноў у 1934 годзе на Гродзеншчыне стала Антаніна Эйсмант з Малых Эйсмантаў. Маланка трапіла ў яе хату, якую ахапіў агонь, і паклала жанчыну на месцы. Падчас той жа буры ў Галынцы ад перуна згарэў хлеў Тэадора Крука з трыма цялятамі (страты на 1000 злотых), а ў Калесніках — стадола Марыі Станкевіч (страты на 1366 злотых).

У 1935 годзе ўраджайным на смерці ад перуна стаў першы месяц лета. Так, 3 чэрвеня ў 17 гадзін на полі вёскі Гліняны каля Скідзеля 25-гадовы Міхал Невень не паспеў дабрацца да вёскі на сваім кані. Пярун паклаў на месцы і гаспадара, і яго жывёлу. А 4 чэрвеня ў 11.30 бура каля ваколіцы Талочкі (гміна Жытомля) заспела 28-гадовага Юзафа Гіпавіта. Ён таксама быў забіты перуном разам з канём. А ў Сухаўлянах пад Скідзелем ад перуна была знішчана стадола Яна Ватыля і забітае цяля, якое хавалася тут ад дажджу (страты 900 злотых).

5 чэрвеня маланка ўдарыла ў хату Марыі Рапейкі ў Лапенках (на той час вёска ў 3 км ад Гродна). У памяшканні ў гэты час знаходзілася 17-гадовая Ванда Рапейка, якая пацярпела ад удару. Яе здолелі вынесці з ахопленай агнём хаты, аднак прывесці ў прытомнасць дзяўчыну не атрымалася.

12 чэрвеня на шашы ў паўкіламетра ад вёскі Парэчча пярун забіў жыхара той жа вёскі 41-гадовага Люцыяна Лянкевіча, а ў Княжаводцах у Сільвестра Брыцкі была знішчана стадола (страта 300 злотых).

Чытайце таксама: Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Куды падзеліся перуны-забойцы

Пасля лета 1935 года колькасць смерцяў ад перуноў у ваколіцах Гродна паменшыла. Але анамальна высокая смертнасць ад маланак быццам бы перамясціліся на ўсход. Напрыклад, у верасні 1935 года тры чалавекі забіла перуном у асадзе Грунт і вёсцы Гарнастаевічы на Ваўкавышчыне. А пад Лідай, Навагрудкам і Баранавічамі перуны-забойцы асабліва заўважнымі сталі ў 1937 годзе.

Чаму так адбывалася? Магчыма, разгадка крыецца ў распаўсюджванні электрыфікацыі вёскі, якая адбывалася ў міжваенны час. Пры гэтым яшчэ людзі не разумелі небяспекі, якую яна нясе. А таксама вельмі слаба разумелі, што такое громаадвод, навошта ён патрэбны і як можа іх уратаваць.

Але чалавек хутка вучыцца на ўласных памылках. І больш такіх «ураджайных» на перуны гадоў у нас не здаралася.